Выбрать главу

Цяжкiя часiны

— Ну?

— Што рабiць?

— Трэба рыхтавацца.

— Значыцца, гэта будзе ў панядзелак.

— Загудзе на панадворку матор…

— На калiдоры чуваць хаду…

— Заскрыгацiць ключ…

— Аляхновiч! С вещами!..

— Нiякiх «вяшчэй» браць ня буду.

— Махну толькi таварышам галавой на разьвiтаньне…

Галоўнае: супакой! супакой!.. Ужо нiчога не паможа! Ужо раданькi нiякае няма!

— Раз памiраць! — як казаў Воўк-Мiхайлаў.

Пасьля: на калiдоры зьвяжуць рукi…

Павядуць.

Як-жа там далей? Iз зьвязанымi рукамi сам не ўзглабаюся на грузавiк.

Мусiць, падсадзяць мяне й кiнуць на падлогу.

Грузавiк будзе падскакваць на бруку Савецкай вулiцы, галава мая будзе бiцца аб падлогу грузавiка…

Пасьля брук скончыцца, аўтамабiль пакоцiць па пяску… Гэта ўжо блiзка.

Сунялiся…

Маё ўвабражэньне малявала мне гэткiя няпрывабныя абразкi. Мiж волi. Падсьведама. У поўзабыцьцi. А з поўнай сьведамасьцяй толькi паўтараў сабе:

— Ну, Аляхновiч! Не падгадзь! Не скавычы! Не румзай! Спакойна! Адыграй фiнал апошняга акту свайго жыцьця дастойна, як чалавек, не як парсюкi, якiх вядуць на бойню…

Ноч. Цiха. Усе сьпяць. Нехта нешта мармыча праз сон. Iншы стогне.

Мне ня спiцца.

Савецкаю вулiцай праяжджаець аўтамабiль.

Можа, гэта ўжо?..

Можа, гэта ўжо?..

— Аляхновiч! Чаго вы ўскочылi? Не даяцё спаць, — абураецца нехта, прачнуўшыся.

— Нiчога… Выбачайце… Так мне нешта здавалася.

Матка прыйшла на пабачаньне.

Hi аб апошнiх допытах, нi аб маiх перажываньнях нiчога ня ведала.

— Не прынасеце мне так шмат ежы. Застаецца. Раздаю iншым.

— Але-ж я табе цяпер так мала прыношу. Ты, мусiць, страцiў апэтыт.

— He, нiчога… Але зашмат вы прыносiце… Вось каб папяросаў больш!

— Ах, ты ня куры гэтак шмат! Гэта шкодзiць на здароўе…

Прысуд

Гэтак прайшло каля трох тыдняў.

Аднойчы ў часе «прагулкi» зьявiўся на панадворку нейкi гепiсты.

— Хто з вас Аляхновiч?

— Гэта я.

— Калi ласка, за мной! У канцылярыю!

Лыткi закалацiлiся. Пайшлi ў канцылярыю.

Там мне падсунулi нейкую паперку.

— Падпiшэце!

Чытаю:

«…калегiя… разгледзеўшы… скiроўваець Аляхновiча ў распараджэньне УСЛОН на 10 гадоў…»

Падпiсаў.

Уздыхнуў з палёгкай.

Хаця яшчэ нiчога не разумеў

Ведаў толькi адно: што не расстраляюць.

Услон? Што гэта за штука? Мусiць, недзе на паўднi. Мабыць, гэта нейкi канцлягер у Туркестане.

Ну, дзякуй Богу, што не Салаўкi. Лепш туркестанская малярыя, як салавецкая цынга.

Допр

Гэтым самым днём, па абедзе, перавялi мяне ў Допр[11]. З жалем я пакiнуў старых таварышоў, камару, да якой прывыкнуў ужо. Ужо разьвеялiся ўспамiны перажытых тутака страшных часiн, бяссонных ночаў, трывожнага наслухоўваньня. Цяпер хацелася тут сядзець i сядзець, хаця-б усе дзесяць гадоў, каб толькi ня ехаць кудысьцi на няведамыя перажываньнi.

У канцылярыi Допру я спытаўся:

— Выбачайце, грамадзянiн! Куды гэта мяне высылаюць?

— Як? Вам не абвешчана? Услон.

— Ну, так, гэта я ведаю. Але што гэта: услон?

— Ну? Ня ведаеце? Управление Соловецких Лагерей Особого Назначения.

х х х

У перапоўненай, як усюды, камары Допру я першы раз спаткаўся з крымiнальным элемэнтам. Хаця крымiнальных была меншасьць, яны, аднак, патрапiлi стэрарызаваць усю камару. Уначы акуратна нас абкрадалi. Зьядалi нашыя спажывецкiя прадукты, забiралi адзежу, абутак. Нiякая рэвiзiя не магла знайсьцi ўкрадзеных рэчаў. Злодзеi выкiдалi ўкрадзенае праз ваконныя краты, а там ужо гэта падбiралi iншыя, i гэткiм чынам рэчы перадавалiся з камары ў камару…

А ўдзень было ня лепш. Удзень яны проста дамагалiся, каб аддаваць тое, да чаго яны прыгледзелiся. Кожны з iх злаўчыўся перанесьцi з сабой у камару нож i, калi хто прабаваў супрацiвiцца, — пагроза нажа была апошнiм аргумэнтам.

Пакрыўджаныя прабавалi жалiцца перад вастрожнай уладай. Але гэта не памагала. Толькi пасьля цяжка адпакутавалi за гэта. На масавай «прагулцы» на вялiзным вастрожным панадворку або ў «уборнай» крымiналiстыя распраўлялiся нажом з тымi, хто адважыўся скардзiцца.

Я пачаў прытарноўвацца да новых абставiнаў жыцьця. Знайшоўшы месца на нарах памiж двома здаравеннымi вярзiламi, разлажыў свае запасы й пачаў частаваць сваiх новых суседзяў. Неўзабаве з iншых нараў пачалi злазiць нейкiя тыпы i наблiжацца да нас з выглядам галодных ваўкоў.

вернуться

11

Дом предварительного заключения.