Выбрать главу

— Грамадзянiн…

— Годзi, сказаў я ўжо раз. Прашу больш мне не дакучаць!

Аблiваючыся сьлязьмi, пакiнула мацi пакой дыплёмата.

Трэба йсьцi ў ГПУ, трэба прасiць, каб далi дазвол пабачыцца з сынам.

Можа, яму нечага трэба? Ну, ведама, што трэба. Дык-жа ў вастрозе блага кормяць. Трэба прынесьцi яму ежы. Ён гэтак любiў пiражкi з грыбамi. Трэба сьпячы яму пiражкоў. Ён-жа там ня мае нiякае пасьцелi. Можа, дазволяць перадаць яму хаця маленечкую падушачку i коўдру. Мусiць, ня мае й папярос. Ён гэтак шмат курыў. Як ён у гэтакiх абставiнах вытрывае без папярос?

А можа, ён хворы? Дык-жа там, у гэтых падвалах ГПУ, мусiць, страшэнная сырасьць. Яшчэ дастане рэуматызму…

Ах, Божа, Божа… зьлiтуйся над iм…

Апошняя надзея разьвеялася

Пятроў даў дазвол бачыцца з сынам.

— Аляхновiч! Выхадзi на «свидание», — загудзеў адзiн раз голас чырвонаармейца.

Я ўскочыў, як спружына. Усьцешыўся. Матка прыйшла! Першы раз буду мець кантакт з вонкавым жьщьцём. Цяпер скажу мацi, што трэба рабiць, з кiм пабачыцца…

У калiдоры ў камэндатуры сядзела ўжо старэнькая, чакаючы на сына. Як мяне пабачыла, сьлёзы, як пацеркi, пасыпалiся па зьбялелым твары. То абыймала мяне, тулячы да сваiх грудзей, то адсоўвала маю галаву, каб лепш мне прыгледзецца.

— Ну, кажы, кажы!.. Здароў? Не хварэў?

— Здароў. Гэтак хутка лiха мяне ня возьмець.

— Я прынесла табе крыху паесьцi, чыстую зьмену, трошкi ежы. Цi ты ўсё атрымаў?

— Усё атрымаў. Вельмi дзякую. Асаблiва за папяросы.

— А ты менш куры! Гэта шкодзiць на здароўе.

— Пагаворым аб справах важнейшых, бо ня хопiць часу. Маем толькi 15 мiнут. Цi мама пiсала ў Вiльню, да жонкi, каб не прыяжджала?

— Але, напiсала. Пiсала так, як трэба… Але яны зразумеюць.

— А затым другая справа: даведайцеся, калi будзе ў Менску Ульянаў… Зайдзецеся да Ульянава…

Мацi безнадзейна махнула рукой:

— Э! Няма чаго…

— Але-ж я прашу, каб мама расказала яму ўсё… Можа, ён яшчэ нiчога ня ведае…

— Ах, Божанька мой! Як ты нiчога не разумееш! Я ўжо была…

— Ну, i што? Што?

Матка зiрнула на чырвонаармейца, што быў пры гэтым, паказваючы сваiм поглядам, што ня можа адкрыта аба ўсiм казаць, ды й зноў махнула рукой.

Мне ў галаве не мясьцiлася: няўжо-ж i надзея на Ульянава аказалася манлiвай!

Жонка зьбiраецца ў дарогу

Жонка ўжо распрадала шмат рэчаў, пакiдаючы пакуль што толькi ложак, пару крэслаў i адзiн столiк.

У блiзка што пустой, няпрытульнай кватэры нецярплiва чакала ад мяне лiста й грошай на дарогу.

Часам заходзiлi адведаць яе мае вiленскiя прыяцелi, пытаючыся, якiя ёсьць ад мяне весткi.

— Ня ведаю, што гэта значыць, — адказвала зьбянтэжаная жанчына. — Ужо ня маю на пражыцьцё. Што можна было прадаць, ужо прадала. Дзе можна было пазычыць, пазычыла. У вапошнiм сваiм лiсьце пiсаў, каб я кожную часiну была гатова выехаць. Я даўно ўжо гатова, а ён нiчога ня пiша.

Запраўды, справа была кепская. Рахунак за электрычнасьць не заплачаны. Сядзелi без сьвятла, пры сьвечцы. Вухальле ўжо скончылася. Трэ было купляць дровы вязанкамi, каб ад часу да часу напалiць у печы.

Тэмпэратура ў памешканьнi была 8–10 градусаў цяпла.

Гаспадар штодня прысылаў стоража спытацца, калi кватэра будзе вольная, бо меў ужо новага кватаранта.

Адзiнай стравай для жанчыны й дзяцей быў хлеб i бульба.

Прыяцелi старалiся яе супакоiць.

— Мо яшчэ не зусiм уладзiўся…

— Мусiць, не дастаў яшчэ грошай…

— А можа, ня так лёгка выслаць адтуль грошы, мо рупiцца аб дазвол…

— Мо думае сам сюды прыехаць, каб забраць iз сабой жонку з дзецьмi…

I да г. п. здагадкi.

Ужо трэ было рабiць складчыну, каб дапамагчы жанчыне ў бядзе. Ужо то адзiн, то другi, разьвiтваючыся, далiкатна ўсоўваў у руку колькi злотых:

— Будзьце ласкавы… Магу вам крыху пазычыць… Як муж прышле грошы, тады зьвернеце…

— Вельмi дзякую… Я сама ня ведаю, што рабiць… Ну, добра… Няхай… Аддам вам зараз-жа, як атрымаю грошы.

— Добра, добра… З часам аддасьцё.

А старэйшы сын час ад часу зварачауся да маткi:

— Мамка, калi мы паедзем да таткi? Я хутчэй хачу ехаць да таткi.

— Добра, добра, даражэнькi, паедзем… Трэба толькi пачакаць лiста.

А лiста як ня было, так ня было.

Нарэшце прыйшоў, але не ад таткi, а ад бабкi.

«Даражэнькiя!

Мушу падзялiцца з вамi сумнай весткай. Сама ня ведаю, як я здолела перажыць гэты ўдар. Стараюся панаваць над сабой, каб сiлы мяне зусiм не пакiнулi, каб ён не застаўся бяз нiякай апекi.