Выбрать главу

На рагу дзвюх вуліц з вышыні дзесяціпавярховага дома падаў вадаспад. Па дарозе вада рассыпалася ў пыл, гуляла на сонцы ўсімі колерамі. А на процілеглай чорнай сцяне вызначалася вясёлка.

Чароўны, казачны горад, толькі жыхароў не відаць. Апрача лодкі Тайдо, нідзе аніводнага чалавека. Але вось высока на выступе-балконе аднаго гмаху паказаліся дзве бела-шэрыя постаці, а побач з чорных дзірак вокнаў выглядаюць яшчэ шмат белых дзяцей. Ці не жыхары выйшлі пацешыцца добрым надвор'ем?

Але пачуўся прарэзлівы крык, пяць ці шэсць дзяцей вываліліся з акна і… паляцелі ўздоўж вуліцы. Цяпер ужо відаць, што гэта чайкі, а тыя дзве вялікія постаці — альбатросы. Рэдка іх можна бачыць на зямлі. Часцей іх бачаць у моры, за некалькі тысяч кіламетраў ад берага. Нездарма распасцёртыя крылы іх маюць два з палавінай метры ўшыркі.

Тут яны могуць лічыць сябе паўнапраўнымі жыхарамі горада. Ніхто ім не думае пагражаць: еўрапейцаў тут не бывае, а фуіджынцы, якія капошацца там, унізе, не могуць быць небяспечнымі для іх.

Ну, а чайкі, дык тыя ўсюды адчуваюць сябе, як дома, усюды падымаюць шум і гам.

Але што гэта там такое? Нібы заварушыўся снег на скале. Потым узляцела хмара птушак, але скала засталася такою ж белаю, варушылася і крычала, як і дагэтуль.

Вось яно, самае галоўнае насельніцтва гэтага горада! Відаць, ён не такі ўжо мёртвы, як здавалася.

Праз некаторы час заварушылася нешта і ў канцы вуліцы. З-за павароту выплылі два чорныя звяры і, гуляючы ды куляючыся, пачалі набліжацца да лодкі Тайдо.

Вада, якая заставалася спакойнаю нават у буру, цяпер захвалявалася, заплюхалася аб сцены. Рэха панеслася па цясніне.

Па фантанах вады, якая ўзлятала над галовамі гэтых жывёлін, адразу можна было пазнаць, што гэта былі кіты, або дакладней, два маленькія кіткі.

Трэба было толькі дзіву давацца, як спрытна рухаліся гэтыя нязграбныя жывёлы. То галовы, то хвасты мільгалі ў паветры, то ўсё цела цалкам выскаквала з вады, а потым плюхалася так, што ўсё навокал дрыжала; то станавіліся рубам, то куляліся яны адзін праз аднаго. Адным словам, дурэлі, як належыць усім малым дзецям.

І дзеці Тайдо цешыліся, гледзячы на іх, крычалі, смяяліся; толькі самому Тайдо было не да смеху.

— Гэтыя блазны могуць нарабіць вялікай бяды, — сказаў ён і накіраваў лодку прэч ад раздураных кіцянят.

Але тыя, угледзеўшы новую забаву, пачалі гнацца за лодкай, каб пагуляць з ёю. Справа рабілася ўжо небяспечнай. Хвалі пачалі кідаць лодку ва ўсе бакі, некалькі разоў ледзь не стукнулі аб сцяну. Вось адзін кіток апынуўся побач з лодкай і, нібы жадаючы паказаць сябе, кульнуўся так, што хвост ледзь не зачапіў лодкі. Яна хіснулася, зачарпнула вады, дзеці спалохана запішчалі.

— Налягай! — крыкнуў бацька сыну. Нават матка прыняла ўдзел. Лёгкі човен ляцеў, як страла, але кіткі не адставалі ні на крок і дурэлі так, нібы гэты човен быў іхняй цацкай. На шчасце, між двух дамоў знайшлася расчыненая брама — праход між скал.

— Паварочвай! — закамандаваў Тайдо.

Манг мігам упёрся жардзінай у сцяну, а бацька тым часам хутка прасунуў човен у праход. Праз момант яны былі ўжо на «дзядзінцы».

Кіты, відаць, здзівіліся такому хуткаму знікненню цацкі і нават спыніліся на вуліцы, ля брамы, але праціснуцца праз яе ім было немагчыма. Ды яны і не думалі гэтага рабіць: пырснулі з сваіх насоў і паплылі сабе далей.

На поўдзень ад Вогненнай Зямлі заўсёды было шмат кітоў. Вядома, не было недахопу і ў кіталовах. Але ўсё ж такі іх было менш, як у паўночных морах. Па-першае, далёка было ехаць, а па-другое, гэтая частка акіяна лічыцца самай неспакойнай, самай бурнай ва ўсім свеце. Нямнога можна налічыць людзей, якія праехалі тут без буры.

Але ўсе буры — нішто перад гэтымі скаламі, якія пільнуюць маракоў не толькі над вадой, але і пад вадой.

Б'ецца карабель у моры, насмерць змагаецца з бурай, кожны момант знаходзіцца ён на валасінку ад смерці, але надзея ўсё ж трымаецца ў сэрцы людзей. Але вось раздаецца крык: «Зямля!» — і ад гэтага, здавалася б, жаданага слова кроў стыне ў жылах, сэрца сціскаецца, надзея гасне і смерць заглядае ў вочы.

І цяпер ужо на караблі толькі адна думка: уцячы як мага далей ад благаславёнай зямлі, уцячы туды, у гэты страшны, цёмны акіян. Ен, гэты жудасны, бурны акіян, цяпер ужо здаецца ласкавым, мілым і жаданым.

Добрых вартаўнікоў мае зачараваны горад! Карыстаюцца гэтым і кіты: хоць самі яны і не могуць змясціцца ў вузкіх вуліцах, але затое ахвотна пускаюць туды сваіх дзяцей.

Двор, у якім апынуўся човен Тайдо, мы б назвалі маленькім возерам або сажалкай сярод скал. Апрача галоўных сцен выступалі, нібы надворныя будынкі, меншыя скалы, але ўсе разам шчыльна зачынялі выхад, акрамя брамы.

Праз паўгадзіны заўважылі, што вада пачала змяншацца, — пачынаўся адліў.

Людзі заварушыліся, зацікавіліся, але зусім не гэтым звычайным для іх з'явішчам, а тым, што робіцца ўнізе, пад чоўнам. Ці шмат спажывы пакіне адліў?

— Станем ля выхада, — прапанаваў Манг, — і не пусцім рыб уцякаць.

Так і зрабілі, ды яшчэ ўсе пачалі шумець і плюхацца ў вадзе. А вада ўсё апускалася, сажалка рабілася ўсё меншай і меншай. Праз гадзіны дзве човен стаяў ужо на голай зямлі, а ад возера засталася маленькая лужына.

Нельга сказаць, каб спажывы засталося надта многа. Дно гэтага кутка нельга было лічыць дном мора. Яно знаходзілася досыць высока і залівалася вадой толькі ў час прыліву. Значыцца, яно не магло мець свайго сталага насельніцтва. Траплялі сюды толькі выпадковыя рыбкі. Але ўсё ж такі і іх набралася столькі, што павінна было хапіць для ўсёй сям'і дні на два.

Адліў жа цягнуўся далей. Вада на вуліцы апусцілася яшчэ метраў на пяць, канец лодкі вытыркаўся ўжо над ёй у паветры, як балкон на трэцім паверсе дома. Новыя каменні з'явіліся пасярэдзіне вуліцы, некаторыя завулкі зачыніліся.

Але наша сям'я зусім не звяртала ўвагі на гэтыя змены. Ці першы раз здаралася з імі такое? Дзеці, у тым ліку і Манг, першыя скарысталі выпадак, каб пабыць на цвёрдай зямлі. З якой прыемнасцю яны распрасталі ногі, пачалі поўзаць па скалах! З няменшай ахвотай павылазілі і бацькі.

— Го-о! — пачуўся голас знізу. Зірнулі — Кос варочаецца.

— Як у вас? — запытаўся Кос, задраўшы ўгору галаву.

— На два дні рыбы знайшлі,— адказаў Тайдо. — А вы?

— Таксама, ды яшчэ во, — і Кос паказаў забітую чайку.

У лодцы Коса было толькі тры чалавекі: ён сам, жонка ды чатырнаццацігадовая дачка Мгу. Але недахоп мужчынскае сілы замяняўся уменнем жанчын добра плесці з травы і лубу розныя рэчы: торбы, цыноўкі, асабліва ж лодкі — «кану». Манг ведаў, што і цяпер у іх ёсць пачатая «кану».

— Паліва маеш? — запытаўся Тайдо.

— Не. Вось я і хацеў прапанаваць табе ехаць разам.

— Добра. Тады пачакай тутака, пакуль вада падымецца.

Пасля доўгай непагадзі сонца здавалася такім цёплым, пяшчотным, што людзі размяклі і паступова паснулі.

А вада тым часам зноў пачала падымацца. Пад вечар лодка Коса дакранулася да лодкі Тайдо.

А яшчэ праз гадзіну абедзве лодкі плылі па вуліцы, нібы ніякага здарэння з імі не было.

II

Па паліва. — Сустрэча з караблём. — Шыццё лодкі.— Чалавек у птушынай вопратцы. — Паляванне на маржоў.— Сварка з-за скуры.

Яшчэ з таго часу, калі Манг быў зусім маленькім хлопчыкам, ён заўсёды востра адчуваў адну невыгоду іхняга жыцця, — гэта тое, што яны заўсёды былі звязаны адзін з адным. Ен хацеў бы пайсці туды або туды, пабыць тут, пахадзіць там, але нельга было: ён моцна прыкаваны да сваёй лодкі, да сваёй сям'і.

І з таго часу ён усё марыў толькі аб адным: каб быць вольным, каб мець магчымасць плысці куды хочаш і заставацца там, дзе табе падабаецца. А для гэтага трэба было мець сваю асобную, уласную «кану». Але яе маглі мець толькі самастойныя, дарослыя людзі. Нічога не заставалася, як толькі чакаць, пакуль ён вырасце.