Выбрать главу

Сярод вязьняў ёсьць прадстаўнiкi ўсiх галiнаў сцэнiчнага й эстраднага мастацтва: акторы, музыкi, сьпевакi, танцоры, акрабаты, штукары. Ёсьць гэтак сама маляры-дэкаратары, электратэхнiкi, рэквiзытары, тэатральныя машынiстыя — адным словам, увесь артыстычна-тэхнiчны пэрсанал, патрэбны дзеля паказу спэктаклю.

Наказы адбывалiся чатыры разы на тыдзень. Першыя два — платныя, другiя два — дармовыя. Бiлеты на дармовыя раздавалi каманданты ротаў або ўзгадавальнiкi. Трэба адзначыць, што платныя спэктаклi карысталiся большаю пашанаю чымся дармовыя, а гэта таму, што той, хто купляў бiлет на платны, меў права адначасна купiць другi — для знаёмае жанчыны й сядзець побач зь ёю. Гэта была адзiная аказiя легальнага спатканьня з жанчынай. На дармовых-жа спэктаклях жанок i мужчынаў рассаджвалi асобна: адным вызначалi правы бок залi, другiм — левы.

Салавецкi тэатр быў закладзены ў 1926 г. адным iз сасланых актораў. Спачатку анi актораў, анi iншых працаўнiкоў тэатру не звальнялi ад цяжкое катаржнае работы. Увечары, пасьля выкананьня «уроку», вязьнi-акторы зьбiралiся ў вызначаным iм дзеля гэтага памешканьнi й тутака рабiлi рэпэтыцыi да познае ночы. Захапленьне гэтай працай было вялiзарнае. Цяжка чалавеку жывецца ў вастрожных мурох, i ў мастацкай працы ён ахвоча шукае прадухi ад кашмараў рэальнага жыцьця…

Саматугам — зь нейкiх старых мяхоў пашылi касьцюмы. Гэтак сама зрабiлi дэкарацыi. Спэктакль удаўся. Думка наладзiць сталы тэатр спадабалася ўладам. Сабралi ўсiх расьцярушаных па ўсiм лягеры актораў, звольнiлi iх ад большае часткi прымусовых работаў. Неўзабаве наладзiлася й аркестра. У лягеры аказаўся майстра, якi ўмеў рабiць духавыя iнструмэнты.

Вось гэтак стварыўся тэатр, праз сцэну якога прайшлi паважныя акторскiя сiлы, сярод iх ведамыя iмёны, а таксама аматары, шмат якiх адзначалася запраўдным вялiкiм талентам.

Цiкаўна, што крымiнальны элемэнт даў тэатру шмат выдатных акторскiх сiлаў.

Адведзiны Горкага

Раз улетку прыехаў на наш абток Максiм Горкi.

Было гэта ў 1928 цi 1929 годзе, добра ня памятаю. Гады на катарзе гэткiя падобныя адзiн да аднаго, час плыве гэтак аднолькава, што хроналёгiя здарэньняў ня трымаецца ў памяцi, — застаюцца толькi адны ўражаньнi — моцныя, нязнiстажальныя, але ня ўвязаныя ў ходзе часу.

х х х

На прыезд дастойнага гасьця ў салавецкiм тэатры артыстычнымi сiламi вязьняў падрыхтоўваўся канцэрт з адборнай праграмай.

Гадзiна, на якую быў прызначаны пачатак канцэрту, мiнула, але гасьцей у зале яшчэ ня было. Толькi шэрая маса вязьняў запаўняла лаўкi.

Раптам пастаўлены ля дзiркi ў заслоне вартаўнiк крыкнуў: «Iдуць! iдуць!» — i за кулiсамi ўзьнялася гаручка. Iнсьпiцыент правяраў, цi ўсе ўдзельнiкi канцэрту на сваiх месцах.

Я ўлез на «каласьнiкi» (галярэю навакол сцэны за кулiсамi), прытулiўся вокам да дзiры, прасьвiдраванай у драўлянай сьцяне i з зацiкаўленьнем прыглядаўся да тав. Максiма Горкага, якi сядзеў у першым радзе — разам iз сваiм чэкiстаўскiм абкружэньнем. Побач зь iм сядзела нейкая маладая жанчына ў мужчынскай вопратцы зь цёмнай скуры. Далей агенты ГПУ ў даўгiх да пятаў шынэлях. Жанчына была, як пасьля мне нехта казаў, дачка пiсьменьнiка.

Горкага я шчэ нiколi ня бачыў.

Яшчэ ня зыйшоўшы iз школьнае лаўкi, я разам iз маймi калегамi зачытваўся творамi маладога тады пiсьменьнiка, якi хутка здабываў сабе славу арыгiнальнасьцяй сваiх сюжэтаў, навiнёй дадзеных лiтаратуры тыпаў i сваiх думак.

Апрача гэтага, Пешкаў — Горкi — ужо не як пiсьменьнiк, але як чалавек — меў у нашых вачох асаблiвы чар iз прычыны сваiх вольнадумных паглядаў, частых канфлiктаў з уладамi, нязвычайнае, бурлiвае маладосьцi. Сяньня гэты чалавек сядзеў вось тутака, непадалёк ад мяне, — сьвятло зь верхняе рампы падала на першыя рады i добра асьвятляла гэты старэчы цяпер твар з абвiслымi вусамi.

А навакол яго, у гэтай самай залi, было нямала людзей, якiм былi дарагiя вызваленскiя iдэалы, якiя гэтак сама некалi змагалiся з царскiм самаўладзтвам, а цяпер кiненыя на катаргу чырвоным дэспатызмам… Гэтыя людзi ў шэрых, прасяклых ад частае дэзынфэкцыi пахам фармалiну бушлатах — гэта тыя-ж самыя людзi, што калiсьцi гэтак сама тулялiся па царскiх вастрогах i, як Горкi, лятуцелi аб вольнай Расеi…

А цяпер? Ролi перамянiлiся…

Твар Горкага выяўляў… толькi нуду. Нiчога больш нельга было знайсьцi на гэтым старэчым вусатым твары калiшняга змагара за волю. Сядзеў зьлёгку згорбiўшыся й бязуважна глядзеў на сцэну, зь якое плылi гукi музыкi, песьняў — усяе гэтае праграмы, укладзенае на ягоную чэсьць.