Выбрать главу

Твань процілеглая зямлі: на яе нельга абаперціся, але процілеглая i вадзе: па ёй нельга плысці.

Калі асяродак зямлі сярод вады — выспа, то твань — выспа, вывернутая на левы бок, антывыспа.

У ёй жывуць «левыя» істоты: чэрці, балацянікі, дрыгвенікі, тваневікі.

I сама твань — істота, у якой нават не «вынатаваны», не выяўлены ні рукі, ні ногі, ні галава, ні тулава.

Твані латва выпільноўваць, захопліваць i паглынаць усё, што прытульваецца да яе, бо ўся яна адначасова i рукі, i ногі, i галава, i тулава.

Абрус

Абрус засцілаецца на стол — на брус, аблягае яго, надае яму іншы, чым ён меў дагэтуль, статус — святочны, убраністы.

Ён своесаблівы абраз, які далучае прысутных да не абы-якой справы — да стравы, да вячэры, да трапезы, асвячаючы i баслаўляючы яе.

Абрус палатняны, ільняны, русы, бела-русы з вішнёвымі, малінавымі ці бруснічнымі ягадамі чырвані — i ўсіх тых, што сядзяць вакол яго, па яго абрысе, па яго беразе, ён абручае сабой, асяброўвае, i ўсіх надзяляе шчаслівай магчымасцю брадь сабе не толькі ежу, не толькі прысмакі, але разам з імі самую ягоную добразычлівасць.

У адрозненне ад торбы i скрыні, абрус нічога не ўтойвае, нічога не пакідае на чорны дзень, ён адлюстроўвае i «правобразіць» той белы i русы дзень, тое вялікае свята, калі ўся зямля засцелецца абрусам прыязнасці i сяброўства i ўсе людзі — Петрусі, Габрусі, Карусі i Марусі,— адхінуўшы брустверы i землятрусы, хаўрусы i бурсы, нанава сустрэнуцца i пазнаёмяцда паміж сабой.

Калода

Калода няўклюдная, але гэтая няўклюднасць укладваецца ў яе, нібы яе код, i калі склюд, долата i сякера, намерваючыся надаць калодзе людскі выгляд, бяруцца згладжваць i злагоджваць яе няўклюднасць, калода «раскалоджваецца», пераўладкоўваецца ў нешта адрознае ад сябе — у кадаўб, карыта, а то i ў лодку.

Калода не памятае, адкуль яна i куды: яна ляжыць, уладзіўшыся ў калдобіне, якую сама сабе выбіла ў доле паводле сваёй вагі i свайго аб'ёму, i слухае, як яе бэсціць i лае кудлаты бадзяга-вецер: калода — лайдак, што адно толькі вылежвае бакі, калода — кладка, па якой ніколі ніхто не ходзіць, калода — клад, з якога няма чаго ўзяць,— i, быццам калоідам, поўніцца горкаю думкаю аб сабе.

Аднак над ёю кружацца пчолы, упрошваючы, каб яна згадзілася стаць для ix котлішчам, аднак да яе падступаецца глыбіня, даводзячы, што без калоды не можа быць i калодзежа, аднак яе абсядаюць кодлам, нібы яны калядуюць, грыбы-апенькі, i залацістагаловы певень у апошнія вокамгненні свайго жыцця, як да самай роднай істоты, прытуляецца да калоды.

Дрэва

Чалавек жыве ў хаце, дрэва жыве на сваім водрубе, але іхнія лёсы пароднены i паяднаны жыцці.

I калі жыццё аднаго адрываецца ад жыцця другога, то аднаму робіцца няўтульна i дрэнна, а другога падточвае верад: няўжо я жыву проста так, ні для кога, дарэмна?

Дрэва ўсяго сябе аддае ў дарунак: калі яно цвіце — разлівае водар, калі зелянее — хавае ад спёкі, а потым, у верасні, i самую лістоту, якой яно ахіналася ў траўні, паволі раскідвае па наваколлі.

З дрэва — плады, з дрэва — дровы, але, можа, самае дарагое, што дрэва дае чалавеку, гэта сам — бескарыслівы i самаахвярны — спосаб давания: у ім — святло, у ім — хараство, у ім — здароўе.

Чалавек ва ўсім давярае дрэву, а дрэва, што б ні здаралася з ім, усё дароўвае чалавеку.

Яно яго павадыр: яно ідзе ca старажытнасці, з «дрэўнасці», i вядзе чалавека не ў пространь, дзе гаспадараць дарвінаўскія дэрываты, a ў праўду.

I нават калі чалавек памірае, дрэва становіцца тым чаўном, у якім — разам з ім — ён выпраўляецца ў незваротнае вандраванне.

Весніцы

Весніцы — вес(т)ніцы: яны падаюць сенцам i хаце вестку аб тым, хто ідзе, хто неўзабаве «ўвесьціцца» — аб'явіцца ўвесь.

Сярод паважных i нетаропкіх варотаў i брамаў весніцы лёгкія, весніцы спеўныя, быццам сініцы сярод галубоў i галак.

Прымацаваныя да плота, весніцы вісяць, чакаючы, калі ix крануць чыесьці зацікаўленыя рукі, калі яны змогуць весці.

З усімі порамі года весніцы маюць цесныя зносіны, але з вясной — найцяснейшыя: i хоць весніцы панявечыліся ад ветру, збуцвелі ад слаты, спарахнелі ад зрухаў часу,] ім сніцца заўсёды адзін незабыўны той самы сон, што яны з вясною — вечныя равесніцы.

*
Імжа на дварэ. Нібы дзеці, якіх не пусцілі гуляць, да акна прытуліліся памідоры.
*
Сярод зялёных кустоў язміну i бэзу зялёная лаўка. Якой яна стане самотнай, калі ападуць лісты!