Я пэўне-ж адказау ёй, што мне вельмi добра, бо iнакш цэнзура не прапусьцiла-б лiста.
Бiблiятэка
Вялiкую асалоду ў жыцьцi вязьня дае бiблiятэка.
Бiблiятэка на Салаўкох была вельмi багатая: былi ў нас кнiгi бадай ува ўсiх галоўнейшых эўрапейскiх мовах. Калi спасярод расейскiх кнiг западозраныя зь iдэялёгiчнага боку творы пасьля кажнае «чысткi» нiстожылiся, дык кнiг у чужых мовах нiхто не правяраў. Дык вось i сустракалiся тут гэткiя дзiвосы: сярод французкiх кнiг я знайшоў нейкую старую дыдактычную аповесьць для дзяцей, у якой была праведзена гэткая думка: памятайце, дзеткi, што сумленныя людзi бываюць ня толькi сярод маркiзаў, здараецца часам, што сумленнымi бываюць i людзi бедныя…
Музэй
Быў тут i музэй, якi складаўся з трох аддзелаў: прыродаведнага, у якiм былi сабраныя мёртвыя экспанаты салавецкае флёры й фаўны; прамысловага — з выстаўленымi ўзорамi вырабаў тутэйшага промыслу й рамяства (гарбарнi, сьлясарнi, ганчарнi, сталярнi i да г. п.), аддзелу гiстарычнага, дзе былi сабраныя iконы, узятыя з цэркваў, некаторыя зь iх вялiкае мастацкае вартасьцi, тонкае работы крыжы рознага кшталту й вагi, зялезныя ланцугi з крыжам на канцы («вериги»), якiя насiлi манахi дзеля пакуты цела, i iншыя памяткi з старога манастыра. Але найцiкавейшыя экспанаты — гэта былi старыя рэлiквii — «мощи» сьвятых Засiмы й Савацiя, закладнiкаў салавецкага манастыра, замкнёныя ў шкляных скрынях.
Аглядаць музэй дазвалялася толькi групамi пад кiраўнiцтвам узгадавальнiка або каманданта роты. Тлумачэньнi даваў спэцыяльна вызначаны музэйны павадыр… Гiстарычны аддзел паказвалi вельмi павярхоўна, насьпех, a тлумачэньнi давалiся ў духу антырэлiгiйным.
Нейкi час я выконваў абавязкi музэйнага стоража. Мая праца была нескладаная. Я прахаджаўся музэйнымi калiдорамi, а часам выстойваў пад дзьвярыма, пiльнуючы, каб «сацыяльна блiзкiя» не павыкрадвалi экспанатаў.
Бадай штодня, калi я выходзiў на музэйны ганачак, падыходзiў да мяне пакорна нейкi селянiн з-пад Тулы (б. «кулак») сярэдняга веку й прасiў дазволу памалiцца,
Я ўважлiва разглядаўся ўва ўсе бакi i, пераканаўшыся, што нiхто ня бачыць майго службовага праступку, вёў «кулака» ў гiстарычны аддзел. Тут — паводле праваслаўнага звычаю — ён, хрысьцячыся, «адбiваў паклоны», а пасьля падыходзiў да трунаў сьвятых i малiўся…
Па твары ягоным плылi сьлёзы.
У 1933 годзе ў музэi была праведзеная рэарганiзацыя. Гiстарычны аддзел зачынiлi.
Спорт
У салавецкiм лягеры вялiкая ўвага надавалася фiзычным практыкаваньням. Была ў нас адмысловая спартовая плошча, дзе ўлетку адбывалiся розныя гульнi, а ўзiмку была зроблена коўзанка. Апрача таго, узiмку езьдзiлi на iртах (лыжах) i на саначках.
Гожа адзначыць, што ўсе гэтыя вiды спорту былi прыступныя для ўсiх, апрача, ведама, тых, што сядзелi ў iзалятары або «запретных» ротах, а патрэбныя прылады былi скарбовыя.
Аднак карыстацца iмi iндывiдуальна нельга было, а толькi калектыўна, пад наглядам каманданта роты або «воспитателя».
Падзел вязьняў
Адмiнiстрацыя дзелiць вязьняў на дзьве катэгорыi: «каэраў» i «сацыяльна блiзкiх». Два розныя сьветы, дзьве псыхiкi, дзьве этыкi.
Крымiнальныя вязьнi, iз свайго боку, дзеляць людзей на дзьве выразна адрозныя часткi: «мы» и «яны». «Мы» — гэта ўсе тыя, хто жыве ў нязгодзе з кодэксам, гэта — зладзеi, бандыты, ашуканцы i да г. п. паразыты на целе грамадзянства. «Яны» — гэтак званыя фраеры — гэта той людзкi мурашнiк, якi творыць пэўныя вартасьцi, баронiць свае маёмасьцi, жыве iз свае працы.
Першыя — гэта абраньнiкi долi, род надлюдзкi, якому ўсё дазволена. Другiя — iлоты, няздольныя да нiчога iншага, як у поце чала здабываць хлеб свой. Першых абавязвае ўва ўзаемных дачыненьнях свая этыка, якая не датычыць да «фраераў». Доўг пры гульнi ў карты мусiць быць выплачаны «свайму» на працягу 24 гадзiнаў. Дадзенае «свайму» слова мусiць быць датрыманае. Наадварот, да фраера дапушчаецца ўсялякае круцельства. Калi ў часе гульнi ў карты (а ўсе крымiналiстыя iз захапленьнем гуляюць у карты) некаму зь iх сяньня не шанцуе й няма ўжо грошай, каб гуляць далей, дык ён будзе гуляць на порткi цi на боты фраера, што сьпiць тут-жа непадалёк на нарах; а калi прагуляе, дык «сумленна» ўкрадзе прагуляную рэч i аддасьць яе таму, хто выгуляў. Калi-ж няма пад рукою фраера, ён гатовы гуляць на палец ад свае рукi i, калi прагуляе, не задумваючыся, адсячэць яго сякерай ды бравурна кiне шчасьлiваму гульцу.
Крымiналiсты (злодзей i бандыт) Iван К-роў прагуляў сваю каханку, якая была ўцяжку.