Выбрать главу

Ня жыцьцё, а малiна!

Але аднаго разу зайшоў у камару камандант роты.

— Аляхновiч! Хто тут з вас Аляхновiч! Ты Аляхновiч? Собирайся с вещами!

— Куды, таварыш камандант?

— У чатырнаццатую роту.

Бр-р! Чатырнаццатая рота называлася «запретнай» ротай. Там былi шмат горшыя ўмовы жыцьця. Спалi на агульных нарах. Забаронена было выходзiць. У кухню, на работу, у патрэбнае месца — iшлi пад канвоем. Тут быў сабраны «няпэўны» элемэнт: былыя афiцэры царскай службы, пракуроры i iнш. небясьпечныя каэры.

Пасьля камфорту 7-ай роты Аляхновiч апынуўся ў 14-ай «запретнай».

Чаму? За што? Што здарылася?..

На Вэгэракшы

Раз, восеньскiм днём, калi я ўжо рыхтаваўся спаць, у маю камару шпарка ўвайшоў камандант:

— Зьбiрай свае манаткi! Хутчэй!

Я астаўпеў. Куды?

Мяне павялi на прыстань. Пасадзiлi на параплаў. Павезьлi ў Кем.

Пасьля шасьцёхгадовага побыту ў лягеру мяне ўжо не ўважалi за небясьпечнага вязьня, якi захацеў-бы ўцячы, дык прызналi магчымым перавесьцi на зямлю. З абтоку ўцячы немагчыма, а на зямлi бывалi здарэньнi ўдалых уцёкаў.

Прывезьлi мяне ў Кем, малое мястэчка за 10 кiлёмэтраў ад узьбярэжжа Белага мора. За мястэчкам стаяць драўляныя баракi, абведзеныя калючым дротам. Тут жывуць вязьнi.

Гэтае выклятае месца мае назоў «Вэгэракша», што ў карэльскай мове значыць: шлях ведзьмаў.

Частка прадпрыёмстваў, у якiх працуюць вязьнi, стаiць тут-жа, у драцяной агарожы. Тутака ёсьць: электроўня, друкарня, гарбарня, фабрыка цацак. За агарожай знаходзяцца: сталярня, швальня i канцылярыя, якiя абслугоўваюць лягеры.

Вязьнi, што працуюць за драцяной агарожай, маюць пропускi на права хадзiць да мястэчка. Аднак тамака iз сталымi, вольнымi жыхарамi нiякага лучэньня ня маюць, бо гэта магло-б мець прыкрыя для адных i для другiх вынiкi.

У некаторых крамках, якiя ёсьць у мястэчку, гэтаксама няма емiны, як у лягерных «ларкох». На тутэйшым торжышчы можна дабраць толькi два прадукты: малако ды часам чорны хлеб.

Кормяць вязьняў на «Вегэракшы» зусiм таксама, як i на Салоўках: даюць салоную рыбу ды полiўку з рыбы. Дык згаладалыя людзi цягаюцца берагам ракi, шукаючы адпадкаў емiны, бо ўсялякiя адпадкi i сьмяцьцё скiдаюць тутака на бераг ракi.

Абставiны жыльля тут шмат горшыя, чымся на Caлоўках. Вязьнi жывуць у драўляных бараках, поўных блышыцаў, на двухпаверхавых нарах. Няма й гутаркi аб тым, каб чалавек меў хоць нейкую палiчку над галавой — дзеля асабiстага карыстаньня. Гэтак тут цесна. Тыя, што зьмяшчаюцца на споднiх нарах, трымаюць свае рэчы, судзьдзё й прадукты ў скрыначках пад нарамi, а хто на верхнiх, той мусiць трымаць ўсё дабро ў галавах.

Крадуць таксама, як i на Салоўках.

Наганяюць да працы паводле пануючае ў СССР сыстэмы «ўдарнiцтва» й «спаборнiцтва». Усе залiчаюць сябе да «ўдарнiкаў», усе стараюцца выперадзiць другiх у выкананьнi работы вышэй за норму, бо iнакш не атрымаюць права купляць прадукты, якiя ад часу да часу зьяўляюцца ў крамках.

На гiтары граю

Чалавек у вастрозе, адарваны ад звычайных жыцьцёвых клопатаў, жывучы на ўсiм гатовым, мае шмат часу дзеля контэмпляцыi. Думаю, што гэтае жыцьцё з гэтага боку падобнае да манаскага.

Сяньня, калi я кладуся спаць, я думаю аб тым, якi я заўтра павiнен нарыхтаваць матар'ял для газэты, дзе дастаць махоркi, не забыцца заплацiць рахунак за электрычнасьць i да г. п.

Там гэтых клопатаў няма.

Там — з глыбiнi памяцi прасякаюць у сьведамасьць успамiны мiнулых дзён. Успамiнаюцца дзiцячыя гады змалку дзён, ажывае ў памяцi мiнулая маладосьць — найлепшая пара ў жыцьцi i поўная найбольшых памылак, маладосьць, якая выкоўвае ўсё далейшае жыцьцё.

Але найчасьцей успамiналiся сталыя гады, асаблiва гэты мамэнт, якi меў гэткае значаньне для майго лёсу — пэрыяд маiх прабальшавiцкiх сымпатыяў, мае шуры-муры з «Грамадой», мой выезд у Саветы, якi закончыўся Салоўкамi…

I, здавалася, даўно забытыя, у маёй памяцi з усёй падрабязнасьцяй ўваскрасалi сцэны, гутаркi з Мiхайлоўскiм, з Тарашкевiчам, зь iншымi… Мой прыезд у Менск, мае iдыятычнае захопляваньне савецкiм ладам, мае расчараваньнi… I я скрыгатаў зубамi ад злосьцi на сябе самога й на iншых, на тых, хто намаўляў мяне ехаць, хто багаслаўляў мяне на гэтае падарожжа…