— Выбачайце, я пайду… Мне трэба ў iншы бок.
I хутка пайшоў у iншы бок.
А толькi што казаў, што iдзе ў гэтым самым кiрунку, што й Попутчiк.
ГПУ ўжо пачало настройваць менскае грамадзянства на адпаведны тон.
Неспадзяваны госьць
Канчаўся кароткi зiмовы дзень. Сутунела. Нядаўна скончылi абед. Седзячы пры стале, снавалi пляны на будучыню.
Дык вось: калi Попутчiк атрымае дазвол на сталае пражываньне ў Менску, сьцягне сюды жонку з дзецьмi. Ноймуць недзе на прадмесьцi невялiчкi дамок з гародчыкам. Жылсавет можа даць дазвол на гэткай самай аснове, як дае кватэрным каапэратывам. Мацi, гэткiм чынам, будзе дажываць свой век разам з сынам i ўнукамi, даглядаючы гаспадаркi, гадуючы куры.
Старэнькая любiла куры. Пару гадоў назад мела некалькi штук, але пакралi. О, цяпер будзе пiлнаваць! Цяпер ня ўкрадуць!
Жонка Попутчiка будзе памагаць мацi ў гаспадарцы.
Але, куры павiнны быць бязумоўна! Якая гэта прыемнасьць даглядаць гэтыя птушкi, разводзiць куранят, штодзень мець сьвежыя яйкi…
Раптам нехта пастукаў у дзьверы. На парозе цёмнага пакою зьявiўся нейкi сiлуэт.
— Цi тут жыве таварыш Попутчiк?
— Калi ласка… Гэта я… А што?
Незнаёмы падаў лiст.
Запалiлi лямпу.
На рагу канвэрта было напiсана:
Попутчiк разарваў канвэрт.
Клiкалi яго зараз-жа зьявiцца ў ГПУ.
— Добра… Я зараз… Скажэце, калi ласка, што я зараз прыйду.
— Выбачайце, але пойдзем разам. Я вас, таварыш, правяду, Гэтак мне сказалi…
— Ах, так? Ну добра. Iду ўжо. Зараз апрануся.
Пасланец — малады жыдок стаяў y куточку, не карыстаючы з запросiнаў сесьцi.
Гэтак стоячы, чакаў, пакуль Попутчiк апранецца.
— Што, што гэта? Куды цябе клiчуць? — непакоiлася матка.
— Э, нiчога… гэта такiя… прыяцельскiя запросiны, хай мама будзе спакойна, зараз вярнуся, — адказаў сын, памятаючы аб засьцярозе на рагу канвэрта.
Якое дзiўнае магiчнае дзеяньне маюць гэтыя тры лiтары: ГПУ. Нават чалавек, гэтак лёяльна настроены да савецкае ўлады як Попутчiк, пачуяў раптам адзнакi, што яго пакiдае духовая аднавага; а гэтым самым часам ногi ў яго аслабелi, горла сьцiснула, а нiжняя скiвiца не магла самкнуцца з верхняй, а толькi неспакойна калацiлася.
Пайшлi моўчкi.
— З якой мэтай мяне клiчуць, таварыш?
— Ня ведаю, — быў адказ.
Пасьля:
— Цi доўга там прабуду? — хацеў Попутчiк хоць крыху разьясьнiць загадку.
— Ня ведаю.
Iзноў iшлi моўчкi.
— Цi «гэта» далёка яшчэ?
— Не. Ужо блiзка.
Узапраўды, «гэта» было ўжо блiзка. На галоўнай вулiцы Менску, на Савецкай, увайшлi ў сенi нейкага вялiзнага дому. Побач дзьвярэй Попутчiк заўважыў на сьцяне чорную мармуровую таблiцу з напiсам залатымi лiтарамi:
Першы раз у ГПУ
Праваднiк паказаў салдату пры дзьвярох пропуск, i ўвайшлi ў сярэдзiну. Усходы. Калiдоры. Рады дзьвярэй.
Дык гэта тутака! Дык гэта — гэтае «ОГПУ», у скарочаньнi тры лiтары ГПУ, ад якiх мурашкi прабягаюць па сьпiне савецкага грамадзянiна, ад якiх нават лёяльны Попутчiк, не адчуваючы за сабой нiякае вiны, дазнаў страху.
Цяпер, пераступiўшы парог гэтае праклятае ўстановы, пачуў слабасьць усяго цела, як чалавек пасьля цяжкой хваробы, i дзiўную ў галаве блытанiну. Нiводная фраза да канца не фармулявалася, толькi нейкiя абрыўкi думак, нейкiя непавязаныя з сабой словы…
Што за чорт! Хiба ўжо муры тут прасякнуты дзiўнай моцай наганяць на людзей гэткi страх.
Увайшлi ў нейкi пакой.
— Пачакайце тутака, таварыш!
Праваднiк прапаў.
Попутчiк з прыемнасьцю сеў на крэсьле, бо ўжо цяжка было яму стаяць: ногi пад iм дрыжэлi.
Паглядзеў навакол: вялiкi пакой, у якiм пара канцылярскiх сталоў i крэслаў. Няма нiводнага чалавека.
Але найбольш зьвярнула ўвагу Попутчiка тое, што нiдзе не вiдаць нiякай палiцы, анi шафы. Замiж гэтага салiдныя зялезныя пры сьценах скрынi. На сьценках партрэты: Ленiна i Дзяржынскага.
Чакаючы, што далей будзе, пачаў прыглядацца Дзяржынскаму. Глядзеў на гэтую лысавую галаву з бародкай á la Henryk Sienkiewicz i прыпомнiў сабе гэтыя далёкiя вiленскiя часы, калi спатыкаўся з Фэлiксам Дзяржынскiм на калiдорах гiмназii.
Дзяржынскi быў старэйшы за яго на тры клясы. Ня былi знаёмыя, але Попутчiк добра ведаў свайго старэйшага калегу з твару.