Выбрать главу

Заўтра праз замерзлае мора — на абток Мяч, якi знаходзiўся ў дзесяцёх кiлёмэтрах ад берагу.

У Колежме тое самае, што ўсюды ў карэльскiх рыбакоў, якiя ўжо прывыклi да гэтых этапаў. Гэтыя самыя неспачувальныя твары.

Нас разьмясьцiлi ў розных хатах. Канвой асобна ў лепшай хаце.

Нiкому i ў галаву не магло прыйсьцi, што нехта з нас спрабуе ўцякаць.

Нiхто й не ўцякаў.

Абток Мяч. Першы дзень

Назаўтра мы дабралiся на абток Мяч.

Маленечкi вастравок, якi ў найшырэйшым месцы меў крыху больш за дзесяць кiлёмэтраў. Недалёка ад берагу, да якога мы падыходзiлi, стаялi шэсьць драўляных баракаў, стайня, лазьня, прачкарня, сушыльня адзежы i збоку дамок, дзе жыла адмiнiстрацыя й канвой.

Разьмясьцiлi нас у вадным з баракаў. Цесна тут было бадай таксама, як на карантыне ў Кемi. Пасярэдзiне бараку стаяла глiняная печка зь зялезнай трубой, якая выходзiла празь сьцяну. Над печкай вiсела малюсенькая сьмярдзючая лямпачка з разьбiтым шклом, кiдаючы слабое сьвятло на нашую новую кватэру. У гэтым брудным, цёмным, поўным вошаў i блышыцаў памешканьнi, з праклёнамi, з лаянкай i крыкам, мы, змучаныя й прамерзлыя, здабывалi для сябе месца на нарах.

У гэты самы дзень выдалi нам рабочую вопратку: ватовыя порткi, гэткiя-ж самыя курткi («телогрейки»), шапкi, рукавiцы й валёнкi. Уся гэтая адзежа была вельмi паношаная, брудная, палатаная. Але было ў ёй цёпла.

На другi дзень ранiцой нас пагналi на работу. На першы раз была вызначана, як казалi, лягчэйшая работа. Мы ўтоптвалi сьнег, падрыхтоўваючы дарогу для саняў, якiя мелiся ехаць у лес, каб забраць адтуль сьпiлаваныя дровы.

Па чатыры ў рад мы прабiвалiся праз сьнег, якi даходзiў першаму мала не да грудзей. Ну, ведама, далейшым радом было лягчэй змагацца iзь сьнегам. Дык рады ад часу да часу зьмянялiся: першы йшоў на месца апошняга, апошнi на месца першага…

Наш першы рабочы дзень трываў толькi каля сямёх гадзiнаў, але мы зьвярнулiся ў баракi пасьля гэтага сямёхгадзiннага маршу па сьнежных кучах гэткiя змораныя, што iз страхам думалi аб цяжэйшай рабоце, якая чакала нас у блiжэйшай будучынi.

Назаўтра мы ўжо пачалi працу на «лесазагатоўках».

«Лесазагатоўкi»

А трэцяй гадзiне ўначы на падворку зьвiнiць звон: лягер будзiцца. Днявальныя прыносяць iз сушыльнi валёнкi й iншую адзежу, прамоклую ўчора ад сьнегу.

З крыкам, лаянкай, пры слабым сьвятле падвешанай пад столяй лямпачкi, варушацца сьценi ў бараку, поркаючыся ў кучах наваленай на падлозе адзежы.

Адзiн ня можа знайсьцi валёнкаў, другому прапала «телогрейка». Лаюць днявальнага, той адгрызаецца.

Валёнак завалiўся кудысьцi за клункi, за скрынкi пад нары.

Тыя, хто ўжо ўправiўся знайсьцi ўсе часткi свае адзежы, хутка апранаюцца й бягуць за мiскамi ў кухню, каб атрымаць сьнеданьне. Бо хутка ўжо зазьвiнiць звон другi раз — тады ўжо трэба бегчы на падворак на «паверку».

Нехта на верхнiх нарах разьлiў сваю страву. Жыжка цячэ на галаву i ў мiску суседа на нiжнiх нарах. Iзноў крык, сварка, бойка…

Няшчасная доля, замiж злучаць людзей у дружную грамаду, разлучаець iх, выклiкаючы памiж iмi злосьць i ненавiсьць.

Зазьвiнеў звон другi раз.

Усе выбягаюць iз баракаў. Некаторыя хапаюць на падворку жменю сьнегу й нацiраюць iм сабе рукi i твар. Гэта — ранiчны туалет вязьня. Але бальшыня ня робiць гэтага. Даволi iм лазьнi два разы на месяц.

На падворку пры сьвятле лiхтарняў «паверка». Зьяўляецца начальнiк лягеру.

— Здравствуйте, рабочие роты!

— Здра-а!!! — адказваем дружна.

Раздача iнструмэнтаў. Раздалi пiлы, сякеры, лапаты.

— На работу — марш!

Iдзём.

Дзесятнiкi на лыжах вядуць сваiх работнiкаў у лес на месца працы. За iмi, таксама на лыжах, пасоўваецца канвой. Iдзём гужом, адзiн па адным, вузкаю, вытаптанаю на сьнезе дарожкаю, здаганяюць нас санi, якiя едуць у лес забiраць напiлаваныя дровы. Даём саням дарогу, падаючы ў сьнег па грудзi…

Санi шпарка праляцелi мiма, але нiхто й не прабаваў за iх учапiцца. Катаржанам, апрача дзесятнiкаў i хурманоў, забаронена ехаць на месца работы.

Iдзём пехатою каля 10 кiлёмэтраў, ажно на другi канец абтоку.

Свiтае.

Пасьля шэрай начы пачынаецца таксама шэры, крыху толькi сьвятлейшы паўночны дзень.

Займаем вызначаную для работы дзялянку лесу. Падзяляемся на тройкi. Кожная тройка сварыцца зь iншай тройкай за лепшае месца, г. зн., дзе дрэвы растуць гусьцей.

Пачынаецца работа. Змоўклi людскiя галасы. Чуваць толькi галасы пiлаў i сякераў…

Чуваць трэск дрэва, якое валiцца, шум галiнаў, пасьля гук ад паданьня на сьнег елкi.