Выбрать главу

— Дзякую вам, даражэнькiя, за ваш спогад i дапамогу… Пастарайцеся…

х х х

У гэты самы дзень быў яшчэ адзiн вiзыт.

Знайшоў мяне мой былы вучань зь вiленскай гiмназii Фр. П-вiч.

Яго, таксама як мяне, спакусiла «савецкае будаўнiцтва». Прыехаў у Менск з Прагi, дзе вучыўся на мэдыцынскiм факультэце. Яму далi мала. Толькi тры гады концлягеру, якiя праседзеў ужо на Салоўках.

Цяпер перавялi яго ў нашую карантынную роту, дзе чакаў на пастанову маскоўскае калегii датычна далейшае свае долi.

Сядзеў у другiм бараку. Даведаўшыся, шо й я тут, прыйшоў да мяне пагутарыць. Яму, як чалавеку, якi адбыў ужо сваю кару, можна было вольна хадзiць з бараку ў барак.

— Было мне не найгорш, — казаў. — Дзякуючы маёй праскай мэдыцыне, удалося мне ўладзiцца за лекпома…

— Што гэта?

— Памагаты лекара — фэльчар. Дзякуючы гэтаму не давялося працаваць на лясных работах. Цяпер сяджу тут пяты ўжо месяц — усё чакаю, што далей. Думаю, што пашлюць мяне на пару год у Сiбiр. З высылкi ўцяку…

— Цiшэй! He кажэце гэтак!

— Дык-жа нiхто ня чуе. Уцяку. Буду ў Вiльнi. Даю вам слова, што буду ў Вiльнi! Там раскажу аб вас. З Саловак уцячы ня было нiякае магчымасьцi. Прабавалi iншыя — не ўдалося нiкому. Зь Сiбiру ўцяку! Калi трэба будзе камусьцi лоб расшчапiць — расшчаплю, а ўцяку!

— Цiшэй, калi ласка!

— Нiчога. Нiхто ня чуе…

П-вiчу ўдалося выстарацца для мяне перавод у ягоны барак. Там было шмат вальней. Нам удалося разьмясьцiцца на верхнiх нарах. Каля самых нараў цягнулася зялезная труба ад печкi. Тут, на гэтай трубе, П-вiч пёк для мяне «ляпёшкi». Хаця сам жыў толькi на казённым пайку, нiзашто не хацеў узяць ад мяне нi «ляпёшкi», нi кусочка сала.

— Вы павiнны ашчаджаць свае сiлы й грошы… Нiзашто не вазьму! Вас чакае яшчэ шмат гадоў цяжкiх перажываньняў, а я ўжо скончыў… Я ўжо аднэй нагой на волi…

— Ну, на волi!..

— Але! Кажу вам! Як толькi выбяруся з лягера, зараз пачну думаць, як уцякаць загранiцу… I ўцяку!..[14]

П-вiч быу маiм апякуном. Для мяне, чалавека новага ў лягеры, апека П-вiча як зь неба звалiлася. Ён ня толькi думаў аб тым, каб палепшыць мае фiзычнае палажэньне, але, што галоўнае, заражаў мяне сваiм аптымiзмам, надаваў мне надзеi на вызваленьне.

х х х

Нядоўга трывала нашае супольнае жыцьцё на нарах у карантыннай роце.

Аднойчы, калi паклiкалi ўсiх на работу, П-вiч не паслухаўся.

— Не пайду! Я ўжо скончыў свой тэрмiн! Ня маеце права браць мяне на работу!

— П-вiч! Што вы робiце! Не пратэстуйце, гэта нiчога не паможа… — стараўся я пераканаць яго.

— Не пайду! Хай робяць, што хочуць… Ня маюць права. Я не пайду!

П-вiча зачынiлi ў iзалятар. Больш я ў концлягеры яго ня бачыў.

Сустрэлiся мы шмат гадоў пасьля ў Вiльнi…

Далейшае падарожжа

Прамiнулi два тыднi гэткага «карантыну» ў бараках iз блышыцамi й вошамi.

Прыйшлi нейкiя людзi й пачалi выклiкаць вязьняў. Прачыталi колькi дзесяткаў прозьвiшчаў. У гэтым лiку быў i я.

Павялi нас у лазьню. Пры дзьверах сеў «днявальны» (стораж), пiльнуючы, каб хто ня выйшаў вонкi.

Падлога й тапчаны былi шчэ мокрыя пасьля апошняй «банi». Hi сесьцi, нi легчы. Часiны несупакою й няпэўнасьцi. Што будзе далей?

Увечары «днявальны» гукнуў:

— Аляхновiч! Хадзi сюды! Тут да цябе нейкiя прыйшлi!

Гэта былi прыяцелi-беларусы з Менску. У цёмных сенцах адзiн зь iх падаў мне нейкi пакецiк.

— Што гэта?

— Гэта соль. Трэба гэтым нацерцiся пад пахамi. Ад гэтага падвышаецца тэмпэратура. Дамагайцеся, каб вас павялi да доктара, што вы хворы… што ня можаце ехаць…

— Куды мяне павязуць?

— На востраў Мяч… на лясныя работы. Гэта горш за Салоўкi… Калi вам удасца астацца ад гэтага этапу, уладзiм вас у канцылярыi… Цяпер трэба рабiць, што мага… Дагэтуль не ўдалося. Ну, тымчасам бывайце здаровы!.. Трэба ўжо йсьцi… Даўжэй нельга… Нацiрайцеся!

Я сеў на мокрым тапчане, разгарнуў торбачку з соляй i зрабiў тое, што мне раiлi прыяцелi.

Пасьля заявiў днявальнаму:

— Таварыш днявальны! Вядзеце мяне да доктара.

— А чаго там? — нехаця спытаўся вартаўнiк.

— Я хворы… Трасца… Тэмпэратура падвышаная… Я думаю, што гэта тыфус…

— Добра. Зараз заяўлю.

Праз мамэнт мяне павялi. Вялi нейкiмi сьцежкамi, памiж кучамi дошчак. Iшлi паўз нейкiя баракi. Дарогу асьвятляў толькi месяц.

У нейкiм драўляным памешканьнi было сьвятло ў адным вакне. Гэта была больнiца. Павадыр мой пастукаўся.

— А там хто?

вернуться

14

П-вiч дамогся свае мэты. Уцёк з высылкi. Трэба было камусьцi расшчапiць лоб — расшчапiў. Дабраўся да Вiльнi. Скончыў унiверсытэт. Думаў, што ўжо больш не спаткаецца з бальшавiкамi. Спаткаўся аднак У 1940 годзе. Праседзеў у вастрозе адзiнаццаць месяцаў. Вайна яго вызвалiла.