Зьменшваньне кары
Раз на год, увосенi, прыяжджала на Салоўкi камiсiя з Масквы, якая складалася з вышэйшых агентаў ГПУ з Глебам Бокiм, апякуном салавецкага лягеру, на чале. Камiсiя пару дзён палявала ў салавецкiх лясох, вечарамi банкетавала, а ўрэшце падпiсвала сьпiс вязьняў, якiм зьмяншалася кара на паўгоду, на год, а часамi й на два гады. Сьпiс быў ужо загадзя нарыхтаваны тутэйшым начальствам, дык ня дзiва, што кажны стараўся нечым выбiцца ўваччу гэтага начальства, здабыць ягоную ласку ды такiм парадкам трапiць у гэны сьпiс, аб якiм усе лятуцелi.
Аднак дарма, што гэтая сыстэма прыгону да працы й эксплёатацыi людзкое сiлы да апошнiх межаў, — работа не давала пажаданых вынiкаў. Заўсёды нешта неўдавалася. Цi то шавецкiя варштаты ня выканалi заказаў, прадугледжаных у пляне работаў, цi цагельня «падвяла», цi iзноў пiльня зацягвала выкананьне дадзенага ёй заданьня, цi нешта iншае «кульгала». Ведама, у такiх выпадках за невыкананьне пляну адказваюць вязьнi, якiя займаюць адказныя становiшчы, i той, хто ўчора пачуваўся панам, сяньня варочаецца да палажэньня звычайнага работнiка, або — яшчэ горш! — трапляе ў карную роту.
У 1928 годзе на Салавецкiм абтоку было звыш 10 000 вязьняў. Сярод гэтакае вялiкае грамады сустракалi мы прадстаўнiкоў самых рознастайных нацыянальнасьцяў, якiя ўваходзяць або й не ўваходзяць у склад СССР. Ад якутаў з прыплясканымi тварамi да сыноў Каўказу з арлiнымi насамi, ад фiнаў да ўзбэкаў, ад немцаў да кiтайцаў. Бачыў я даволi багата вугорцаў. Пасьля рэвалюцыi ў Вугоршчыне камсамольская моладзь, якая брала ўдзел у рэвалюцыйным руху, масава ўцякала ў Расею. Аднак, пажыўшы тутака колькi год, яна захацела зьвярнуцца на бацькаўшчыну, гатовая лепш адбыць пару гадоў кары ў сваёй «капiталiстычнай» дзяржаве, чымся жыць далей на «волi» ў краi «сацыялiстычнага будаўнiцтва»… Вось-жа iм ня толькi не далi дазволу зьвярнуцца на бацькаўшчыну, але заарыштавалi й саслалi на 10 год на Салоўкi. Бо яны залiшне ведалi аб савецкiм гаспадарсьцьве, мелi павагу сярод работнiцкiх масаў свае бацькаўшчыны й маглi-б пашкодзiць камунiстычнай акцыi ў Вугоршчыне.
Жанчыны на Салоўках
Сярод шматмоўнае масы сагнаных з усiх канцоў Эўропы й Азii на Салоўкi вязьняў 17–18 процантаў жанок. Як i сярод мужчын, бачыш тутака прадстаўнiкоў самых разнастайных нацыянальнасьцяў i клясаў. Ёсьць беларускi й полькi, украiнкi й фiнкi, башкiркi, якуткi, грузiнкi, армянкi, вугоркi, немкi й г. д.
Ад зладзейкi да палацовае дамы, ад прастытуткi да манашкi — усе ступенi сацыяльнае лесьвiцы маюць сярод iх сваё прадстаўнiцтва. Гэтая маса абадраных, пакрытых — як i мужчыны — вашыма жанок месьцiцца ў васобным бараку, якi мае назоў «женроты» (жаноцкае роты). I тут, як у мужчынаў, пануе вастрожны рэжым, жанчына-камандант (вязень) мае тую-ж форму — чорныя кляпы на бушлаце з адпаведнымi бляшанымi нашыўкамi.
Хаця жанкi спатыкалiся з мужчынамi пры рабоце, у канцылярыях, на тарфянiшчы й г. д. — усякае сябраваньне памiж мужчынамi й жанкамi было забароненае. Каралi ня толькi за «любоў», але й за нявiнную гутарку пры спатканьнi, за колькi словаў, за простае прывiтаньне. Каралi пераважна 14-дзённым арыштам.
А ўсё-ж ткi прастытуцыя красавала. Лiшне малы быў працэнт жанок у лягеры, лiшне вялiкi быў попыт мужчынаў на iх — не паддацца спакусе было цяжка.
Жанкi, якiя не займалiся прастытуцыяй у шырэйшых межах, мелi па колькi каханкаў. Кажны зь iх нёс сваей любай што мог. Пекар краў хлеб у пякарнi, той, хто ня курыў, аддаваў свой паёк тытуну, кiраўнiк крамкi цiшком выносiў одэколён цi пару панчохаў, той — жменю цукру, якi прызапасiў iз пайку, а iншы дзялiўся прысланай ад жонкi з волi пасылкай.
Вельмi часта прывозiлi на Салоўкi маладыя пары. Сужанцоў, ведама, разлучалi: яе зачынялi ў «женроце», яго адсылалi да аднае з мужчынскiх ротаў або й на iншы абток. Калi сужанцы й заставалiся на адным абтоку, усё роўна спатыкацца iм было забаронена. Калi жонка была маладая й прыгожая, дык зараз-жа знаходзiла «паклоннiка» сярод вязьняў, што мелi ўладу, каханка, якi часам быў за начальнiка ў ейнага мужа. Ад яго залежала паслаць няшчаснага мужа на такiя работы, дзе той легка мог галавой палажыць, — жонка-ж была аддадзеная на ласку цi няласку розных «заваў» (заведваючых), «начаў» (начальнiкаў) ды iншых спасярод дужых гэтага сьвету, якiя старалiся завалодаць ёю.