Селяха з усiх «достопримечательностей» Вiльнi найбольш цiкавiла «Рада». З адным iз сяброў прэзыдыуму яго зьвязвалi быццам школьныя ўспамiны. Вось сюды на другi дзень зьявiлiся Селях з Попутчiкам.
Госьця спаткалi надта прыхiльна. Школьны таварыш пацалаваўся з Селяхам. Паўлюкевiч, ня гледзячы на сваю «контррэвалюцыйнасьць», таксама спаткаў падарожнага надта цёпла.
Роля Попутчiка была скончаная. Прывёў госьця ў «Раду», пакiнуў i пайшоў дахаты спаць, наганяючы няспаныя ночныя гадзiны, праведзеныя ў час выпiўкi з Селяхам.
Засынаючы, лятуцеў аб Менску, аб сацыялiстычным будаўнiцтве, аб радасным жыцьцi ў бацькаўшчыне ўсiх працоўных.
Бо ўжо быў канчаткава наважыўшыся ехаць у БССР.
Рэшта селяхаўскiх даляраў ужо разьменьвалася з новымi кампаньёнамi…
Попутчiк ведаў адрыс Селяха. Госьць з Менску жыў у гатэлю «Эўропа» пры Дамiнiканскай вулiцы.
Калi пара дзён пасьля першага спатканьня прыйшоў у гатэль, знайшоў дзьверы ягонага пакою зачыненымi.
Порт'ер на пытаньне, дзе ёсьць пан Селях, адказаў зьдзiвiўшыся:
— Выбачайце, тут нiколi нiякi пан Селях ня жыў. Тутака жыў пан Пятроў. Учора ён выехаў.
Ага! Попутчiк уцямiў. Мусiць, Селях у Менску меў нейкiя перашкоды з атрыманьнем загранiчнага пашпарту. Дык прыехаў пад чужым прозьвiшчам…
Попутчiк у сваёй хаце
— Татка, раскажэце мне казку!
Пяцёхгадовы хлапчук, Попутчiкаў сын, узглабаўся да яго на каленi i, тулячы галоўку да бацькаўскiх грудзей, прасiў:
— Раскажэце казку!
Попутчiк любiў свайго сына i хацеў узгадаваць яго ў беларускiм духу, што было повадам частых сямейных непаразуменьняў, бо жонка лямантавала:
— Што робiш? Калечыш дзiцё! Я ня хочу, каб ён быў беларусам.
— Будзе гэткiм, як i ягоны бацька.
— О, ня дай Божа, каб падобны быў да бацькi! Крый Божа ад гэткага няшчасьця!
— I скуль у цябе гэткая зьвярыная ненавiсьць да ўсяго беларускага?
— А ў цябе скуль гэткая любасьць да iх? Што яны табе далi, гэтыя твае беларусы? Службу маеш дзякуючы сваiм прыяцелям паляком.
У сямейны дуэт урываўся дзiцячы галасок:
— Татка, раскажэце мне казку!
I Попутчiк, тулячы да сябе сынаву галоўку, прыплюшчваў вочы i пачынаў расказваць. Iмправiзаваў.
Ужо не расказваў старую ўлюбёную казку аб Iкары, якому сонечныя косы ў часе палёту растапiлi вязаньнi крыльляў, а казаў-лятуцеў аб гэтай багаславёнай краiне, краiне грамадзкае справядлiвасьцi, краiне свабоды й творчага размаху. Казаў у прастор, сам да сябе, а дзiця, не разумеючы гэтых бацькаўскiх лятуценьняў, чула толькi мэлёдыю слоў i ў канцы засынала на каленах у бацькi.
Малодшы сын, двохгадовае дзiця, ужо даўно спаў у сваёй пасьцелi i ня чуў бацькаўскае казкi.
Цяжка было Попутчiку пераканаць сваю жонку ў патрэбе выезду ў Менск. Ведаючы, што сам ня дасьць рады, пусьцiўся на хiтрыкi. Рак-Мiхайлоўскiя мелi ўплыў на жонку, дык запрасiў iх да сябе на вячэру, i тады ўдалося пераламаць Попутчiху.
Некаторай палёгкаю ў палажэньнi было яшчэ тое, што Попутчiк меў у Менску мацi, дык цяжка было вымагаць ад сына, каб пасьля доўгага нябачаньня не паехаў яе адведаць.
— Ну, што-ж рабiць, — сказала канец канцоў Попутчiха, — калi так ужо надта хочаш — дык едзь, я нiчога процi ня маю. Спадзяюся, што да канца свайго водпуску на службе зьвернешся… Ну, а калi што… калi-б ты захацеў там застацца, — казала сумна, — дык што-ж рабiць, паедзем i мы ў Менск.
Попутчiк перамог на цэлай лiнii.
Падрыхтоўка да падарожжа
Пачалiся стараньнi аб загранiчным пашпарце. Хада ад установы да ўстановы. Пiсанiна розных паперак. Усё скончылася ўдала. Праз пару тыдняў Попутчiк ужо меў у кiшанi патрэбны дакумэнт.
Цяпер трэба было толькi атрымаць савецкую вiзу. Ну, але гэта будзе няцяжка. Дык-жа-ж памогуць прыяцелi «Грамадаўцы».
He памылiўся. Сябры «Грамады» сказалi:
— У паўпрэдзтве ў Варшаве ёсьць свой чалавек, беларус, «саветнiк» Ульянаў. Ён табе гэта наладзiць. Ужо мы пастараемся аб гэта.
Пасьля нейкага часу сказалi яму:
— Мы гутарылi з Ульянавым. Ён надта добра да цябе ставiцца. Толькi кажа, што ты павiнен раней выйсьцi з «Рады». Дык-жа сам разумееш, што табе, як вiцэ-старшынi «Рады», не выпадае ехаць… Нельга-ж сядзець на двох крэслах.
— О, калi толькi аб тое iдзе, дык справа лёгкая.
Нарэшце атрымаў пажаданую савецкую вiзу. Усьмiхаючыся, чытаў штамп на аднэй з бачын пашпарту, дзе гаварылася ў расейскай мове:
«Паказчык гэтага мае права пражываць ува ўсiх рэспублiках Савецкага Саюзу, апрача вострава Кайгач, Валгуеў, ды вастравоў на Белым моры...»