Выбрать главу

I часта ўвечары, вярнуўшыся з работы, калi камара нашая пачынала жыць сваiм вячорным жыцьцём, хто гуляў у шахматы, хто сёрбаў сваю пакiнутую ад абеду полiўку, — я сядзеў у куточку на сваiм тапчане i, бздрынкаючы на гiтары, цiха пяяў песьню, якую сам надумаў…

Гэтак я «душу себе отводил»…

На жаль, не магу тут перапiсаць свае песьнi, бо кожны куплет быў вельмi няпрыстойны. Магу зьмясьцiць толькi адзiн куплет з маленечкiм пропускам.

На гiтары граю, нi аб чым ня дбаю: Жыву як у раю — першы сорт! Зьеўшы пшонны кляйстар[19] П…ць я майстар. I не хвалячыся б'ю ракорд!

Прыпеўка:

Дзякуй, дзякуй, дружа мой Тарасе! I табе таксама, Сымон Рак! За вашыя рады, за вашыя зрады, Якiм я паверыў як дур-р-рак!

— Аляхновiч! Што ты там мармычаш сабе пад нос? — пыталiся таварышы.

— Нiчога… пяю песьню адну беларускую.

— Ну, й песьня! Што нi слова, то мацяршчына!..

Гэтак я любiў сабе iншы раз «душу отвести…»

Але гэтага мала. Надзеi на вызваленьне няма нiякай. Трэба нешта надумаць. Трэба знайсьцi нейкую саломiнку, за якую можна-б было ўхапiцца.

I я надумаў для сябе гэтакую «саломiнку».

Будзем стаяць на матэрыялiстычным гледзiшчы. Бязь нiякае мiстыкi. Думка мая, скажам, ёсьць нешта матэрыяльнае. Я шлю яе ў прастор. Яна ляцiць на хвалях этэру цi на нейкiх iншых, няведамых… Усё роўна, гэта няважна! У думках сваiх заўсёды — стаючы ў чарзе, iдучы на работу, лёгшы на нары — заўсёды я паўтараю адно: «Я хачу быць на волi!» I думка мая ляцiць у прасторы, шнуруе, перасякаецца зь iншымi i… раз адзiн, можа, штырхнецца з думкай, якая можа мець уплыў на мой лёс… I робiцца тады гэткi «court schluss…» нешта трашчыць, ламаецца, робiцца нейкi неспадзяваны пераварот у маiм лёсе…

I я думаў… Думаў i лятуцеў. Пераносiўся думкай у родную Вiльню, на бераг Вяльлi, сядзеў на пляжы пад Вэркамi або хадзiў па добра знаёмых вулiцах…

Камара ўжо храпла сном зморанага катаржнiка, а я, лежачы на нарах, пераносiўся далёка ад Салоўкаў iз слабой iскрай надзеi, што думка мая, маё гарачае хаценьне здолеюць зрабiць нейкую зьмену ў маiм лёсе.

Гэткай сваей саматужнай тэорыяй я стараўся дадаць сабе духовай сiлы, стварыць саломiнку, за якую ў безнадзейнасьцi майго палажэньня мог-бы ўхапiцца…

х х х

Летась мне трапiла ў рукi адна надзвычайная кнiжка, у якой я прачытаў[20]:

«Кажная з нашых думак — гэта рэальнасьць, — гэта сiла. Кажная думка — гэта цэгла ў твораным лесе — злым цi добрым.

Хто ў дадзены мамэнт павiнен жыць у паганай хаце, блага харчавацца, сябраваць зь людзьмi грубымi i някультурнымi, хай бязупынна пратэстуе ў сваiх думках супраць усяе гэтае нядолi! Хай духова жыве ў iншым, прыгажэйшым доме… сярод iншых людзей, — гэты стан ягонае душы сам давядзе яго да чагосьцi лепшага, без намаганьня, бяз прымусаў…

Будзь толькi багаты духам, фантазiяй i сьведамасьцю, a ўсё гэта прыйдзе… Галоўны настрой цi заняпаду духу, цi трыумфу, у запраўднасьцi стварае ўсе фiзычныя абставiны жыцьця…

He абмяжоўвай нiколi будучых магчымасьцяў…»

Домiнантай маiх настрояў было гарачае жаданьне вызваленьня, туга за iншым жыцьцём, хаценьне выбрацца на волю…

А ў перамешку з гэтым

На гiтары граю, нi аб чым ня дбаю…

Газэта й радыё

Што другi дзень выходзiць тутака друкаваная газэта «Трудовой Путь», рэдагаваная й складаная вязьнямi. Газэта ўсьцяж заклiкае да павялiчэньня прадукцыйнасьцi працы i «кляймiць» усякiя правiннасьцi вязьняў.

У кажнай роце i ў кажным прадпрыёмстве ёсьць радыёгукальнiк, злучаны з цэнтральнай станцыяй на Вэгэракшы.

На працягу ўсяго дня чуем заахвочваньне да наследаваньня найлепшых ударнiцкiх брыгадаў i словы асуджэньня ды пагрозы адказнасьцяй для тых, хто не спраўляецца iз сваёй рабочай нормай, — а ўвечары злучаюць нас iз Macквой, скуль чуем лекцыi, бягучыя весткi (i там усё ў ударнiцкiх тэмпах), канцэрты, опэру. А самай поўначы (паводле заходняэўрапэйскага часу — а 10-й гадзiне вечару) чуюцца нязьменна гукi савецкага гiмну (iнтэрнацыяналу), i пасьля да 2-ое гадзiны ўначы злучаюць нас iз сталiцамi эўрапэйскiх гаспадарстваў. Слухалi мы часта Бэрлiн, Вену, Прагу, Варшаву…

Пасьля ўсiх гэтых нясьцiханных гутарак аб «ударнiцтве» й «спаборнiцтве» дзiўнае ўражаньне робяць гукi фокстроту, якiя плывуць да нас зь нейкае эўрапэйскае кавярнi. У перапынках чуваць бразганьне судзьдзя, гул галасоў людзкiх… Галодны, у лахманах вязень слухае гэтыя гукi i лятуцiць аб сытым жыцьцi, жыцьцi ў чысьцiнi, — не аб камфорце, але аб найбольш элемэнтарных абставiнах запраўды людзкага жыцьця. Усё гэта — такое далёкае, недасяжнае… Наплываюць наiўныя думкi аб чыстым каўнерыку, аб эўрапэйскай вопратцы, аб шыкарных жанчынах, аб залiтай сьвятлом залi, аб красках… Наплываюць думкi аб усiм, што чалавек страцiў назаўсёды. Гэта-ж — ня сон. Там, недзе далёка, за колькi тысяч кiлёмэтраў, людзi жывуць iнакш… Там, недзе, у «капiталiстычных» краёх людзi не памiраюць ад голаду, ня знаюць ГПУ…

вернуться

19

У гэты час нас штодня бязь зьмены кармiлi прасянай (пшоннай) кашай.

вернуться

20

Prentice Mulford «Preci smierci».