Выбрать главу

Я бачыў, але не сьмяяўся. Я адчуваў, што й мае нэрвы ня вытрымаюць гэтакага жыцьця…

Найменшая дробязь зварачала нашую ўвагу, i мы на ёй будавалi свае здагадкi. Прайшоў шпарка праз надворак нейкi чырвонаармеец… «О! Чаго ж ён сьпяшаецца? Тут нешта гэткае…» Загрукацела на калiдоры хада, пачулася за дзьвярыма нейкая прыцiшаная гутарка… «О! Нешта будзе… Чаго яны там?.. Мабыць…»

Усiм нам сьнiлiся кашмарныя сны. Уначы чуваць былi стогны й крыкi праз сон. Уструс нэрваў у вастрогах ГПУ гэткi магутны, што ночныя кашмары застаюцца неадступнымi таварышамi на ўсё жыцьцё. Пасьля, у вастрогах, я ўсьцяж чуў гэтыя крыкi вязьняў, што спалi несупакойным сном. Я сам цяпер уначы буджу сваю радню крыкам праз сон. Гэта сьняцца мне допыты ў ГПУ або сьнiцца грукаценьне грузавiка, якi пад'яжджае на зьмярканьнi, каб забраць свае ахвяры на Камароўку…

Часта даводзiлася чуць крыкi звар'яцелых, якiя даляталi да нас з суседнiх камараў. У маёй камары ў мяне на ваччу звар'яцеў адзiн малады сыянiсты. Нам ледзь удалося зьвязаць ашалелага хлапца й прыйшлося чакаць мала ня ўвесь дзень, пакуль узялi яго ў больнiцу.

Другiя допыты

Час цягнуўся, нiхто мною ня цiкавiўся, здавалася, што забылiся на мяне.

Але вось аднаго разу паклiкалi:

— Пожалуйте на допрос.

На стале ў Пятрова, побач майго «дела», ляжалi нейкiя таўстыя папкi.

— Цi ня памятаеце, аб чым была гутарка на паседжаньнi «Рады»… (тут Пятроў сказаў дату паседжаньня).

— Скуль я магу памятаць!

— Дык вось зараз вам прачытаю.

Пятроў капаецца ў папках. Чытае.

— Правiльна? Так?

— Але.

— Вось бачыце. Нам усё ведама.

— Я вельмi рады. Калi ўсё ведама, дык ведаеце, што я не контррэвалюцыянэр.

Цяпер я ўцямiў мэту прыезду Селяха ў Вiльню i ягоныя вiзыты ў «Радзе».

— Ну, расказвайце нам аб вашых сувязях з дэфэнзывай.

— З дэфэнзывай?..

— Ну, з польскай палiтычнай палiцыяй.

— Нiчога аб гэткiх сувязях ня ведаю.

— Ну? Вось як! Значыцца, Паўлюкевiч не супрацоўнiчаў з польскай дэфэнзывай?

— Бог яго ведае! Можа, й супрацоўнiчаў. Скуль я магу ведаць!

— Вы-ж вiцэ-старшыня «Рады».

— Паколькi я ведаю, дык «Рада» ня мела гэткiх сувязяў. Я ведаю толькi аб сувязях з ваяводам Рачкевiчам.

— А гэта ня тое самае?

— Ну, я ня ведаў, што Рачкевiч — гэта й ёсьць «польская дэфэнзыва».

— Ах, наiўнае дзiцянё… — з iронiяй заўважыў Пятроў.

I гэтак далей, усё навокал: «дэфэнзыва» — «палiтычная палiцыя» — Рачкевiч…

Ну, што я мог сказаць? Казаў, што ведаў. Што Паулюкевiч атрымоўваў грошы з ваяводзтва, выдаваў за гэтыя грошы часапiс, утрымоўваў прэзыдыум «Рады», што зьмяшчаўся ў гасьцiнiцы Сакалоўскага на рагу Нямецкай i Троцкай вул. — вось i ўсё.

Ды, мусiць, i сам Пятроў ня ведаў добра, аб што пытацца. Выцягваў нейкiя фатаграфii яшчэ з часоў Беларускай Вайсковай Камiсii.

— Знаеце гэтага?

— Знаёмы твар. Спатыкаў яго калiсьцi. Але прозьвiшча не памятаю.

— А вы ведаеце, што ён працуе ў дэфэнзыве?

— А чорт яго ведае, дзе ён працуе! Я ўжо шмат гадоў яго ня бачыў.

— Ага!.. Так!.. — з крывой злой усьмешкай выкрыкваў Пятроў на ўсе мае адказы.

Наагул, панавала цяжкая атмасфэра недаверу. Праз усе гэтыя допыты праходзiла цэлая гама настрояў: ад iранiчна-ветлага да бурнага са стуканьнем кулаком па стале й пагрозамi.

Нарэшце допыты скончаны.

— Падпiшэце! — кажа Пятроў.

— Я не магу падпiсаць… Я не пачуваю сябе вiнаватым… Я контррэвалюцыйнай працы ня вёў… Роля мая ў «Радзе» была для яе ня толькi не карыснай, але нават дэструкцыйнай…

— Як кажаце?

— Была дэструкцыйнай, шкоднай…

— Мы ўсё ведаем… Ну, можаце не падпiсваць, калi ня хочаце. Я паклiчу чырвонаармейца й буду мець сьведку, што абвiнавачаньне вам прад'яўлена.

Пятроў нацiснуў кнопку электрычнага званка. Увайшоў чырвонаармеец.

— Ваша справа скончана. Цяпер будзем чакаць пастановы калегii.

Мне хацелася заглянуць у сваю будучыню. Проста спытацца: цi я буду расстрэляны? — я ня мог, бо гэта азначала-б, што я ўважаю гэткую разьвязку магчымай, i гэтым самым неяк сам сябе ўважаю за злачынца, якi заслужыў на гэтую кару.