Выбрать главу

На нарах ляжаць блiзу голыя людзi, тулячыся адны да другiх, дрыжучы ад холаду. Дзеля таго, што ляжаньне побач не давала даволi цяпла, бо мароз даймаў i зьнiзу, вязьнi знайшлi iншы спосаб грэцца. Яны тварылi гэтак званыя «штабелi» — гэта значыць: клалiся адны на адных упоперак уколькi разоў. Але тым, што былi ў нiжнiм радзе дый у верхнiм, было найхаладней — адны мерзьлi зьнiзу, другiя зьверху. Дык дзеля справядлiвасьцi рады зьмянялiся: тыя, хто быў нанiзе цi на версе, iшлi ў сярэдзiну — i наадварот.

Гэтак вязьнi на Сякiрцы ратавалiся ад замярзаньня.

А выходзiлi згэтуль або ў бальнiцу, або… на магiльнiк.

«Жордачка»

Апрача вышэйапiсаных, было i ў самым Крамлi месца кары ў аднэй iз царкоўных вежаў, званае «Жордачкай». У неапальваным, як i на Сякiрцы, памешчаньнi, вязьнi сядзелi на высокiх лавах. Ногi не даходзiлi да падлогi, a вiселi ў паветры. У такiм палажэньнi, з рукамi на каленах, людзi сядзелi на працягу цэлага дня, ня маючы права гутарыць iз суседам ды нават павярнуць галаву. Перадыхнуць давалi на прыймо стравы (раз на дзень) i калi выводзiлi на сваю патрэбу (двойчы на дзень).

На памосьце стаялi вартаўнiкi, якiя пiльнавалi, каб маўчаньне й забарона руху не парушалiся.

Хто-ж у гэтым правiнiўся, таго зьвязвалi вяроўкамi так, што галавой ён блiзу дакранаўся да каленаў, i кiдалi ў цёмную, сырую каморку на час да трох гадзiнаў.

На «Жордачцы» трымалi не даужэй за два тыднi. Але й пасьля такога нядоўгага часу, адбыўшы кару, выглядаў так, як быццам толькi што выйшаў iз больнiцы пасьля цяжкое хваробы.

За меншыя праступкi садзiлi ў карцар, г. зв. роту «отрицательного элемента», дзе вязьнi былi пазбаўленыя пасьцелi й ня мелi нараў, дык спалi ўсе на падлозе ў страшэннай цясноце. Адзiн ляжаў, паклаўшы галаву на брудныя боты суседа, другi перакiнуў свае ногi праз тулава iншага. Гэта была куча целаў, паўкiданых бяз ладу ў смуродную камару. Ведама, страву давалi горшую, як у звычайных ротах. Засуджаных у карцар выводзiлi на работу.

У карцары я праседзеў два тыднi за тое, што даў суседу па нарах, iз прафэсii шаўцу, паправiць свае боты, хочучы гэткiм чынам абмiнуць звычайную працэдуру праз каманданта роты, якая была вельмi даўгой. У маiм вастрожным фармуляры ў адпаведнай графе да канца быў запiс, якi псаваў мне рэпутацыю: «караны двохтыднёвым карцарам за нелегальную паправу ботаў».

Для жанок месцам цяжэйшае кары быў абток «Зайчыкi», дзе абставiны жыцьця былi падобныя да «Сякiркi».

Манлiвыя спадзяваньнi

Здавалася-б, што ў такiх абставiнах людзi павiнны былi масава канчаць самагубствам. Зьняможаны, аддадзены на ласку й няласку катаў, чалавек мае толькi адзiн выхад, толькi адзiны спосаб пратэсту: узьдзець сабе пятлю на шыю. Але гэтак ня дзеецца. За час майго блiзу сямёхгадовага быцьця ў вастрогах i на катарзе я ведаю толькi аб трох выпадках самагубства. Двох павесiлася, адзiн у Салоўках кiнуўся пад цягнiк вузкакалейкi.

Найстрашнэйшае, найбольш жудаснае жыцьцё мае шчэ свае прывабнасьцi. Найгоршае жыцьцё — лепш за сьмерць. Бо тут заўсёды ёсьць яшчэ нейкая надзея, а там — надзеi ўжо няма. Усё скончана. Ужо ня вызвалiшся.

I жывуць гэтак людзi надзеяй, часта дзiцячай, манлiвай, якая ўжо неаднокраць ашуквала iх — вераць у вызваленьне.

Вераць у амнiстыi, якiя нiколi не датычаць да тых, хто найбольш на iх спадзяецца. Вераць у зьмену кодэксу. Вераць наагул у зьмену карнае палiтыкi Саветаў.

А тымчасам, з году ў год, плыве бясконцая хваля зьняволеных, канчаецца адна пяцёхгодка й пачынаецца другая. Адбываецца лiквiдацыя клясаў — i ўсё новыя й новыя грамады едуць у канцэнтрацыйныя лягеры, на высылку, запаўняюць вастрогi…

А наiўныя вераць манлiвым спадзяваньням…

Вастрожны гумар

Памылiўся-б той, хто-б думаў, што за кратамi ўсьцяж чуваць стогны й скрыгатаньне зубоў, што на тварах вязьняў выяўляецца безнадзейная роспач, што ў месцы мукаў нiколi не пачуеш жарту, гумару, бястурботнае песенькi.

Чалавек гэтак хутка датарноўваецца да новых, ненармальных абставiнаў жыцьця, прыроджаная патрэба сьмеху гэтак моцна дапамiнаецца сваiх правоў, што нават тыя, якiм заўтрашнi дзень нясе цяжкое вандраваньне этапам на Салоўкi, якiя нiколi ўжо не пабачаць сваiх блiзкiх, ды нават тыя, каго заўтра iзь зьвязанымi рукамi й заткнутым ротам павязуць на месца экзэкуцыi, дзе iх чакае з нагану, — сяньня, бывае, бястурботна нешта напяваюць…

Шчырым гумарам веець ад слоў афорызму, якi трэба было-б напiсаць над уваходам у савецкi вастрог:

Входящий не грусти!