Заняўшы месцы ў iншым цягнiку, паехалi мы ўрэшце на Маскву.
Бутыркi
Масква
17-га лiпня былi мы ўжо на месцы. Доўга чакалi на вагзале, пакуль прыйшло аўто ГПУ — карэтка бяз вокан iз закратаванымi дзьвярыма, у вастрожнай гутарцы называная «черный ворон».
Была ўжо ноч, калi мы спынiлiся перад нейкай панурай брамай. Мае рэчы забралi, выдаўшы квiток, пасьля павялi ў лазьню i ўрэшце пусьцiлi ў камару, дзе на двух радох нараў спалi ўжо каля 40 асоб. Калi зьвякнуў ключ у замку, колькi постацяў паднялося на сваiх пасьцелях, пачало да мяне прыглядацца i ўрэшце распытвацца, хто я.
Мая заява, што я прыехаў iз Салавецкага лягеру, выклiкала сэнсацыю. Пачалi закiдваць мяне пытаньнямi. Бо бальшыня — гэта былi кандыдаты на высылку ў канцэнтрацыйныя лягеры.
— Таварышы, — запытаўся i я, — дзе мы? На Лубянцы?
— У Бутырках, — быў адказ.
Я ўздыхнуў лягчэй. Бо дагэтуль быў перакананы, што трапiў на страшную Лубянку № 2, што сяджу ў вастрозе ГПУ. Хаця й Бутыркi гэтак сама падлягаюць ГПУ, мне яны, няма ведама чаму, не выдавалiся гэткiмi грознымi.
Я спадзяваўся, што справа мая праз дзень-два высьветлiцца. Аднак, iшлi днi, iшлi тыднi, лета ўжо мiнула, пачыналася восень, а я ўсё сядзеў у тэй-жа самай камары, ня ведаючы, колькi часу патрывае мая бытнасьць у Бутырках.
Была гэтая камара «перасыльная», значыць прызначаная для вязьняў, якiх садзяць сюды часова i адсылаюць далей. Сюды прыходзiлi вязьнi iзь сьледчых калiдораў, i тут-жа iм абвяшчалi прысуд: пераважна ссылка ў канцэнтрацыйныя лягеры на розны час.
Пераважалi сярод гэтых гаротнiкаў сяляне, якiя паўцякалi з далёкага выгнаньня, куды iх высылалi, як «кулакоў», цэлымi сем'ямi.
Жылi людзi недзе сярод пячорскае тундры ў драўляных бараках i штодня ўдосьвiткi выходзiлi на прымусовую работу ў лес. Дзецi, старыя, мужчыны, жанкi, — усе разам, сям'я пры сям'i, на супольных нарах. Тут-жа, у гэтым сьцюдзёным, цёмным i брудным бараку, адны памiраюць — другiя родзяцца.
Саромлiвасьць у гэткiх абставiнах зьнiкае. Жывуць, як першабытныя людзi. Памiраюць ад цынгi, сухотаў, дызэнтэрыi, а найбольш — ад плямiстага тыфусу. Памiраюць таксама ад зьнясiленьня, ад голаду. Плата за работу выдаецца iм у натуры, але норма працы такая вялiкая, што выканаць яе, асаблiва для чалавека слаба кормленага, вельмi цяжка, — дык работнiк… не атрымвае поўнае порцыi хлеба, а гэтулькi, як старыя й дзецi: 200 грамаў.
Паводле лёзунгаў: «общественное питание есть путь к социализму», нiхто сабе асобна стравы не гатуе, дый, папраўдзе, няма чаго гатаваць! На гэта ёсьць агульныя кухнi. А гэныя кухнi даюць на абед мiску салонае полiўкi ды часамi салоную рыбу.
Дык ссыльныя лепш хочуць жыць у вастрозе, у канцэнтрацыйным лягеры, дзе работа лягчэйшая й порцыя хлеба сталая, чымся на гэткай «волi». Ад такога жыцьця масава ўцякаюць. Неяк пашэнцiла iм дабрацца да Масквы — цi то пехатой, цi «зайцам» — у таварных вагонах; але ў Маскве на вагзале рупнае вока агентаў ГПУ выкрыла iх i аддало ў рукi сьледчых уладаў. За ўцёкi чакала iх кара трох гадоў у канцэнтрацыйным лягеры.
У Бутырках я бачыў шмат гэткiх зьнясiленых сялян — пераважна ўкраiнскiх, бо Украiна дае найвялiкшы працэнт ссыльных пасяленцаў у паўночных тундрах. Бачыў, як яны, пасьля галадухi прагавiта глыталi вастрожны «паек» хлеба (400 гр.) i, ня могучы заспакоiць iм — пасьля доўгага «посту» — пачуцьця голаду, вышуквалi ў ваколiцах «парашы» лупiны ад гуркоў ды iншыя адпадкi, выкiданыя тымi, хто атрымлiваў ежу ад сваiх зь месца.
Вастрожныя таварышы тут часта зьмянялiся. Бадай штотыдня, звычайна ўначы, дзьверы камары з трэскам расчынялiся, i наглядачы выклiкалi вязьняў, прызначаных на этап, у вагульнай цiшынi чулася чытанае прозьвiшча, i ўласнiк ягоны мусiў адказаць, называючы сваё i бацькава iмя. Пасьля хутка складаў свае манаткi i ўжо быў гатовы ў дарогу ў страшное заўтра, якое чакала на яго недзе ў няведамых краёх. Толькi вывеўшы з камары i сабраўшы ўсiх разам, абвяшчалi iм, у якi лягер яны паедуць.
Пасля гэткага працерабленьня нашае камары, яна на працягу тыдня iзноў запаўнялася. Бадай штодня пушчалi сюды ўсё новых i новых вязьняў. Ведама, кажнага новага таварыша абкружалi й распытвалiся: хто ён, скуль, за што? Заспакоiўшы сваю цiкавасьць, яго пакiдалi ў супакоi i ўжо больш ня цiкавiлiся ягонай асобай.
Спозненыя жалi