Выбрать главу

Штрэйкбрэхэры пацягнулiся далей у лес, а захаладалыя постацi зладзеяў i бандытаў дрыжэлi на марозе, пасылаючы ўздагон «фраерам», якiя iх здрадзiлi, праклёны й лаянкi…

Якая дзiўная iронiя лёсу! Якая дзiўная пераацэна вартасьцяў! Палiтычныя ламаюць забастоўку й пакорна йдуць працаваць, тым часам, як крымiналiстыя сьмела стаяць за сваё — да канца.

Цi магчыма было-б нешта падобнае ў старой царскай катарзе?.

Але ў старой катарзе палiтычныя вязьнi былi запраўднымi ворагамi тагачаснага ладу. А тутака гэтак званыя «палiтычныя» складалiся з рознастайнай зьбiранiны, якая й ня думала змагацца з савецкiм ладам, дый лучыла сюды, на катаргу, толькi таму, што некалi належала да клясы, якую «пераможнiк пралетарыят» стараецца вынiшчыць фiзычна, зачыняючы ў вастрогах, ссылаючы ў лягеры, расстрэльваючы…

У старой катарзе палiтычныя вязьнi ў падобных абставiнах схапiлi-бы наваленыя на санях сякеры й паразьбiвалi-б сваiм катам галовы. Тут рукi нявольнiкаў пакорна выцягвалiся па сякеры, каб выканаць у лесе свой «урок» — так, як колькi дзён пазьней тыя-ж рукi прыймалi… дваццацёхкапеечную узнагароду — прэмiю за «карысную працу» ў гэны крытычны дзень…

Страва

Гэным часам кармiлi нас зусiм ня блага: на сьнеданьне давалi мiсачку фасолi, сачыўкi, гароху, грычанае кашы цi густое зупы з макаронам. Гэта было звычайна закрашана алеем. А на абед, якi для шмат каго з прыпозьненых быў i вячэрай, мiску боршчу цi нейкае зупы з кусочкам вываранага соленага мяса. Хлеба даставалi мы кiлё на чалавека. Апрача таго, у лягеры была крамка, у якой мы куплялi за свае грошы (хто меў) цукар, гарбату, кансэрвы, кiлбасы, селядцы, бiсквiты, булкi, папяросы i да г. п.

Грошай за нашую працу нам не плацiлi (апрача гэных дваццацёх капеек нагароды за заламаньне забастоўкi). Дык тыя, хто не дастваў грашовай дапамогi з хаты, мусiлi здаволiцца казённай стравай, якое — трэба гэта адзначыць — зусiм было даволi, каб заспакоiць голад.

У часе работы ў лесе спачатку нам вельмi дакучала смага. Вада, якую мы бралi з сабой у бутэльках, замярзала ў кiшанi. Але праз колькi дзён прывыклi да нястачы вады, i смага ў часе работы нам больш ужо не дакучала.

Вада тутака — з прычыны ўласьцiвасьцяў грунту — была заусёды жоутая, колеру моцнага чаю, з прыкрым гнiлым смакам. Аднак праз нейкi час прывыклi й да яе.

Да чаго чалавек не прызвычайваецца?!

Няўдалыя ўцёкi

Ноч. На нiжнiх i верхнiх нарах тырчаць рады босых ног. Брудных, сьмярдзючых, выкрыўленых, пераблытаных з нагамi суседзяў. У паветры кiслы дух ад людзкога поту й iншых яшчэ агiднейшых пахаў. Пад стольлю курыць маленькая газьнiчка. Шкла ў газьнiчцы даўно ўжо няма, бо яго пабiлi, дык адкрыты кнот заражае паветра смуродам паленае газы.

Цiшыню парушае храп спрацаваных людзей, часам стогн вырвецца з грудзей, якiя гняце кашмарны сон.

Спынiлiся праклёны, лаянкi, нараканьнi. Сон усiх пагадзiў i злучыў у братнiх абоймах. Узбэк сваёй бруднай, даўно нямытай рукой абняў праз сон шыю якута. Украiнец з-пад Палтавы закiнуў сваю сьмярдзячую ад поту нагу на бруха грузiна з Каўказу. Ад часу да часу нехта прачнецца, злазiць з нараў, нацягвае на сябе свае вастрожнае рызьзё й бяжыць на двор дзеля свае натуральнае патрэбы…

Ня сьпiць толькi адзiн «днявальны» («дзяжурны»).

Недалужныя, iнвалiды, людзi, якiя сваймi сiламi не маглi-б дацягнуцца да лесу на работу, былi пакiнены ў лягеры й выконвалi тут абавязкi слугаў у бараках. Яны пасьля выхаду ўсiх на работу прыбiралi баракi, калi работнiкi вярталiся зь лесу, адносiлi ў сушарню iхную прамочаную вопратку, палiлi ў печах, насiлi вар i да г. п.

Уначы — яны мусiлi глядзець за тым, каб усе вязьнi былi ў бараках, каб нiхто ня ўцёк.

Называлiся яны «днявальнымi».

Днявальны пiльна сочыць кажнага, хто ўначы выходзiць i варочаецца. Ад часу да часу абходзiць нары й лiчыць ногi вязьняў. Падзялiўшы лiк ног на два, ведае, колькi людзей ёсьць у бараку.

Вось ён лiчыць. Памылiўся. Нешта ня так. Ногi паблыталiся. На адных нарах ёсьць лiшняя нага, на другiх — аднае не стае. Днявальны здымае з крука лямпачку i, асьвятляючы найцямнейшыя куты, пачынае рахунак нанова.

Раптам расчыняюцца з трэскам дзьверы. Хваля марознага паветра ўрываецца праз расчыненыя дзьверы, у якiх паказалася постаць у ваеннай вопратцы.

Гэта — ночная праверка.

Уваходзiць з лiхтарняй канвойны жаўнер. Пачынаецца зноў лiчэньне тырчачых ног.

Аднае пары ног не стае — аднаго вязьня няма ў бараку!

Лiчыць яшчэ раз.

Аднаго вязьня няма!

Дзе падзеўся? У патрэбнай каморцы няма. На нарах, анi пад нарамi няма. Днявальны спалохаўся. Будзе адказваць за недагляд.