Выбрать главу

Вiхор, гуляючы сьнежным пылам, агаляе скалiсты грунт, на якiм няма сьледу якой-колечы расьцiннасьцi.

Уводзяць нас на квадратны пляц, агароджаны калючым дротам. Пры браме вартавая будка. Клункi загадана злажыць каля сьценкi бараку. Паставiлi ў два рады.

Каманда: «Справа по порядку номеров рассчитайсь!»

Няскладна гэта ў нас выходзiць. Ляскаючы зубамi ад сьцюжы, крычым ахрыплымi галасамi:

— Первый!

— Второй!

— Третий!

І г. д.

Блага.

Яшчэ раз ад пачатку!

Навучаюць, што на павiтаньне: «Здравствуй, карантинная рота!» Мы павiнны згодна, хорам грымнуць: «Здра!!!»

Крычым гэтае «Здра!» Блага! Яшчэ раз! Дрэнна! Ня дружна. Нехта спазьнiўся.

Зноў: «Здра!». Iзноў блага. Нехта крыкнуў зарана. Трэба набраць у грудзi паветра, зрабiць двухсэкундную паўзу i толькi тады…

Яшчэ раз. Яшчэ ня так! А пасьля зноў: «По порядку номеров рассчитайсь!» А пасьля зноў: «Здра!»…

Ногi акасьцянелi ад сьцюжы. Вушы мерзнуць. Твары барадатых мужыкоў пакрылiся соплямi лёду. Клункi нашыя счэзьлi пад сьнегам, якi ўсё падае й падае. Нашыя iнструктары зьмяняюцца: адны йдуць у барак пагрэцца, прыходзяць iншыя.

Прыходзiць вышэйшая «ўлада» i лягерны стараста. Ён, як i ўсе, таксама вязень. Здароўкаецца:

— Здравствуй, карантинная рота!

— Здра-а!!!

Блага. За гэта поўгадзiны бязупынна мы крычым «Здра!». Шмат хто ўжо ахрыпшы. Дзiка крычым гэтае «Здра!», каб урэшце здаволiць сваё начальства. Усё нядобра.

Вiдаць, што тут уся справа ня ў якасьцi, а ў колькасьцi гэтае «Здра!».

Пасьля сказалi нам строгую прамову, у якой адзначылi, што мы ў лягеры, дзе абавязаны сумленна працаваць, дзе за сабатаж строгiя кары, дзе трэба бяскрытычна выконваць усе загады ўлады й да г. п. вядомыя вастрожныя рэчы.

А пасьля — iзноў «Здра!», iзноў «по порядку рассчитайсь» i гэтак да зьмярканьня.

У бараку

Нарэшце, прамерзлым, галодным i змораным дазволена выкапаць iзь сьнягу свае клункi ды ўвайсьцi ў барак.

Людзi кiнулiся ў памешканьне, займаючы месца на нарах. Нары былi двохпавярховыя, але месца неставала.

Я разам зь iншымi стаяў пасярод бараку, мяркуючы, як-бы трапiць на нары.

— Ну, марш усе на нары! — крычаў камандант бараку (таксама вязень, але ўжо iз старых, iз салавецкiх).

— Калi месца няма, — нехта адгукнуўся.

— Я вам тут зараз знайду месца, — зароў грозна камандант i, ускочыўшы на нары, пачаў пiхаць нагамi тых, што ляжалi.

Гэты спосаб даваў свае вынiкi. Неўзабаве ўсе ўжо ляжалi на нарах, гэтак шчытна «ўплатнiўшыся», што не маглi паварушыцца.

Ляжалi ўсе бокам, адзiн пры адным. Перамянiць гэтай позы няма нiякае магчымасьцi.

Разьмясьцiўшы гэткiм чынам усiх на нарах, камандант сеў пры зялезнай печачцы, паставiў на агнi свой чайнiк i, выцягнуўшы з кiшанi кусок чорнага хлеба, пачаў жваць.

Упхнуты памiж таўстапузага ўзбэка i нейкага здаравеннага ўкраiнца, ляжаў я непарушна, думаючы, што будзе далей. Няўжо-ж цэлыя дзесяць гадоў прыдзецца пражыць у гэтакiх абставiнах?

Адзiны рух, якi можна было зрабiць — гэта паварушыць галавой. Пад галавой ляжаў мой клунак. Iз свайго месца я бачыў каманданта, якi сядзеў каля печкi i жваў свой хлеб.

У галаве ў мяне зазiхацела адна думка.

Я абапёрся на аднэй руцэ й саскочыў на падлогу.

— Што? Хочаш на падворак? — крыкнуў камандант. — Пачакай! Як пойдуць усе, тады й ты. Нядаўна былi на панадворку.

— Не, таварыш камандант, не аб тое… Iншая рэч… Як-бы гэта сказаць?.. Таварыш камандант мае гэткi сымпатычны твар… I здаецца, што мы ўжо недзе спатыкалiся…

— Спатыкалiся цi не спатыкалiся, марш на нары! Няма што тут боўтацца! Ну! раз-два!

— Выбачайце, таварыш камандант! Яшчэ адно толькi слова. Не загневайцеся, таварыш камандант… Я маю кусок сала… Выбачайце за маю сьмеласьць… Я-б хацеў вас пачаставаць…

— Ну, гэтак-бы адразу й казаў! — праясьнiўся камандант. — Ну, давай свае сала!

Я ўжо сядзеў побач каманданта пры зялезнай печцы, адразаючы кусок сала.

— Хочаш чаю? — запрапанаваў iз свайго боку камандант. — Бо кiпяток ня хутка будзе. Тут вады няма. Прывозяць цягнiком зь мястэчка, дзесяць кiлёмэтраў адсюль… Колькi маеш гадоў?

— Сорак пяць.

— Што?! Дурны! Я пытаюся, колькi маеш гадоў для адседкi? На сколькi цябе засудзiлi?

— На дзесяць.

— Шпiён.

— He.

— Фальшываманэтчык?

— He.

— Спэкулянт?

— Таксама не.

— Ну хiба-ж ня злодзей?

— Участие в организации или содействие организации, действующей в направлении помощи международной буржуазии.

— Ага! Международнай… ага… содействие буржуазии… Гм… Нядобрая штука. Быў у якой контррэвалюцыйнай арганiзацыi?