Зрабiлася… невясёла.
— Слухайце, — пытаюся ў свайго дасьведчанага таварыша, — як гэта там будзе? Будзе суд, цi што?
— Якi там суд! Вас судзiць ня будуць. «Уполномоченный», гэты самы ваш Пятроў, а ад яго найбольш залежыць ваш лёс, напiша свае «заключение», справу пашлюць у Маскву, i там калегiя ГПУ скажа свой прысуд.
— Як так? Ня бачыўшы мяне, не пытаючыся, засудзяць мяне… можа на расстрэл?
— Але. На падставе выснаваў Пятрова.
— О, Божа мой! Значыцца, я ў ягоных руках… А я так сяньня раззлаваў яго! I на якое лiха я выскачыў з гэтай «прафэсiянальнай хваробай»!.
Заскрыгатаў ключ у дзьверах.
Гэта чырвонаармеец кiнуў у камару газэту «Савецкая Беларусь».
Нам было дазволена чытаць газэты.
Заняты сваймi думкамi, без асаблiвай цiкавасьцi я ўзяў у рукi газэту, як раптам астаўпеў.
На першай бачыне вялiкiмi лiтарамi было надрукавана:
Вось табе раз! Рукi дрыжаць. Не чытаю, а глытаю словы… Тарашкевiча арыштавалi! Рака арыштавалi! І таго, i другога, i трэйцяга — усiх, на каго я спадзяваўся, усiх, хто мог-бы за мяне заступiцца, паручыцца, вызвалiць. Усе мае прыяцелi ў вастрозе, няма нiякае магчымасьцi паведамiць iх аб маiм няшчасьцi, ды й нiчога гэта не памагло-б, бо яны таксама папалi ў бяду…
Цяпер толькi адзiная надзея на Ульянава.
Апанасiк
У вапошнiм сваiм лiсьце да жонкi я пiсаў, каб яна лiквiдавала кватэру i прыяжджала да мяне. Што будзе, калi яна ўжо выехала!
Калi выводзiлi «на прагулку» жанчын, я неспакойна кiдаўся да вакна, паглядаючы, цi сярод арыштаваных не пабачу жонкi свае з дзеткамi. Я меў падставы гэтага баяцца. У «сацыялiстычнай дзяржаве» ня важна, цi хто мае за сабой нейкую вiну; важна тое, што ён радня iншага арыштаванага.
Аднак днi плылi шчасьлiва.
Раптам адзiн раз уначы я пачуў на калiдоры жаночы крык i плач дзяцей. «Ужо», — падумаў я. I нецярплiва чакаў заўтрашняй жаноцкай «прагулкi».
— Ужо iдуць! — клiкнуў мяне мой камрат, якi стаяў ля вакна.
Я кiнуўся да вакна i, ня гледзячы на тое, што магу зьвярнуць на сябе ўвагу вартавога, прытулiўся да ваконных кратаў…
I ўздыхнуў з палёгкай: жонкi мае там яшчэ ня было. Тая жанчына, што крычала ўначы на калiдоры, была нейкая вясковая кабецiна, мусiць, з пагранiчча. Мужа, мабыць, арыштавалi раней, цяпер сьледам за iм — жонку з дзецьмi.
Самае малодшае ня мела яшчэ двох год. Гэта быў хлопчык.
Уважаючы маладога «праступнiка» не асаблiва небясьпечным, яму дазволiлi бегаць у калiдоры. Клiкалi яго Апанас. Памятаю, адзiн раз, як адчынiлiся дзьверы мае камары, я ўбачыў перад дзьвярыма дзiцячыя вочы, якiя паглядалi з цiкавасцяй на мяне. Я ўзяў на рукi маладога таварыша-вязьня i, прытулiўшы дзiця да сябе, у глыбiнi душы цешыўся ў сваiм бацькаўскiм эгаiзьме, што гэта ня мой Казюк праводзiць свае дзiцячыя гады на вастрожным хлебе, але чужы для мяне, бедны Апанасiк…
Матчына роспач
Мацi мая, хаця ня мела ад мяне лiстоў, была спакойна.
Думала, што я жыву ў Вiцебску i, маючы шмат працы, ня маю часу на лiставаньне.
Дык калi атрымала мой кароткi вастрожны лiст, упала ў роспач. Старалася разабраць замазаны Пятровам працяг лiста, але нiчога ня выйшла. Гэтая чорная пятроўская замазка на лiсьце яшчэ болей узмагала яе неспакой.
I пачалося абiваньне парогаў розных савецкiх установаў — то сюды, то туды, усюды нi с чым. Бяз вынiкаў. Сама ведала, што трэба пагутарыць з Ульянавым. Апрача таго, трэба пабачыцца з сынам.
Неўзабаве даведалася, што дыплёмат затрымаўся праездам у Менску. Дык пайшла да яго ў гасьцiнiцу.
Ён зьдзiвiўся, пабачыўшы сярод сваiх звычайных iнтэрэсантаў — маладых жыдкоў i жыдовачак — нейкую старую са сьлязьмi на ваччу.
— У чым справа, грамадзянка? Чаго вы да мяне прыйшлi?
— Паночку?.. Таварыш… Грамадзянiн… Я мацi Аляхновiча…
— А-а-а…
— Я матка ягоная. Прыйшла да вас прасiць дапамагчы майму сыну… Майго сына арыштавалi… Ён бязьвiнны… Грамадзянiн! Вы адзiн толькi можаце яго выратаваць… Я прыйшла да вас, як да адзiнага выбаўцы майго сына…
— Ха, xa, xa! А гэта мне падабаецца… Дык значыцца я павiнен яго вызвалiць? Дзеля чаго? Чаму?
— Дык-жа вы ведаеце, што мой сын ня мае нiякае вiны… Прыехаў сюды, паверыўшы вам… Без благiх думак…
— Добра яму гэтак! Няхай пасядзiць! Ён сеў ужо надоўга. Ужо не захочацца яму контррэвалюцыi!
— Але-ж мой сын ня быў контррэвалюцыянэрам! Вы гэта добра ведаеце. Вы-жа далi яму вiзу…
— Годзi ўжо! Ня маю часу даўжэй з вамi гутарыць, грамадзянка! Ды й гэта не падлягае маёй кампэтэнцыi. Iдзеце ў ГПУ.