Савецкая прэса ў прычынах катастрофы бачыла справу рук контррэвалюцыянэраў. У горадзе, аднак, хадзiлi чуткi, якiя дайшлi i да нас у падвал, што сапраўднай прычынай катастрофы было п'янства Апанскага, якi «пад п'яную руку» загадаў шофэру даць машыне надта вялiкую скорасьць.
Дрэзiна ляцела, як шалёная. У вадным месцы быў лёгкi закрут. Раптам ваганэтка саскочыла з тору й грымнулася на пару мэтраў у бок.
Гэтак расказвалi.
З прычыны разгрому «Грамады» на менскiх фабрыках i розных прадпрыёмствах адбывалiся мiтынгi пратэсту.
Цяпер, пасьля катастрофы з Апанскiм, апрача гэтага пачалiся вулiчныя дэманстрацыi перад вокнамi польскага пасольства.
Палажэньне было гарачае.
Я прадчуваў, што апошнiя падзеi будуць мець уплыў на мой лёс.
Гэтак i сталася.
Новыя допыты
— Аляхновiч, на дапрос!
Вось табе маеш! Дык-жа Пятроў сказаў, што справа закончана. А тут вось табе: новыя допыты.
Значыцца, прадчуваньнi зьдзейсьнiлiся.
Але. Значыцца, гэта ў справе Кавэрды. Ня йнакш!
За гэткае знаёмства мяне не пагладзяць па галаве
Пэрспэктыва: грузавiк, тры залатнiкi, падарожжа на месяц…
Не вясёла.
Ну, Бог бацька!..
— Аляхновiч! Скарэй вылятай! Iдзем наверх!
— Ужо, ужо! Iду!
О, як-жа-ж ацяжалi мае ногi! Як цяжка было ўзьбiрацца на трэйцi паверх! Каплi поту выступiлi на лоб.
Пятроў надзiва спакойна мяне спаткаў, нават ветла.
— А, Аляхновiч! Калi ласка… Сядайце вось там, пры гэтым стале… Вось папера, чарнiла… Пiшэце ўсё, што ведаеце аб Кавэрду.
Значыцца, няма ўжо нiякага сумлеву: хлапец, якi страляў у Варшаве ў савецкага паўпрэда — гэта той самы Барыс Кавэрда, экспэдытар часапiсу «Беларускай Рады», мiлы, цiхi, ветлы хлапчук.
Гэта, значыцца, ён!
Аляхновiч узяў паслухмяна пяро ў рукi й пачаў:
«Я знаў у Вiльнi Барыса Кавэрду як сымпатычнага…»
Божа мой! Што я пiшу!
Старанна замазаў «сымпатычнага» йна гэтае месца напiсаў: «недаразьвiтага, дэгэнэратыўнага тыпа…»
Задумаўся.
Што далей?
Падыйшоў Пятроў.
— Ну як-жа там iдзе?
— Пiшу, пiшы!
— Добра. Пiшэце ўсё, што ведаеце. Курыце?
— О! Куру!
— Вось для вас папяросы.
З гэтымi словамi палажыў на стале цэлую пачку добрых папяросаў.
Я пiсаў i перачыркаваў. Думаў, прыпамiнаў, сушыў сабе галаву й нiчога ня выходзiла.
Праз нейкi час Пятроў зьявiўся iзноў.
— Ну, пакажэце, што вы тут напiсалi?
Глянуў i зароў:
— Што гэта?! Жарты? Ну, паглядзiмо!.. Пашкадуеце!.. Краснаармеец! Узяць яго назад у камару!
Аляхновiч iзноў у сваей камары.
— Ну, што там у вас было? Навошта вас клiкалi? Аб чым пыталiся? — сыпалiся навакол пытаньнi камратаў.
— Дрэнна, — прахрыпеў толькi адно слова знаёмы Кавэрды.
Увечары, у той самы дзень, iзноў паклiкалi мяне на гару.
Апрача Пятрова, сядзела яшчэ двох чэкiстых: таварыш Эстрым i яшчэ нейкi тып у ваеннай вопратцы.
Пачаў Пятроў:
— Так-с, грамадзянiн!.. Вашыя справы дрэнь… Ня хочаце нiчога казаць, упорна маўчыцё…
— Але-ж я ўжо гэтулькi казаў, што ня ведаю, аб чым яшчэ мог-бы гаварыць… Кажэце, пытайцеся, я на ўсё буду адказваць…
— Скажэце, аб якiх вы яшчэ ведаеце тэрорыстычных актах, выкананых «Беларускай Радай»?
— Я? Аб тэрорыстычных актах? Першы раз чую.
— Ну, ну, ну! Толькi бяз гэтага дуракаваляньня. Дык-жа ведама, што вы тэрорысты?
— Я тэрорысты?
— Ну, ведама, вы ня йшлi з рэвольвэрам у руцэ, як Кавэрда, але былi галоўным iнсьпiратарам, завадатаем усяго. Го-го, вiцэ-старшыня й нiчога ня ведае!
— О, Божа! Дык-жа-ж я, дальбог, нiчога ня ведаю!
— He чапайце лепш свайго Бога, ён усё роўна нiчога вам не паможа, а адказвайце на пытаньне. Бо ведаеце хiба, што вас чакае: тры залатнiчкi, вось тут!.. — i з гэтымi сло-вамi стукнуў мяне ў патылiцу ў тое месца, куды страляюць з нагана.
Я ужо ня меў нiякага сумлеву датычна таго, што буду расстраляны.
Гэтыя крыжаваныя допыты, якiя вялi сьледчыя, трывалi каля трох гадзiн. Чаго яны ад мяне дамагалiся, я так i цяпер ня ведаю. Калi я сказаў, што, колькi мне ведама, «Беларуская Рада» нiякiх тэрорыстычных актаў на сваiм сумленьнi ня мела, а забойства Войкава магло быць справаю рук тэрорыстых расейскiх, Пятроў хiтра прыплюшчыў адно вока й заявiў:
— А я вось што вам скажу, грамадзянiн! У той час, як Кавэрда страляў, на вакзале быў там i Паўлюкевiч. Ну? Што вы на гэта?..
Што-ж я меў сказаць на гэта? Нiчога.[10]
10
У 1934 цi 1935 г. польская ўлада арыштавала Паўлюкевiча й яго судзiлi ў Вiльнi за шпiянаж. Справа адбывалася пры зачыненых дзьверах. Засудзiлi яго на 4 гады вастрогу. Тыя, каму ўдалося быць на судзе, казалi мне, што на працэсе выясьнiлася, што Паўлюкевiч займаўся шпiянажам на карысьць Саветаў ужо даўно. Хто ведае! Можа, ужо як старшыня Беларускай Рады Паўлюкевiч быў на службе Саветаў? Хто ведае? Можа, i забойства паўпрэда было справай сваiх-жа савецкiх рук. Можа, каб лiквiдаваць Войкава, Саветы выкарысталi свайго чалавека, гэткiм чынам, адным стрэлам забiваючы двох зайцаў: i канфлiкт палiтычны ёсьць, i Войкава няма. У Саветаў усё магчыма. Чорт ведае! Паўлюкевiч ведае. Сталiн ведае! Я ня ведаю.