Выбрать главу

«А баяцца, што пад уплывам алькаголю скажу нешта лiшняе, — няма чаго!.. Чаго-ж мне палохацца, калi я маю чыстае сумленьне? Toe, што я казаў сёньня, скажу й заўтра, i заўсёды, бо мае дачыненьне да Саветаў яснае, зусiм выразнае i — нязьменнае…»

х х х

Матка спаткала сына неспакойнымi вачыма.

— Ну, што-ж гэтак доўга?.. Я так баялася… Думала, што ня вернешся…

— Хэ, хэ… Чаму?

— Ну, кажы, чаго хацелi? Аб чым пыталiся?

Хаця Попутчiк, выходзячы з хаты, не казаў, куды iдзе, матка — старая савецкая грамадзянка, ведала, што значаць гэткiя запросiны на прыяцельскую гутарку.

Дык праз увесь час дрыжэла, што сына арыштуюць.

— Кажы, нарэшце, чаго яны хацелi?

— Э, глупства… Ня турбуйцеся… Вось так… пагутарылi сабе крыху… Нiчога важнага…

— Але ўсё-ткi што? Што? — дапытвалася мацi.

— Дык-жа кажу, што нiчога важнага… Калi-б было нешта паважнае, дык я сказаў-бы.

— А, разумею! яны забаранiлi табе расказваць… О, Божухна мой, Божа!..

х х х

У гэтую ноч мацi i сын спалi неспакойным сном.

«Товарищеская чашка чаю»

На другi дзень Попутчiк быў у прызначаным месцы, чакаючы тав. Карытава.

Роўна а 8-й гадзiне ўвечары прыйшоў Карытаў у даўгой чырвонаармейскай шынэлi, выглядам сваiм нiчым ня розьнячыся ад iншых вайсковых, якiя прыходзiлi да сталоўкi № 1.

(Даўней, перад рэвалюцыяй гэта быў рэстаран Фрыца пад Маскоўскай гасьцiнiцай. Калiсьцi гэта быў першарадны рэстаран, цяпер брудная савецкая сталоўка з падлогай, пасыпанай апiлкамi.)

Карытаў не падыйшоў да столiка Попутчiка, але кiўнуў яму галавой, каб iшоў.

Попутчiк устаў i пайшоў за Карытавым.

Iшлi нядоўга. З Савецкай вулiцы павярнулi ў нейкi завулачак, пасьля iшлi па нейкай слаба асьветленай вулiцы, урэшце затрымалiся перад брамкай, што вяла ў садок, у глыбi якога стаяў аднапаверхавы дом.

Дом быў новы. Калiдор, пачынаючыся ад уваходных дзьвярэй, меў з абодвух бакоў дзьверы, якiя вялi ў малыя паасобныя кватэры.

Гэта было «общежитие» супрацоўнiкаў ГПУ.

Тут жылi й iхныя вяльможы.

Карытаў адчынiў дзьверы да аднэй з кватэр.

Усяго з мэбляў было тут толькi: отамана, стол i крэслы. Апрача гэтага, у рагу пакою стаяў фортэп'ян, на якiм былi расстаўленыя закуска i выпiўка, прыгатаваныя дзеля «товарищеской чашки чаю». Побач савецкае манаполькi стаялi тут бутэлькi з крымскiм вiном, на талерках — халодная закуска: розныя рыбы, кансэрвы, мяса, iкра…

Карытаў узяў палiто Попутчiка, каб павесiць у суседнiм пакоi.

— Ах, ня турбуйцеся, таварыш, я сам… — i з гэтымi словамi Попутчiк прашмыгнуў у другi пакой, дзе пры ручной швэйнай машыне сядзела нейкая маладая жанчына.

Дзеля таго, што Карытаў не сьпяшаўся, каб пазнаёмiць госьця з дамай, Попутчiк галянтна пакланiўся перад незнаёмай, сказаў сваё прозьвiшча i пацалаваў ручку.

Вярнулiся ў першы пакой. Гепiстка засталася на сваiм месцы.

Гутарка ня клеiлася. Добра, што пачалi ўжо зьбiрацца госьцi, старыя знаёмыя — Гродзiс, Гендзiн, пасьля зьявiўся нейкi пануры тып, у якога ўвесь твар быў пакалечаны воспай. Усе тытулавалi яго «товарищ прокурор».

Ня было яшчэ толькi Апанскага.

— Ня будзем яго чакаць. Ён прыйдзе пазьней, мае шмат работы, — сказаў Гродзiс.

Селi за стол, куды перакачавалi з фортэп'яну настаўленыя там закускi i бутэлькi.

Ужо пасьля першай чаркi запанаваў цёплы прыяцельскi настрой. Пасьля другой Попутчiку захацелася… сказаць тост.

— Таварышы! — клiкнуў, устаўшы з чаркай у руцэ. — Калi, прыехаўшы ў Менск, на другi дзень ранiцой я глянуў праз вакно… Я пабачыў ехаўшыя на вулiцы вазы з цэглай… Цэглай! Таварышы!.. Гэта сымбалiчна! Гэта надзвычайна!.. Цэгла — таварышы!.. Цэгла — гэта будаўляны матар'ял, з цэглы будуюцца новыя дамы… I ў гэтую часiну, як нiколi дасюль, я ўцямiў, я адчуў ува ўсёй глыбiнi, куды я прыехаў… Я прыехаў у краiну Вялiкага Будаўнiцтва! У краiну, дзе iдзець ломка старых формаў жыцьця, каб на iхных руiнах пабудаваць новы лад, лад справядлiвы, дзе няма эксплёатацыi працоўных… Таварышы! Я п'ю гэтую чарку за савецкае будаўнiцтва!

х х х

Гродзiс пiў шмат i запрашаў гасьця апаражняць чаркi. Менш пiў Гендзiн. Карытаў не аставаўся ад Гродзiса. Таварыш пракурор зусiм ня пiў i нiчога не казаў. Толькi глядзеў панура на стол, кiдаючы ад часу да часу свой цяжкi погляд на Попутчiка.

Маладая жанчына ўвесь час заставалася ў сваiм пакойчыку, не праяўляючы нiякага знаку жыцьця.

Ня было таксама чуваць, каб працавала швэйная машына.

Пасьля прыйшоў i Апанскi. Спазьнiўшыся, ён налiў сабе адразу цэлую шклянку гарэлкi, выпiў яе адным махам i закусiў iкрой.