Выбрать главу

Сербскі вук ведае навуку: у яго вострае вуха i чалавечы глузд.

Праславянскі вьлкъ валхвуе.

Беларускі воўк вые.

Камень

Камень пукаты, нібы яйка. Калі яйка (прынамсі, велікоднае) выпрабоўваюць на моц, яго прыстаўляюць да зубоў i стукацяць: к-к-к-к... Які гук, такая i моц.

Камень адразу аб'яўляе аб сваёй моцы, аб сваім мацакоўстве. Ягонае «к» перакананае i непранікальнае. Ён, зрэшты, увесь складаецца з «к», з суцэльнай шкарлупіны. Тая мяккасць, якая ўласцівая астатняй яго частцы, належыць не самому каменю, а асяродку, які яго атуляе i які для яго сапраўды мяккі.

У камені спіць імя абсалюту — аум, альбо, паводле іншай транскрыпцыі, амін.

Быццам нямы прарок, камень звяртаецца да таго, хто праходзіць міма, да чалавека, з адным i тым жа спрадвечным — сфінксавым — запытаннем: камо градзешы (куды ідзеш) ?

Калі чалавек спыняецца — ён камянее, а камень, у сваю чаргу, пераймае чалавечую іпастась: на ім пішуцца імя i лічбы.

Камень — камель часу: усё іншае ў параўнанні з ім зменлівае i нетрывалае. I кожны раз, калі жыццё распачынаецца нанова, яно распачынаецца не ab ovo (з яйка), а з каменя.

Серп

Сярпом спорваюць свірэпу, скрыпень, асот, аднак гэта не асноўная яго справа — усёй сваёю няпростасцю ён прыстасаваны, каб «спрагацца» з рэспектным, з божым — са збажыною: жытам, пшаніцай, просам.

Яго даймае сверб дзейнасці: ён i дярплівы, i руплівы, i не прыстане, пакуль не складзе ўсе сцябліны на дол, пакуль не спярэсціць снапамі ўсяе дзялянкі.

Яго кавалі мужчынскія рукі, а сябруе ён з рукамі жаночымі, нібы серафім, акрыляючы ix.

Серп страсны, серп востры, i таму «шчаперы», у якія ён захоплівае сцябліны, не ўтрымліваюць гэтых сцяблін, расцінаючыся яго вастрынёй i страснасцю: ён бярэ ўсё сабе, a пакідае ўсё перавяслу.

Каласы кажуць, што серп — смерць, што ён супраць ix, а зярняты — што серп справядлівы i што ён спрыяе ім зрабіцца аладкамі i праснакамі.

Тою ўладай, якая даецца яму на час жніва, серп усталёўвае на полі свой лад, сваю рэспубліку, у якой ён не res (рэч) i не servus (раб), а супер — спераду ўсіх, i прынцэпс — першы між роўных.

I хоць гэта рэспубліка існуе тольKi адзін прыпар, толькі адну пару, яна называецца па-ягонаму: жнівень, серпень.

*
Скача па сцежцы перад дзіцяцем нязграбны вялізны грак: не хочацца лётаць?
*
Што ўбачыў я ў горадзе іхнім за дзень — распытваюць гаспадары, быццам самі яны ўжо не могуць убачыць таго, што ў ім ёсць.
*
Сярод красамоўных кветак знямелы сівы палын: ён адзін чуе i разумее, што кажа лес.
*
Світае. Першай убачыла гэта зорка, што пагасіла сваё святло.
*
Стаю ў вялізнай чарзе. Перш, чым з апошняга стану першым, пабуду ўсёю чаргой.
*
Летні раптоўны дождж. Я прытуліўся да ніцай вярбіны — i мноства лістоў на мяне глядзела, нібы здзіваваныя вочы.
*
Нехта назваў уголас маё імя. Хвіліна — i зноў яно стала тым, чым было заўсёды: голасам цішыні.
*
Такія розныя людзі, дарогі, лёсы, а вось жа сышліся разам: чакальня на аўтавакзале.
*
Паслаў у прастору думку, апамятаўшыся — другую... Што робіцца зараз там, у абсягах вашых, думка-галубка i думка-крумкач?!.
Смага

Смага — «мага»: яна можа тое, чаго не могуць звычайныя станы, i там, дзе яны прызнаюць сваё паражэнне i згаджаюцца, што магіла магутнейшая за ўсіх i за ўсё, смага змагаецца i пасягае на перамогу.