— Сяньня панядзелак, — адказаў ён.
— Ну дык што? Такi самы дзень, як iншыя.
— Сяньня панядзелак… Ужо два тыднi, як нiкога не ўзялi… Думаю, што сяньня…
— Куды?
Ён глянуў на мяне працяжна й адказаў:
— На Камароўку.
— Што гэта: Камароўка?
— Лес. У Камароўскiм лесе расстрэльваюць. Цi-ж ня ведаеце?
Я нiчога ня ведаў. Цяпер толькi даведаўся…
У нядзелю звычайна вяртаўся кур'ер з Масквы з прысудамi калегii ОГПУ, а ў панядзелак пачыналiся расстрэлы.
Зьмяркалася. Ужо хутка запаляць электрыку.
Але яшчэ вiдаць. Можна распачаць новую партыю шахматаў.
Раптам мой партнёр сарваўся з месца i пачаў нэрвова хадзiць па камары.
— Чаго вы?.. — пытаюся.
— Цiха…
— Чаму?..
— Няўжо ня чуеце?
На падворку гудзеў матор аўтамабiля-грузавiка. Мой таварыш кiнуўся да дзьвярэй i, прытулiўшыся да iх, пачаў прыслухоўвацца. Я з дзiвам глядзеў на ўсё гэта, не адчуваючы трагэдыi, якая ў той час разыгрывалася ў падвале ГПУ, а ў душы майго таварыша асаблiва. Раптам ён адскочыў ад дзьвярэй i кiнуўся да вакна.
— Бяруць… — прахрыпеў.
Перад нашым вакном хутка мiгнулi нейкiя сьценi. Было чуваць, як ад'яжджаў аўтамабiль. Я глянуў на свайго камрата. Стаяў ён непарушна каля вакна, а сьлёзы капалi з вачэй.
У гэты вечар павезьлi на Камароўку двох зраджаных iм ягоных таварышоў.
Аднаго прозьвiшча — Iвашка. Другога — не памятаю.
Юдава работа
Хаця справа майго вастрожнага камрата ўжо была закончана i ўжо яму не заставалася нiчога iншага, як адседжваць свой тэрмiн або чакаць магчымасьцi расстрэлу, час ад часу клiкалi яго наверх, дзе былi канцылярыi сьледчых. Як ён вяртаўся, я часта чуў ад яго пах гарэлкi. Ён расказваў мне, што клiкалi яго ў справе перасылкi лiстоў ягонай жонцы, якая засталася за гранiцай i да г. п. казкi. Тады я верыў гэтым гутаркам. Цяпер, багаты дасьведчаньнем, якое мне далi сем год вастрожнага жыцьця, ведаю, з якой мэтай клiкалi яго туды «наверх». Ён там даваў справаздачу з таго, аб чым я казаў i што я рабiў. Даведзены тэрорам да поўнага маральнага заняпаду, ён далей iшоў дарогаю зрады, думаючы, што гэткiм чынам выратуецца ад сьмерцi…
Наша камара мела сваю гiсторыю. Казалi, што ў ёй прабыў два днi пасьля свайго арышту Савiнкаў. Тут сядзеў ксёндз Усас, якога пасьля абмянялi ў Польшчу, ды iншыя «славутасьцi». Запраўды, нашая камара была аднэй iз лепшых. З вакна было вiдаць падворак. Дзякуючы гэтаму мы часам маглi бачыць вязьняў з iншых камар, калi iх выводзiлi «на прагулку».
Першыя допыты
Гэтак прайшло два тыднi.
Я сядзеў у двох з латвiйскiм афiцэрам, гутарылi, сушылi сухары на трубах калёрыфэра, гулялi ў шахматы.
Дзень да дня падобныя, як дзьве каплi вады…
Чырвонаармеец адчынiў дзьверы i клiкнуў:
— Аляхновiч! На дапрос!
Ужо было каля поўначы. Я гэтага не спадзяваўся. Я шчэ ня думаў, што допыты вязьняў бываюць толькi ўночы.
Я схапiў каўнерык. Шпiнка не хацела папасьцi ў дзiрачку, рукi дрыжэлi, а салдат падганяў:
— Ня трэба!.. Хутчэй!.. Пробкой вылетай!
Пайшлi.
Iшоў я з добрай надзеяй. Нарэшце буду магчы шчыра пагаварыць. Скажу ўсё. Дык-жа я ня маю чаго хаваць. Ну, i ведама, выслухаўшы мяне, зараз звольняць, ну калi ня зараз, дык заўтра, дык за колькi дзён пасьля выкананьня ўсiх зьвязаных з гэтым канцылярскiх фармальнасьцяў.
А што, калi?..
Пры стале сядзеў брунэт мангольскага тыпу, прыглядаючыся да мяне ўважна.
Я затрымаўся на сярэдзiне пакою, чакаючы, што далей.
Даволi доўга трывала гэтая прыкрая маўчанка, у часе якой «уполномоченный» сьвiдраваў мяне сваймi вачыма.
Нарэшце я пачуў:
— Ну, сядайце, грамадзянiн Аляхновiч!
Ды йзноў даўгая паўза, у часе якой брунэт ня спушчаў з мяне вачэй.
Гэта надта мучыла. Каб адарваць на часiну свой пагляд ад гэтага чалавека, я пачаў поркацца ў кiшанi, выцягваючы насатку.
Брунэт таксама палез у сваю кiшаню i выцягнуў адтуль наган, якiм, паклаўшы яго на стале, пачаў забаўляцца. Нарэшце пачаў:
— Н-у-у-у, расказвайце нешта, грамадзянiн Аляхновiч! Што-ж мы гэтак сядзiмо й толькi глядзiмо адзiн на аднаго. Я хацеў-бы з вамi шчыра пагутарыць.
— Калi ласка. I я таксама.
— Ну, дык расказвайце аб сваей «Беларускай Радзе».
— Што расказваць?
— Усё.
— Ня ведаю, што вас спэцыяльна цiкавiць.
— А я вам вось што скажу, грамадзянiн Аляхновiч! Перад вамi сядзiць стары рэвалюцыянэр i дасьведчаны чэкiсты. Але ня думайце толькi, што я хачу вашае загубы. Наадварот. Я хачу дапамагчы вам. Але памятайце адно: трэба быць зусiм шчырым, адкрытым. Давайце пагаворым па-таварыску, бяз нiякiх утойваньняў. Ад вас залежыць ваш лёс…