Выбрать главу

I ўсё час ад часу:

— Але вы ня нэрвуйцеся, грамадзянiн!..

Пасьля кожнага гэткага «супакойваньня» Попутчiк быў знэрваваны яшчэ больш.

Гэткая гутарка, якая не прарочыла Попутчiку нiчога добрага, трывала блiзу гадзiну i раптам…

Раптам, як пад уплывам нейкiх чараў, усё перамянiлася, дачыненьнi да Попутчiка зрабiлiся вельмi прыязныя. Моў з твараў, якiя акружалi яго, зьляцелi прыкрыя маскi i зьявiлiся праўдзiвыя чалавечыя аблiччы. Гэтыя твары раптам страцiлi свой дасюлешнi iранiчны выгляд i праясьнiлiся прыяцельскай ветласьцю. Можна-б сказаць, што дагэтуль разыгрывалася камэдыя, а цяпер вось пачынаецца ўзапраўдная паважная гутарка. Ужо перасталi тытулаваць Попутчiка «грамадзянiнам», а называлi яго «таварышам».

— Ну, таварыш Попутчiк, усё добра… — сказаў Апанскi. — Хiба гэта разумееце, што да кожнага, хто прыехаў з загранiцы, мы ставiмся з недаверам… Мы павiнны яго добра памацаць, каб раскумякаць, хто ён, якiя ў яго пляны… Гэткiя ўжо нашы абавязкi… Ну, але iнакш i быць ня можа. Дык-жа разумееце, што мы з усiх бакоў абкружаны ворагамi, капiталiстычны сьвет толькi i глядзiць, каб нам неяк пашкодзiць… Ну, але цяпер мы ўжо вас разабралi, таварыш, мы вас ужо разумеем… Ужо ўсё ясна… Ну, а цяпер, калi афiцыйная частка нашае гутаркi скончаная, дазвольце запрасiць вас, таварыш, на заўтра на «товарищескую чашку чаю». Добра?

— Але я ахвоча… Вельмi дзякую…

— Як вас «звать по батюшке»? — прымiльна спытаўся Гродзiс.

— Карлавiч, Франц Карлавiч.

— Ну, дык вось, Франц Карлавiч, прыходзьце да нас заўтра зусiм проста… Вы, мусiць, ня зусiм добра арыентуецеся ў Менску?.. Ну, дык спаткаецеся з таварышам Карытавым, ну… хаця-б у сталоуцы № 1, ведаеце, дзе гэта? На рагу Савецкай…

— Але, ведаю, ведаю… Я там часам бываю.

— Ну, дык прыйдзеце туды, Франц Карлавiч, а гадзiне 8-й i чакайце. Туды прыйдзе таварыш Карытаў i забярэ вас iз сабой. Добра?

— Вельмi добра.

— Ну й як там у вас, у Польшчы, гавораць аб нас? Што ГПУ — гэта людзi дзiкiя, зьверы, садыстыя… Праўда?

— О, блага гавораць…

— А цяпер самi бачыце, якiя мы. Што? Ня гэткiя мы страшныя, як нас малююць… Хэ-хэ… Праўда?

— Ну ведама… Хэ-хэ-хэ.

— Ну, дык да заўтра, Франц Карлавiч! А памятайце: аб нашай з вамi гутарцы нiкому нi слова! Анi-нi-нi! Бо разумееце?.. Гэтае нашае мяшчанства… яно гэткае тупое, яно гэтага не разумее… Для iх ГПУ — гэта… Але нашто шмат казаць! Дык-жа вы самi ведаеце.

— Ну ведама!

— Дык да пабачэньня! Да заўтра!

Сардэчна пацiснулi сабе рукi.

У галаве Попутчiка быў хаос. Кучы супярэчнасьцяў. Перавал думак, якiя змагалiся адна з аднэй…

Як раптам счэз, так цяпер раптам зьявiўся жыдок гепiсты, якi прывёў сюды Попутчiка. Кнопкi электрычных званкоў тут прыладжаны пад дошкай стала гэткiм чынам, што, сядзеўшы пры стале, можна невiдавочным рухам пазванiць на таго, хто чакае на калiдоры.

Попутчiка правялi на вулiцу праз галоўныя ўваходныя дзьверы, дзе стаяла варта, i пусьцiлi дамоў.

Попутчiк ужо варочаўся дахаты адзiн… толькi з собскiмi думкамi…

Думаў: «Добра справу разгледзеўшы, дык гэта надта мiлыя людзi!.. Дарма пра iх гавораць блага… Але як здорава разыгралi камэдыю! Хэ-хэ! Рабiлi выгляд, што маюць мяне за ворага… А дык-жа аба мне ўсё ўжо добра хiба ведалi! Дык-жа паўпрэдзтва ў Варшаве, даючы мне вiзу, ужо не магло мець да мяне нiякiх засьцярог… Але правiльна кажуць: узапраўды капiталiстычны сьвет варожа настроены… Кожнага, хто прыяжджае, трэба добра прасачыць. Накш ня можа быць. Дый у кожным гаспадарстве ёсьць сваё ГПУ, толькi накш завецца… Там Inteligence Service, яшчэ недзе Siguranza, у iншым месцы Defenzywa, — усюды сваё ГПУ. Бяз гэтага нельга…»

Аднак-жа…

Успомнiў таямнiчую неразгаданую сьмерць Тэрэшчанкi, калi той, таксама атрымаўшы дазвол на прыезд у Менск, таксама быў запрошаны на банкет — i ранiцай… з савецкага раю папаў у рай нябесны.[3]

Мо i для мяне прыгатавалi гэткi трактамант?

Не! На якога чорта iм прыпатрэбiцца атручваць мяне! Дык-жа добра бачаць, што я iхны чалавек. Я не камунiсты, праўда, але я — Попутчiк…

Спачатку супакоены, пазьней, аднак, падсьведама прадчуваў пагрозу нейкай небясьпекi.

Але што рабiць? Не скарыстаць запросiнаў, не пайсьцi?

Нельга. Як-жа гэта будзе выглядаць! Значыцца, баiцца, знакам тым, нешта круцiць, тоiцца… Дык-жа кожную хвiлiну могуць прыслаць да яго пасланца з пiсьмом «совершенно секретным», i павiнен будзе iсьцi за iм, куды яго павядуць. Нiчога не паможа. Рады нiякай няма.

вернуться

3

Атручаны бальшавiкамi ў 1922 г.