Выбрать главу

Галоўнай асобай гэтага вечара быў госьць, Попутчiк. Ён найбольш гаварыў, яго найбольш ахвоча слухалi, яму налiвалi чарку, падавалi закуску. А ён, пад уплывам сымпатычнай атмасфэры, якая вытварылася сярод новых ягоных прыяцеляў, расказваў. Казаў аб тым, якi ён шчасьлiвы, што ўрэшце прыехаў у БССР, як яму было «душна» ў капiталiстычнай дзяржаве, казаў аб сваiх лiтаратурных канцэпцыях, аб спадзяваным прыезьдзе жонкi з дзяцьмi, якiх хацеў узгадаваць у духу савецкiм…

Попутчiк (дый нiхто, мусiць, з беларусаў) ня ведаў, што гэтай сучаснасьцi, якой ён гэтак захоплiваўся, днi ўжо зьлiчаныя, што ўсе гэтыя «дасягненьнi», уся гэтая беларусiзацыя ўжо нядоўгавечныя. Што пройдзе ня шмат часу i зьменiцца курс. Пачнуцца «нацдэмаўскiя» працэсы. Людзi на найвышэйшых становiшчах скончаць сваё жыцьцё самагубствам або будуць расстрэлены ў ГПУ. Што вось за гэтую работу, якая цяпер карыстаецца багаславенствам згары i ўсялякiмi грашовымi ды iншымi падтрыманьнямi, гэтыя людзi будуць абвiнавачаны ў «искривлении» нацыянальнай палiтыкi, «уклоне», у контррэвалюцыi, лучэньнi з дэфэнзывай, фашызьме, шпiянажы, збройным паўстаньнi i няма ведама яшчэ ў чым — i, хто не разьвiтаецца са сваiм жыцьцём, як Iгнатоўскi i Чарвякоў, — паедуць на Салоўкi, Туркестан, Нарым — у концэнтрацыйныя лягеры, а хто й шмат блiжэй: грузавiком у Камароўскi лес, дзе атрымае за сваю савецкую лёяльнасьць заплату з нагану.

Попутчiк ня ведаў гэтага.

I, знакам тым, ня ведаў, што дэманструючы сваю беларускасьць i жаданьне працаваць на карысць беларускай культуры ды захоплiваючыся дасюляшнiмi дасягненьнямi, — ён падпiсваў ужо свой прысуд.

А гепiстым усе было ясна, яны ўжо ўсё ведалi.

х х х

Ня гледзячы на ветлую прынуку, госьць пiў вельмi мала.

А ўсё-ткi… не памятаў, як i калi разьвiтаўся з мiлымi гаспадарамi. Ня ведаў, што Карытаў адвёз яго на звошчыку дахаты i давёў да дзьвярэй.

А калi на другi дзень прачнуўся з шалёным болем галавы, раздумваў.

«Не разумею, як гэта здарылася. Дык-жа я ня шмат выпiў. Гэта хiба савецкая гарэлка такая паскудная… Ну, але самае важнае, што жыву… Вось i жыву! А кажуць, што Тэрэшчанку атруцiлi…[4] Ерунда! Мусiць, меў хворае сэрца… Ну, але-ж гэта iхная гарэлка!.. Хай яе!.. Ня думаў, што яна гэтак чалавека разьбiвае…»

Попутчiк ня ведаў, што гарэлка тут не вiнавата.

Таварышы «работают»

Дзеля таго, што дакучаў яму страшэнны Katzen-jammer, Попутчiк устаў даволi позна. Калi, памыўшыся i выпiўшы шмат халоднай вады, выйшаў з хаты iзноў, як штодня, спаткаўся на ганку з вядомымi ўжо яму незнаёмымi тыпамi. Сядзелi на ўсходачках пад ганкам, чакаючы цярплiва на Попутчiка.

— Дзень добры, таварышы! — прывiтаўся з iмi, як са знаёмымi.

— Добры дзень.

— «Работаете», товарищи?

— Хэ, хэ, работаем, товарищ! — адказалi, канфузьлiва ўсьмiхаючыся.

Наагул, далейшая кансьпiрацыя, далейшае «валяньне дурака», ня мела ўжо сэнсу. Шпiёны добра ведалi, што iхная ахвяра пазнаець iх i далей вялi сваю работу ўжо адкрыта, не хаваючыся.

Попутчiк пайшоў Вясёлай вулiцаю ў кiрунку да цэнтра гораду, а таварышы шпiёны ў нязначнай адлежнасьцi назiркам за iм.

Попутчiк iшоў i лаяўся:

— На якога чорта гэтыя гады пруцца за мной?!. Там учора былi гэткiя прыемныя, гэткiя мiлыя людзi… здаецца, што нават пiлi на брудэршафт, а тут… маеш табе!.. iзноў гэтыя два лезуць за мной, як ценi… Што за чорт!.. Нiчога не разумею… Трэба хiба пайсьцi пагаварыць аб гэтым з Iгнатоўскiм[5].

Памыляўся, думаючы, што Iгнатоўскi спаткае яго з адкрытымi рукамi. Старшыня Iнбелкульту[6] прыняў цяпер Попутчiка халодна, як звычайнага нуднага iнтэрэсанта. Попутчiк пачаў жалiцца:

— Што за чартаўня, таварыш! Дык-жа я прыехаў легальна, атрымаўшы савецкую вiзу… Дык-жа «Грамада» мяне добра ведае, могуць за мяне паручыцца… А за мной усьцяж ходзяць. Двох ходзiць… Сяньня выходжу з хаты — ужо сядзяць на ганку i чакаюць… У чым справа? Дзеля чаго гэта? Ажно злосьць бярэ! Парайце мне, што рабiць?

— Цi вы ўжо былi… там… ну, у ГПУ? — спытаўся Iгнатоўскi, паглядаючы пiльна праз акуляры на Попутчiка.

— Але… нядаўна… — адказаў зьдзiўлены Попутчiк.

Няўжо-ж усе, якiя прыяжджаюць у гэтую краiну свабоды, павiнны прайсьцi праз вагонь допытаў ГПУ!

— Ну i што?.. — пытаўся далей старшыня Iнбелкульту.

Памятаючы аб засьцярозе: «совершенно секретно», Попутчiк абмежаваўся толькi агульнымi словамi, ня кажучы таксама нiчога аб учарашняй «товарищеской чашке чаю».

— Нiчога… Усё добра… Я iм усё расказаў…

— Ну? I як да вас паставiлiся?

— Надта добра… Прынялi мяне вельмi добра.

вернуться

4

Тэрэшчанка Кузьма — вядомы дзеяч беларускага нацыянальнага руху. У 1922 годзе пераехаў з Заходняй Беларусi ў БССР. У тым жа годзе пры нявысветленых абставiнах памёр. — заўвага ўкладальнiкаў.

вернуться

5

Застрэлiўся у 1931 г., каб ня трапiць у падвалы ГПУ.

вернуться

6

Iнбелкульт — Iнстытут Беларускае культуры — папярэднiк Акадэмii навук.