Народ закрычаў ад радасці, падняўся шум, гам. Саку вельмі здзівіўся, пачуўшы такія словы, і ўстаў, каб растлумачыць народу, у чым справа.
— Браты! — пачаў ён казаць. — Праўда, што ў белых я пазнаў вялікага духа, які ўладае ўсімі намі — як белымі, таксама і чорнымі, праўда, што вялікі дух усё можа, але…
Пачуўшы аб тым, што вялікі дух усё можа зрабіць і, значыцца, дапамагчы ім, народ зноў пачаў крычаць, вітаць Саку, уздымаць зброю.
— Смерць Мукку! Знішчым іх! — чуліся галасы.
— Браты! — пачаў ужо крычаць Саку напружаным голасам. — Вы памыляецеся! Вялікі дух не дапамагае рабіць забойстваў…
Але задаволены народ не чуў, што ён кажа; ведалі толькі, што нешта добрае, і ад гэтага яшчэ больш шумелі. Тым часам падышла музыка і танцоры, і ўся ўвага накіравалася на іх.
Саку сеў і горка ўсміхнуўся.
«Няшчасныя, цёмныя людзі,— думаў ён, — маюць у галаве толькі адно: каб забіць свайго ворага. Нялёгка будзе растлумачыць ім, што самае галоўнае — выбавіць сваю душу. Але з дапамогай бога я выканаю свой абавязак».
На сярэдзіну выйшлі чатыры танцоры. Кожны ад плеч да калень быў захутаны пальмавымі лісцямі, якія надавалі ім выгляд звычайных коп сена, толькі на дзвюх нагах. Але самае галоўнае — гэта велізарныя, страшныя маскі, якія закрывалі ўсю галаву да плеч. Маскі былі размаляваны ў розныя колеры і мелі жудасны выгляд. На высокіх вострых шышаках развявалася пер'е.
Зайграла «музыка». Адзін роў праз велізарную бамбукавую дудку, даўжынёй метры са два. Роў і завываў ён так, што здавалася, быццам сто папуаскіх сабак пачалі свой канцэрт. Другі свісцеў у пусты какосавы арэх, у якім былі прасвідраваны дзве дзіркі. Трэці дзьмуў у маленькую свісцёлку, а чацвёрты біў у калоду-барабан. Быў і больш далікатны інструмент, на манер трашчоткі: мноства чарапашак было прывязана шнуркамі да дубца, музыкант махаў гэтай пугай, і ад гэтага чарапашкі ляскаталі.
Пад гэтую музыку танцоры тупаліся туды-сюды ды нахіляліся. Але людзі глядзелі вельмі ўважліва, бо танцоры азначалі духаў памёршых продкаў і лічыліся таемнымі, вышэйшымі істотамі.
Пасля гэтага афіцыйнага і святога танца пачалі саматужныя скокі, і да самага позняга вечара весяліліся гэтыя дзеці прыроды.
Саку, як шаноўны госць, начаваў у ум-камалі. Ужо ўсе паснулі, а ён стаяў на каленях і горача маліўся, каб бог дапамог яму выбавіць душы сваіх братоў. Над галавою яго шчэрылі зубы чалавечыя чарапы, а насупраць у куту стаяла драўляная статуя — тэлум.
V
Рэлігійныя дыскусіі.— Палон містэра Брука. — Захады Саку. — Мапу хоча выкарыстаць хрысціянства. — Вызваленне Брука. — Напад Мукку. — Расправа белых.
Трывожныя чуткі насіліся сярод насельніцтва Какаду.
Казалі, што белыя на нейкай невялікай, але вельмі траскучай лодцы заехалі далёка ў глыб вострава, у такія мясціны, дзе іх да гэтага часу ніколі яшчэ не бачылі.
Казалі нават, што велізарны, таксама траскучы, птах праляцеў над галавой.
Можа, гэта тыя самыя магутныя белыя лётаюць? Тады ўсё прапала.
Казалі яшчэ, што ў краіне з'явіўся нейкі дзіўны звер, большы за ўсіх звяроў, нават за самага вялізнага кенгуру. Гэты звер вельмі шпарка бегае, і на ім… на ім быццам сядзіць чалавек! Гэта чутка была жудасней нават за траскучага птаха.
І да ўсяго гэтага яшчэ тыя праклятыя Мукку варушацца. Нядаўна яны захапілі двух Какаду.
А пасланцоў з «громам» усё няма ды няма. Мабыць, загінулі.
Трэба адзначыць, што Мукку быў той самы род, з якога паходзіў Саку з маткай. Яму цяпер усё роўна было, ці Мукку, ці Какаду, і ён баяўся толькі аднаго — каб яны зноў не перагрызліся. Але ад яго чакалі не гэтага, а дапамогі супраць Мукку.
Мапу перастаў ужо чакаць пасланцоў. Ен цяпер усю надзею злажыў на Саку і «суцяшаў» яго, што вось яны хутка падрыхтуюцца і нападуць на Мукку, а Саку хай пакуль што моліцца свайму богу, каб сэрца Мукку зрабілася мяккім.
Саку ж тым часам прапаведваў хрысціянства.
— Самы галоўны грэх перад вялікім духам, — казаў ён, — гэта забойства. Ці не жадалі б вы ўсе, каб ніхто нікога не забіваў, каб усе любілі адзін аднаго, як браты, каб ніхто вам не пагражаў смерцю?
— Вядома, хацелі б, — адказала некалькі людзей.
— Ну, дык і вы таксама рабіце. І калі вам хто зробіць крыўду, перацярпіце, як вучыць нас вялікі настаўнік Хрыстос.
— А вось нядаўна Мукку з'елі аднаго нашага, — сказаў малады хлапец. — Калі мы будзем цярпець, яны ўсіх нас з'ядуць.
І зноў пачыналася спачатку… Мапу ён казаў:
— Ты не зразумеў і памыляешся наконт таго, што я казаў. Ты думаеш, што бог можа стаць на адзін бок, дапамагчы табе скрыўдзіць другога? Не, ён да ўсіх аднолькава ставіцца. І калі я табе сказаў, што мы павінны прасіць бога, каб ён змякчыў сэрцы людзей, дык гэта тычыцца ўсіх: і Мукку, і Какаду.
Мапу падумаў-падумаў і сказаў:
— Ну, добра, маліся за абодвух, абы толькі твой бог дапамог.
Мапу сцяміў, што і ў гэтым выпадку ён страціць не можа: хай толькі Мукку пакарацца, ён забярэ іх і з мяккім сэрцам.
Раптам загрукаў барабан. Нешта здарылася…
Народ замітусіўся.
— Мукку ідуць! — пачуліся галасы. Мужчыны ўхапіліся за зброю, а жанчыны з дзецьмі пачалі ўцякаць у лес.
Трэба ведаць, што папуасы ў лесе звычайна маюць другія хаты, пабудаваныя высока на дрэвах, на той выпадак, калі патрэбна будзе ратавацца ад ворагаў. Там у іх зложаны запасы яды і зброі, напрыклад, каменняў, каб не падпусціць ворага да дрэва.
Але сёння здарылася нешта больш дзіўнае: вялі звязанага белага чалавека!
Сярод густога натоўпу набліжаўся ён да ум-камаля, а па баках горда ішлі тыя два пасланцы, якіх Мапу паслаў за «громам». Калі яны падышлі зусім блізка, Саку не мог утрымацца, каб не крыкнуць ад здзіўлення: белы быў містэр Брук!
Ен быў без шапкі, твар скрываўлены, адзенне падзёртае.
Страх і злосць відаць былі ў яго вачах. Падвялі і пхнулі яго пад ум-камаль. Народ аглядаў яго, бы дзіўнага звера, некаторыя нават краталі і казалі:
— Добры пачастунак будзе з яго!
І Брук, здаецца, здагадваўся, што азначае гэтае мацанне і гэтыя словы…
Сабралася нарада. Пасланцы расказалі сваю гісторыю:
— Мы далі ім золата і птушак. Прасілі «грому». Яны нам далі агнёвай вады. Больш мы нічога не памяталі. Апынуліся адны ў лесе. І ў нас засталося толькі гэта.
І яны паказалі бутэльку з адбітым горлам. Усе пачалі яе разглядаць, перадаваць з рук у рукі, нюхаць, глядзець праз яе. Асабліва было заўважана, што канцы дужа вострыя. Гэта можа быць вельмі добрай прыладай. Можа, яно адно варта таго золата, з якога ніякай карысці няма.
Але большасць усё ж такі разумела, што гэта ашуканства.
— Мы пайшлі дадому, — казалі далей пасланцы. — Праз некалькі дзён убачылі на рацэ траскучую лодку і пачалі сачыць за ёю. Гэта ехалі белыя з той самай станцыі. І вось мы гэтага злавілі.
Каб зразумець, як гэта яны пехатой зраўняліся з маторнай лодкай, трэба глянуць на карту Новай Гвінеі. Мы заўважым, што ад паўднёвага берага, дзе была станцыя (ля ракі Марэгед), да пачатку ракі Фляй ёсць два кірункі: або па вадзе, на ўсход уздоўж берага, а потым на захад па рацэ, або па зямлі, проста на поўнач. У першым выпадку будзе кіламетраў шэсцьсот — семсот, а ў другім — якіх-небудзь сто — сто дваццаць.
Спрэчак аб лёсе палоннага не было, бо досыць ужо таго, што белыя са сваімі страшнымі прыладамі чамусьці заехалі так далёка. Ясна, яны маюць нейкія злыя намеры. Хіба з добрымі яны б паехалі? Пэўна, яны хочуць забраць усю зямлю Какаду і ўсіх жыхароў. Значыцца, трэба ворагаў знішчыць, і не толькі гэтага, але і тых, што засталіся.
Усе тыя папуасы, што жылі ля берага мора, ужо даўно трапілі пад уладу белых; вольнымі засталіся толькі тыя, што жылі ў сярэдзіне вострава. І вось цяпер белыя дабіраюцца і да іх! Апрача таго, гэтыя белыя подла ашукалі іх.
І яшчэ трэба мець на ўвазе, што чэрап белага надасць шчасце, славу і магутнасць роду Какаду. Мукку да гэтага часу яшчэ не маюць чэрапа белага чалавека.