Выбрать главу

Але такую лаянку, якая чуваць у сьценах «женроты», рэдка пачуеш у мужчынскiх ротах.

Магiльнiк

Сярод вязьняў ёсьць дактары. Работы яны маюць вельмi багата, бо працэнт хворых на Салоўках вялiзарны. Апрача вэнэрычных хваробаў, тутака хварэюць на цынгу, сухоты, скульлё, ня кажучы аб пошасьцi тыфусу, якая час ад часу выбухае.

Штодня, а 5-й гадзiне ўраньнi расчыняецца галоўная брама «Крэмля» й выяжджае з двума санiтарамi ў белых хвартухох i даўгiх чорных гумовых рукавiцах воз iз устаўленай на iм вялiкай скрыняй. Скрыня можа зьмясьцiць да васьмёх трупаў. Хавалi нябожчыкаў на старым манастырскiм магiльнiку за «женротай», там, дзе адбывалiся расстрэлы. Тамака заўсёды была нарыхтаваная яма, разьлiчаная на больш-менш 200 трупаў. У гэтую яму санiтары скiдалi iз скрынi прывезеныя трупы й пакрывалi яму дошкамi. Дошкi закладалiся ня вельмi шчытна, дык удзень можна было вельмi добра бачыць панакiданыя ў яме бязь нiякага парадку целы мужчынаў i жанок, старых i маладых.

Толькi тады, як у яме набiралася прадугледжаная колькасьць трупаў, яе засыпалi зямлёй.

Называлi мы гэтыя ямы «брацкiмi магiламi». Узiмку брацкiя магiлы не псавалi паветра, але няма чаго й казаць, якi страшэнны смурод iшоў з магiльнiку ўлетку…

х х х

Нiхто самахоць на гэты выкляты абток ня едзе. Не кажу аб вязьнях, але аб вышэйшай нялiчнай адмiнiстрацыi — гэтак званых вольных людзях. Гэта ўсё былыя агенты ГПУ, якiх за розныя драбнейшыя правiннасьцi на службе ссылаюць на Салоўкi, на становiшчы розных начальнiкаў.

А за цяжэйшыя правiннасьцi iх прысылаюць сюды як вязьняў. Дый у такiм выпадку яны далей працуюць у сваёй старой галiне, выконваючы розныя функцыi ў ИСО.

ИСО

ИСО — «инспекционно-следственный отдел» — вядзе сьледства аб праступках вязьняў, учыненых у часе адбываньня кары, i апрацоўвае характарыстыкi вязьняў на падставе даносаў сваiх супрацоўнiкаў — камарных «сэксотаў».

Да гэтае ўстановы належыць таксама выкананьне сьмяротнага прысуду, калi калегiя ГПУ ў Маскве на падставе праведзенага на месцы ў Салоўках праз ИСО сьледзтва засуджае на кару сьмерцi.

Аб кажным вялiкшым праступку, як: спроба ўцячы, сабатаж i да таго падобнае, — перш вядуць сьледзтва агенты салавецкага ИСО, а пасьля справа перасылаецца на разгляд маскоўскай калегii ГПУ. У Салавецкай гутарцы гэта называецца «дастаць цэнтральную справу» — бяда таму, чыя справа пайшла ў Маскву.

Як у Саветах на волi жыцьцё аблытана, — быццам нявiдочнай сеткай павучыньня — сеткаю «сэксотаў», якiя ўсюды прынюхваюцца, шукаючы «контр-рэвалюцыi», — як там кажная ўстанова, завод, фабрыка мае ў сваiх мурох вочы й вушы ГПУ, ды часта асобы аднае сям'i зь недаверам глядзяць адзiн на аднаго, — гэтак сама й тут, на Салоўках, кажная рота, кажнае прадпрыёмства, кажная камара мае свайго тайнага канфiдэнта ИСО.

Хто молiцца — мусiць рабiць гэта цiшком. Хто хоча зь нечым даверыцца прыяцелю — шэпчаць яму на вуха, азiраючыся, каб «сэксот» не падлавiў якога адарванага сказу ды не сфабрыкаваў зь яго пры дапамозе собскае фантазii нейкага абвiнавачаньня.

Iзалятар

Калi супроць вязьня пачынаецца справа, дык яго перад-усiм пераводзяць iзь ягонае роты ў «iзалятар». Гэта — вязьнiца ў вастрозе. У iзалятары забаронена курыць, паёк зьменшаны, вязень сядзiць увесь час адзiн. Закратаваныя вокны ягонай камары прыкрытыя звонку шчытам, каб пазбавiць яго ня толькi ўсякае магчымасьцi лучэньня з вонкавым сьветам, але й сонечнага сьвятла.

Ня вылучаны й мукi маральныя. Будзяць, прыкладам, вязьня ўначы i пытаюцца, як ягонае прозьвiшча, iмя, iмя бацькi. Гэткiя пытаньнi задаюць заўсёды, бяручы на расстрэл. Дык вязень, думаючы, што ўжо прабiла для яго апошняя часiна, здушаным голасам адказвае на пытаньнi, a кат з усьмешкаю гаворыць:

— Ну, сьпi! Гэтую ночку можаш яшчэ праспаць спакойна! — ды йдзе далей.

Расстрэлы адбываюцца галоўным чынам увечары. На загад ИСО спыняецца ў лягеры ўсялякi рух. Каманданты ротаў пiльнуюць, каб нiхто вонкi ня выходзiў. Тых, хто ў гэтым часе на працы, не выпушчаюць за муры прадпрыёмства. У iзалятар уваходзяць урадаўцы й выводзяць стуль засуджаных у вадным нацелiве, зьвязаных парамi за рукi.

Перад аблiччам сьмерцi

Як розна трымаюцца людзi перад аблiччам сьмерцi!

Iндывiдуальнасьць кажнага выяўляецца ў гэты мамэнт найбольш яскрава.

Адзiн кiдаецца на калены, скуголiць, хапае сваiх катаў за ногi: «Таварышы! Пачакайце! Яшчэ часiнку!» i да г. п. Iншы iз страшнымi праклёнамi, з вачыма, набраклымi крывёй, кiдаецца на канвой, але хутка — пасьля моцнага ўдару кулаком па галаве — цiшэе. Яшчэ iншы галёкае, пяе распусныя песьнi, як быццам сваiм крыкам хоча заглушыць у сабе страх сьмерцi.