Я пачаў дамагацца, каб мяне паклiкалi «наверх» дзеля высьвятленьня таго, што сталася. Да Апанскага я не хацеў iсьцi. Гэтая ягоная вечная iранiчная ўсьмешка не прарочыла нiчога добрага. Але я мог даверыцца Гродзiсу. Гэты таўстапузiк з добрым вясёлым тварам быў такi сымпатычны! Гэй! Здаецца, што на гэтым памятным банкеце я пiў з iм на брудэршафт… Ну, ведама, ня буду казаць яму «ты»… Тады — гэта быў такi мiмалётны настрой… Буду казаць «вы», «таварыш»…
Я стукаў кулаком у дзьверы, каб выклiкаць дзяжурнага чырвонаармейца.
— Чаго стукаеш? — быу адказ. — Усе заявы толькi на паверцы ўвечары.
Трэба, значыцца, чакаць, а час так памалу цягнецца! Асаблiва ў першыя вастрожныя днi.
Прынесьлi мне ў алюмiневай мiсе чай i кусок цукру. Я прагавiта пiў гэту цёплую жыжку.
Я курыў папяросу па папяросе — i са страхам пабачыў, што ўжо засталося толькi пяць штук! Што будзе, як застануся бяз курыва! Тады ўжо, хiба сапраўды здурэю…
Пачало ўжо зьмяркацца. Пад стольлю заясьнела слабым сьвятлом электрычная лямпачка. Пры гэтым сьвятле мае памяшканьне выглядала яшчэ больш гадка.
Бр-р! Сьцюдзёна! Пачалася мяцелiца. З надворку праз пабiтае вакно ляжыць немалая куча сьнежнага пуху.
I нямаведама, што было цяжэй перажываць: цi ўсе гэтыя фiзычныя нястачы, цi жах маральных мукаў?..
Нарэшце так прагавiта чаканая паверка.
Недзе ў калiдоры грымелi замкi, чуваць былi цяжкiя крокi салдацкiх ботаў, скрыгаталi ключы, стукалi дзьвярыма, даляталi да мяне нейкiя нявыразныя галасы…
Наблiжалiся да мае камары.
Нарэшце дзьверы адчынiлiся…
— А, гэта ён?..
— Але, гэты новы.
— Калi прывялi?
— Сяньня ранiцой.
А пасьля, зварачаючыся да мяне:
— Заявления какие есть?
— Калi ласка, таварыш… Я ня ведаю, таварыш, за што мяне пасадзiлi… Тут страшэнна холадна… немагчыма… Сьнег, вецер праз вакно…
— Ну ничего!.. Праз пару дзён перавядзём вас у iншую камару… Хэ, хэ! Не падабаецца ў нас?
— Я, таварыш, хачу бачыцца… Гэта немагчыма… Гэта нейкае непаразуменьне… Я хачу высьвятлiць… Дык-жа гэта няўзмогу!
— З кiм хочаце бачыцца, гражданiн?
— Я прашу выклiкаць мяне да таварыша Гродзiса.
— Да Гродзiса?! — чэкiсты зьдзiваваўся, пачуўшы прозьвiшча аднаго з вяльможаў. — Ну, добра… мы яму даложым…
Дзьверы зачынiлiся.
Iзноў я застаўся са сваймi цяжкiмi думкамi — гэтымi непажаданымi таварышамi мае адзiноты.
О, каб можна было ня думаць!..
Як ён сказаў?.. «Праз пару дзён перавядзём…» Значыцца не на волю, а толькi ў iншую камару!.. Дый шчэ трэба сядзець у гэтай сьцюдзёнай нары пару дзён!.. Але-ж заўтра я пабачуся з Гродзiсам!.. Там усё высьвятлiцца…
Я адкрыў пушачку з папяросамi. Ужо засталiся толькi дзьве. Трэба ашчаджаць. Не! Цяпер ня буду курыць!
Пяцьдзесят разоў з кута ў кут, туды й назад — i тады толькi дазволю сабе на гэтую прыемнасьць…
А апошняя — застаецца на заўтрашнюю ранiцу.
Ра-а-аз…
Два-а-а…
Тры-ы-ы…
На другi дзень
На другi дзень, калi я, замёрзшы, нявыспаўшыся i без папярос, сядзеў з роспаччу ў душы на сваiх нарах, раптам дзьверы адчынiлiся.
— Пожалуйте наверх!
Павялi мяне па нейкiх няведамых мне ўсходах, калiдорах. Мяне абвеяла цяплом канцылярскiх пакояў.
Чырвонаармеец пастукаў у дзьверы.
Я апынуўся ў прасторным, добра мэбляваным габiнэце Гродзiса. Я падыйшоў да яго, як да чалавека, ад якога чакаеш вызваленьня з цяжкой прыгоды.
Гродзiс стаяў за сваiм стадом, трымаючы рукi ў кiшэнях.
— В чём дело?
— Таварыш!.. Я да вас, таварыш!.. Што здарылася? На што мяне арыштавалi? Дык-жа-ж ужо ўсё было высьвятлена…
— Перш-на-перш, — засычэў Гродзiс, — я для вас гражданiн, не таварыш. Гусь свинье не товарищ. А па-другое, у чым рэч?.. Толькi каротка, бо я ня маю часу.
— За што мяне арыштавалi?
— Як за што? Ха-ха-ха! Вось дык пытаньне! А старыя грахi адпакутваць ня трэба?.. Ды што тут шмат казаць! Як вас паклiчуць на допыт, там пагаворыце… А цяпер — марш у камару!
— Але-ж, таварыш!.. выбачайце!.. Грамадзянiн!.. Цi доўга я буду сядзець у гэтай халоднай камары? Гэта-ж немагчыма!..
— Што? Нядобра? — засьмяяўся iранiчна чырвоны вяльможа, гэтаксама, як учорашнi чэкiсты на паверцы. — Ну, добра. Заўтра вас перавядуць у iншую камару… Ну, i марш з iм! — кiнуў каманду чырвонаармейцу, што стаяў пры дзьверах.
Мой таварыш
Гродзiс датрымаў слова.
На другi дзень пасьля гэтае гутаркi мяне перавялi ў iншую камару, дзе была падлога з дошчак, цэлыя вокны, дзе, апрача нараў, стаяў стол i два ўслончыкi. Тут было цёпла. Калёрыфэры цэнтральнага аграваньня былi такiя гарачыя, што на iх можна было сушыць сухары.