Выбрать главу

Наваколле — супольная аўра, супольнае жыццяполе істотаў, рэчаў i з'яў, i пакуль яны супольнічаюць між сабою, яно не адступаецца ад ix; калі ж яны пачынаюць пасягаць на выключнасць i пакланяцца самім сабе, тады наваколле расколваецца на калейдаскопы кавалкаў i аскалёпкаў.

Па наваколлі паволі калываецца калымага.

У наваколле ўкалоньваецца кальварыя i Кальвін.

У наваколлі выспяваюць калівы «Калевалы».

*
Нехта надзвычай знаёмы — быццам світала ўваччу — набліжаўся насустрач. Ах, гэта проста жаночая прыгажосць.
*
Жывём пад высокімі дрэвамі — вышэйшыя за саміх сябе на вышыню дрэў.
*
Машыны глядзяць вачамі людзей, людзі — вачамі машын: ці знойдзем дарогу ў наступнасць?
*
Дождж напаіў зямлю — і вочы расплюшчыліся ў зямлі i ўбачылі неба.
*
Стары мураваны дом: становіцца ён з гадамі усё больш адметны, усё больш сапраўдны i ўсё больш жывы.
*
Дзівосныя рыбіны — уначы плаваем у бязмежжы, a ўдзень блукаем па сушы, шукаючы ў ёй рэшткі страчанага бязмежжа.
*
Паўрасталі ў зямлю замшэлыя камяні з незразумелымі літарамі: на зямлі нікога не засталося, хто змог бы ix прачытаць?!.
*
Спрачаюцца людзі ў чарзе, а ззаду, за ўсімі, стаіць самотнае неба i ўсім уступав сваю чаргу.
*
У апусцелых дрэвах пустое гняздо: мінула, пакуль яго ўбачыў, лета.
Продак

Продак — пярэдні ў родзе, прадродак: у ім шчасліва супадаюць значэнні папярэдніцтва i роду.

На продку трымаецца парадак у родзе: ён апора ўсім тым, хто служыць супольнаму дабру, i дакор — калі гэтае дабро аддаецца на продаж i мяняецца на дабрабыт.

На колькі крокаў, на колькі каленаў, на колькі спадкаемцаў павялічваецца род, на столькі крокаў, каленаў i спадкапераемцаў продак адсоўваецца ў даўніну, у цемру, у старажытнасць, быццам рухаецца разам з дрэвам — i процілегла руху самога дрэва — ва ўсё большую глыбіню карэнне гэтага дрэва.

Продак не разумны, а протаразумны, не відушчы, a протавідушчы: прадоўжаны ў бясконцую прастору прыроды, ён становіцца роўны багам і, прадбачачы ў дымнай імгле наступнасці сваіх далёкіх нашчадкаў, прадракае ім іхнюю долю i дорыць ім свой «прадракунак» — вонкавае i ўнутранае падабенства з самім сабою, дзякуючы якому яиы заўсёды будуць адрознівацца ад іншародцаў, ад іншапродцаў.

Хвіліна

Як за хваляй паўстае i прысутнічае ўсё мора, так за хвілінай паўстае i прысутнічае ўвесь час, i тое, што адбываецца ці здараецца ў хвіліне, адбываецца i здараецца ва ўсім часе.

Хвіліну немажліва ўгледзець, але на ўсім яна пакідае свае звіліны, свае ініцыялы.

Хвіліна ўяўляе, што яна вольная ад усіх з'яў i рэчаў, але як толькі яна намерваецца гэта давесці ім самім, яна пераконваецца, што яна з імі звіта i знітавана, што яна іхняя.

Хвіліна — «хіліна»: яна, як Ахіл, валодае боскай моцай, але таму, што яна выхілена з гэтай моцы, яна, як Ахіл, гэтаксама i хілая i таму хіліцца ў заняпад.

Хвіліна можа доўжыцца не болей імгнення, а можа займаць доўгія гады, i калі наракаюць на час, што ён ліхі, гэта, па сутнасці, наракаюць на хвіліну, i калі хваляць час, што ён добры, што файны, гэта хваляць яе — хвіліну.

Твань

Твань — «двань»: у ёй змяшаны, знітаваны, не разатнуты на дзве паставы, на два «ставы» вада i зямля, світанне i змярканне, i боскае дыханне яшчэ не дакранулася да яе.