Выбрать главу

Гэткiм шляхам iмкнуцца думкi вязьня пад гукi фокстроту, пачутага праз радыё з эўрапэйскае кавярнi…

Стаiць вязень, абапёршыся аб сьцяну, i слухае. Закруцiлася сьляза ў воку. Добра, што нiхто ня бачыць: таварышы спяць. Ён лятуцiць… А блышыцы пачулi пажыву… шпарка паўзуць па сьцяне да лятуценьнiка, што прытулiўся да яе… Лезуць за каўнер i — варочаюць яго да запраўднасьцi…

Трэба баранiцца ад блышыцаў… Дый спаць пара ўжо. Дай Бог, каб сон быў без кашмараў! Заўтра рана трэба падымацца на работу…

А стуль — здалёк, праз тысячы кiлёмэтраў, радыёвыя хвалi нясуць гукi музыкi, калышуць да сну…

У iзалятары

13-га лiпеня 1933 году, калi я ў сваiх кашарах еў атрыманую на абед полiўку з «таранi», прыбег, задыхаўшыся, пасланец ад IСО, клiчучы мяне чым хутчэй з сабой:

— Хутка! Разам з рэчамi — марш у IСО!

Я ажно зьбялеў ад жаху. Што такое? Нiякае вiны я не пачуваў за сабою. Ax, праўда! Я прыпомнiў, што колькi дзён назад у мяне ўкралi пропуск на права выходзiць за калючы дрот. Той, у каго кралi гэткага роду дакумант, адказваў звычайна двухтыднёвым арыштам. Але гэта не датычыла да ICO. Дык калi клiчуць мяне да гэтае ўстановы, значыць, што справа шмат паважнейшая…

Аднак на разважаньнi часу ня было. Хуценька зьвязаў я свой клунак, ускiнуў на плечы дый пайшоў за маiм праваднiком. Зь ICO, нiчога мне ня кажучы аб прычыне майго арышту, павялi мяне ў iзалятар.

Пасадзiлi мяне ў малой камары — разам iз былым дазорцам, якi чакаў прысуду за тое, што ўдарыў прыкладам злодзея, якога вёў у вастрог. Цяпер за гэткiя рэчы сурова караюць, i мой выпадковы таварыш быў вельмi занепакоены сваiм лесам. Гэта быў малады вясковы хлапец, якога выслалi на пяць гадоў у лягер за неаплату падатку збожжам.

Пачалося ўжо кароткае паўночнае лета. Было вельмi цёпла, а ў нашай камары, у якой адчынялася толькi малая фортачка, было нават горача й душна.

Няпэўнасьць майго палажэньня, нястача тытуну (у iзалятары вастрожныя правiлы забараняюць курыць), пануры таварыш, душнае паветра — усё гэта выклiкала ў мяне вельмi сумны настрой.

Бо-ж чорт яго ведае, што тут сталася! За ўвесь час бытнасьцi мае на Салоўках мяне нi разу не садзiлi ў iзалятары, i толькi цяпер, на сёмым годзе адбываньня кары, доля судзiла мне i зь iм пазнаёмiцца. Мусiць, нейкае непаразуменьне! А мо нейкi «сексот» дзеля помсты зрабiў на мяне фальшывы данос? А мо я калi сказаў нешта неасьцярожна, i гэта дайшло да ведама ўлады? Часу на разважаньнi было ў мяне даволi, i ў маёй галаве мiтусiлiся самыя разнастайныя здагадкi, быццам грудок вераб'ёў, злоўленых у клетку.

Ax, гэтая няпэўнасьць!.. Як яна мучыць!

У дарозе

Праз два днi мяне вывялi зь iзалятара, далi 7 салоных рыбаў i 1/2 кiлёграмы хлеба, пасадзiлi з двума канвойнымi жаўнерамi на воз, i мы паехалi на чыгункавую станцыю. Куды едзем, я ня ведаў. Адзiн iз жаўнераў сказаў, што ў Маскву, другi нешта буркнуў пра Ленiнград. Гэта — сiстэма: не казаць вязьню праўды. Мая трывога ўсьцяж узростала, тым больш што канвой (пэўне, паводле дадзенай яму iнструкцыi) пiльна сачыў мяне. Мне забаранялi ўставаць iз лаўкi, выглядаць праз вакно. Кажны мой pyx на лаўцы выклiкаў неспакойны, пiльны пагляд канвою.

У вынiку разважаньняў я дайшоў да перакананьня, што калi на працягу блiзу сямёхгадовае бытнасьцi мае ў няволi анi голад, анi тыфус, цынга ды iншыя хваробы ня здолелi зьнiшчыць мяне фiзычна, дык пастаноўлена зрабiць мне новую справу i — у найлепшым выпадку — даць яшчэ 10 гадоў лягеру… Але якую справу? У чым мяне абвiнавачваюць?

Прыехалi ў Ленiнград. На вагзале вялiзарны натоўп. Я сядзеў тут пад наглядам аднаго жаўнера, бо другi некуды пайшоў выканаць нейкiя фармальнасьцi. Цяпер я ўжо ведаў напэўна, што едзем у Маскву. Ад часу да часу зварачаўся да мяне нехта з натоўпу, пытаючыся, калi йдзе якi цягнiк, што рабiла вялiкi клопат майму канвою, бо, як вязень, я ня меў права гутарыць iз публiкай.

Адзначаю, што сваiм вонкавым выглядам, у катаржнай вопратцы, я мала адрозьнiваўся ад гэтага бедна апранутага натоўпу. Людзi думалi, што i я — такi-ж самы падарожны, толькi еду ў кампанii з жаўнерам, i нiхто не здагадваўся, што перад iм — салавецкi вязень. А быў я апранены так, што ў нас на Беларусi й дзяды лепш апранаюцца… З гэтага можна меркаваць аб агульным вонкавым выглядзе публiкi ў колiшняй сталiцы Расеi.