Цырымонiя абмену. Адданьне чэсьцi, паклон капялюшом, сьцiсканьне рук, падпiсаньне акту абмену. I мы, калiшнiя прыяцелi, а цяпер — чужыя сабе людзi, шляхi якiх разыходзяцца ў процiлежныя бакi, падалi сабе рукi. Звычайныя вастрожныя камплiмэнты: «Добра выглядаеш». — «Ты таксама». — «Дзякуй, але сумляваюся»…
Пасьля — колькi горкiх словаў за манлiвыя мiражы, але тут спынiў нашую гутарку старшыня польскае рэпатрыяцыйнае камiсii:
— Panowie mieli mówić o sprawach prywathych, a panowie mówia о polityce…
A савецкi гэнэрал, пачуўшы нашую гутарку «на политические темы», ня ведаў, што рабiць, быў «захвачен врасплох».
Урэшце — апошняе халоднае пацiсканьне рук.
— Бывай здароў!..
Ён iз вастрогу пойдзе туды, дзе ўвесь вялiзарны край — гэта адзiн вялiкi вастрог, дзе думка чалавечая сьцiсьненая ў вабцугох савецкага абсурду, дзе ня толькi дзеяць i гаварыць, але й думаць i дыхаць трэба паводле аднаго, для ўсiх абавязковага шаблёну. Ён пойдзе ў край белага нявольнiцтва, голаду, нэндзы, людаедзтва, а я — кiруюся на Захад, да «капiталiстычных» гаспадарстваў, дзе буду прынамсi спаць спакойна, ведаючы, што ўначы госьцi з ГПУ не пастукаюцца да мае гасподы.
Каб-жа толькi ня бачыць больш кашмарных сноў. Каб забыцца на пяцiгодкi, ударнiцтва, людаедзтва!..
Я ап'янеў ад шчасьця. Нешта гавару, шмат гавару… Iдзём у сьвятлiцу КОПу. Штось апавядаю… О, бо-ж запраўды можна быць п'яным ад шчасьця! Якое-ж гэта дзiўнае пачуцьцё! Пяро мае не патрапiць апiсаць гэтага стану.
Апавядаюць, што Мiгуэль Сэрвантэс, зьвярнуўшыся з няволi ў алжырскiх пiратаў, сказаў, што найвялiкшым шчасьцем, якое можа спазнаць чалавек, ёсьць радасьць ад верненай волi. Гэткае шчасьце спазнаў я 6 верасьня 1933 году. Гавару аб сваей радасьцi. Дзякую… Даўлюся словам!.. Нешта сьцiснула мне горла ад узварушаньня…
Хто ведае, можа, варта сем гадоў цярпець мукi ў савецкiх вастрогах, каб пасьля перажыць такую часiну — часiну гэтага найвялiкшага шчасьця.
Гэта часiна ўжо больш не паўторьщца. Яе можна перажыць у жыцьцi толькi адзiн раз[23].
У той самы вечар сядзеў я ўжо ў гасподзе ў Стоўпцах i спажываў мясную вячэру. Еў праўдзiвы валовы бiфштэкс. З цыбуляй! З бульбай! Зь белым хлебам! Дык ня дзiва, што пасьля даўгагадовае галадоўлi сьнiлiся мне ўначы — бальшавiкi.
А назаўтрае — спатканьне з прыяцелямi на вагзале ў Вiльнi.
Цяпер — да новага жыцьця, да новае працы.
Кашмар мiнуў.
I вось часiну вялiкага шчасьця давялося мне шчэ раз у жыцьцi перажыць.
Калi, як загнаны зьвер, хаваючыся, каб ня трапiць iзноў у бальшавiцкiя рукi, пасьля году гэткага жудаснага жыцьця я нарэшце пачуў грукат нямецкiх бомбаў i пабачыў, як уцякалi бальшавiкi, — я перажыў часiну радасьцi, якая ў сваёй эмацыянальнасьцi ня саступала перад тэй, ад 6 верасьня 1933 г.
Эпiлёг
I вось я на волi. Цешуся, п'янею ад волi. Месца сабе не знаходжу. He сядзiцца на адным месцы. Вось пайду яшчэ сюды, загляну туды, пабачуся з гэтым, трэба шчэ наведаць таго. I як дзiўна. Нiхто за мной ня йдзе, ня трэба нiякага пропуску, куды хачу, туды йду.
Дзе-ж гэтыя, што памiраюць з голаду, беспрацоўныя, аб якiх я гэтулькi чытаў i чуў там, у Саветах? На гасподу майго прыяцеля, у якога я жыву, часта звоняць нейкiя людзi: мужчыны, бабы… «Паночку! Калi ласка, беднаму галоднаму беспрацоўнаму, сяньня шчэ ня еўшы… Дайце, што ласка…» Гаспадыня дае галоднаму кавалак белай булкi з маслам, з сырам… У ваччу «галоднага» расчараваньне…
Варочаюся дахаты… Што гэта на клямцы? Прыглядаюся… На клямцы ўбiта булка з маслам i сырам… Скуль гэта булка? А! Гэта быў беспрацоўны… Галодны… не дастаўшы грошай, у злосьцi ўбiў булку на клямку… «Падавецеся вы сваёй булкаю!»…
Я бачу, што ў буржуазных краёх людзi не памiраюць з голаду, як аб гэтым на працягу 6 гадоў i 8 месяцаў я бязупынна чуў i чытаў у бальшавiцкiх газэтках…
Сяджу ў кавярнi… Грае аркестра… Усе людзi чыстыя, сытыя, вясёлыя, ветлiвыя… I ўспамiнаюцца мне цяпер лягерныя блышыцы й вошы, гукi факстроту, якiя прыносяць радыёвыя хвалi з далёкiх старонак…
Няўжо-ж усё гэта я запраўды перажыў? Няўжо-ж гэта ня сон, як тады — на вастрожных нарах?..
Хочацца гаварыць, а шчэ больш хочацца пiсаць. Хочацца расплюшчваць людзям вочы. А людзi кажуць: «Ну, няма дзiва, што вы гэтак настроены… Салоўкi. Блiзу 7 гадоў… Гм… Гэта ня жартачкi… Дык вы ня можаце глянуць на справу бесстаронна, вы на ўсё глядзiце аднабока… Але за што-ж вас у рэшце рэштаў пасадзiлi?.. Мусiць, нешта было…»
Iдыятычнае пытаньне!.. За што? Таксама iдыятычна. Бядуля аднойчы, спаткаўшыся на вулiцы ў Менску з маiм сваяком (пасьля майго вызваленьня), сказаў:
23
Гэтыя ўспамiны напiсаныя ў 1934 г. Тады мне й праз галаву не праходзiла, што з бальшавiкамi давядзецца шчэ раз спаткацца.