Выбрать главу

Чунг-лі зрабіў салодкую міну, заківаў галавою і сказаў:

— Кавас! Кавас! — што азначае: «прыяцель, прыяцель».

Папуасам, відаць, гэта спадабалася. Яны апусцілі лукі, але ўсё роўна чакалі яго да сябе. Не было чаго рабіць — трэба было злазіць.

Чунг-лі ўлез у лодку, зрабіў выгляд, што ён вельмі ўдзячны за іх ласкавасць, і ўсё паўтараў:

— Уян, уян (добра, добра)!..

Потым выцягнуў з торбы краба і аддаў ім.

Папуасы ўбачылі, што гэта сапраўды «кавас», і зрабіліся лагаднейшымі. А калі Чунг-лі пачаў выкладаць усе свае веды па папуаскай мове, з якой ён азнаёміўся ў часе сваіх вандраванняў, тады ўжо зусім зрабіўся ім сябрам. Але трэба зазначыць, што ведаў гэтых у Чунг-лі зусім не хапала. Папуасы жывуць паасобку, сталых зносін паміж сабой не маюць, дзеля гэтага няма ў іх і адзінай мовы. Часта здараецца, што дзве суседнія вёскі гавораць па-рознаму.

Папуасы не разумелі і паловы таго, што казаў Чунг-лі, але з некалькімі словамі ды мігамі ўсё ж такі дагаварыцца можна было.

Папуасы выехалі з лесу ў мора. Пакуль яны ехалі ўздоўж берага, сонца пачало спускацца. Чунг-лі ўбачыў у моры, недалёка ад берага, над вадою, вёску, да якой яны і накіроўваліся.

Хаціны былі пабудаваны на мангравых карэннях, на якіх былі пасланы жэрдкі. Страха была зроблена з плеценага пальмавага лісця, а сцены — з галля.

Там ужо заўважылі, што едзе чужы чалавек. Насельніцтва згуртавалася на краі насцілу і з цікавасцю чакала госця.

Лодка пад'ехала «пад вёску». З насцілу звешваліся плеценыя сходкі, па якіх і падняліся ўверх.

Паміж усіх хацін асабліва вызначалася адна, даўгая, вялікая, — туды і павялі госця. Чунг-лі адразу пазнаў, што гэта быў нібы клуб, дзе жывуць нежанатыя папуасы і дзе звычайна прымаюць гасцей.

Чунг-лі супакоіўся: значыцца, яго прымаюць як госця. Увайшлі ў сярэдзіну. Па баках цягнуліся нары, дзе кожны чалавек меў сваё месца. Над галовамі віселі розныя прылады, галоўным чынам для лову рыбы. Цікава, што сярод розных рэчаў тут можна было знайсці разам і каменную сякеру і жалезную, і касцяны нож і сталёвы; сярод лукаў і стрэлаў была адна старая стрэльба.

Адным словам, відаць было, што гэтыя дзікуны хоць і жылі па-першабытнаму, але ўжо карысталіся і сучаснымі прыладамі.

Пасярэдзіне хаціны была насыпана зямля, дзе гарэў агонь. Зараз жа дадалі галля, паклалі ў попел рыбу, загорнутую ў зялёны ліст, сунулі туды і краба.

Паселі навакол і пачалі, як маглі, гутарыць з Чунг-лі. Чунг-лі стаў тлумачыць, што ён ідзе да белых, але разам з тым асабліва стараўся паказаць, што ён сам не належыць да іх, што ён ненавідзіць белых і лічыць іх ворагамі.

Відаць было, што папуасы зразумелі яго. Яны ўхмыляліся, пляскалі яго па плячы і казалі: «уян, уян».

Ля дзвярэй стаялі жанчыны і дзеці і здзіўлена глядзелі на рэдкага госця.

Чунг-лі цяпер ужо быў задаволены, што так здарылася і што ён зможа адпачыць і паспаць як мае быць. Бо назаўтра яго чакала вельмі небяспечная справа…

Тым часам зусім стала цёмна. У гэтых месцах ноч надыходзіць адразу, раптам. Увесь год цямнее а сёмай гадзіне, і ноч і дзень маюць па дванаццаць гадзін, з невялікім ухілам, бо Новая Гвінея ляжыць недалёка ад экватара.

Мора было чорнае: аніводнай хвалькі не было на ім.

Аднак жа папуасы не мерыліся ісці спаць. Яны зноў сталі рыхтаваць свае лодкі.

І мора загарэлася!.. Ад кожнага руху лодкі, асабліва вясла, вада запальвалася, бруілася бледным полымем. Здавалася, што ўсе лодкі плывуць у агні, а ў некалькіх кроках некранутая вада ад гэтага здавалася яшчэ чарнейшай.

Але ніхто з жыхароў не звяртаў увагі на гэтае прыгожае з'явішча. Усе ўжо з маленства прызвычаіліся да яго. Чунг-лі таксама не раз бачыў гэтае святло, хоць і не ведаў, што яно паходзіць ад мікраскапічных жывёлінак, якія свецяцца, як нашыя чарвячкі-светлячкі або гнілое дрэва.

У лодку села па тры-чатыры чалавекі. У левай руцэ кожны трымаў запалены факел з сухога пальмавага лісця, а ў правай — піку з некалькімі вострымі канцамі, прызначаную спецыяльна на рыбу. Пасярэдзіне лодкі быў раскладзены агонь, ад якога яны запальвалі свае факелы. Яны запрасілі і Чунг-лі ехаць з імі, але ён адмовіўся, бо быў вельмі змораны.

На моры ў цемры рассыпаліся і заварушыліся агні: вось адзін кінуў сваю піку ў ваду і зараз жа выцягнуў рыбіну, якую спрытна зняў пальцамі нагі.

Доўга глядзеў Чунг-лі на такую цікавую рыбную лоўлю, але трэба было ісці спаць.

Ен увайшоў у хаціну і лёг на нары. Пад бокам было паслана пальмавае лісце, а замест падушкі прыстасаваны некалькі бамбукавых жэрдак.

Ен зараз жа заснуў і нават не чуў, калі вярнуліся лаўцы.

II

Еўрапейская станцыя. — Выгадны гандаль. — Гумавая плантацыя. — «Каляровыя» рабочыя. — Паны і падпанкі.— Зварот Чунг-лі.— Папаўся!..

Кіламетраў за дзесяць ад вёскі папуасаў, на ўзвышшы, стаяла «станцыя», або «факторыя», як завуць сялібы еўрапейцаў у такіх дзікіх месцах.

Звычайна такія станцыі з'яўляюцца прадпрыемствамі капіталістаў. Напрыклад, перад вайной[3] амаль што чвэрць Новай Гвінеі была ў руках адной нямецкай гандлёвай фірмы. Другая чвэрць — у руках англічан, а палова — у галандцаў.

Пасля вайны нямецкую частку адабралі англічане, і Новая Гвінея аказалася падзеленай паміж Англіяй і Галандыяй.

Наогул трэба сказаць, што капіталістычныя дзяржавы гандлююць гэтымі астравамі, як таварам: мяняюць, купляюць, прадаюць адзін аднаму з усімі жыхарамі і іх вантробамі.

А людзі жывуць, працуюць і нават не ведаюць, што, можа, дзесьці ў Лондане ці Парыжы ў гэты самы час іх хтосьці камусьці прадае.

У розных зручных месцах фірмы закладваюць плантацыі і гандлёвыя пункты.

Тая станцыя, аб якой тут ідзе гутарка, належала да адной англійскай фірмы, якая шмат іх мела ўздоўж усяго ўзбярэжжа. На гэтай станцыі разводзіліся гумавыя, або каўчукавыя, дрэвы. Але, як гандлёвае прадпрыемства, яна не адмаўлялася і ад іншых гандлёвых спраў.

Пасля гумы галоўнае месца займала «копра». Копра — гэта разрэзаныя і высушаныя какосавыя арэхі. У Еўропе з яе робяць какосавы алей, які ўжываецца ў рознай вытворчасці, напрыклад, у мылаварнай.

Яе прывозілі галоўным чынам з суседніх астравоў, якіх шмат было навакол.

Станцыя і сама вырабляла копру і купляла ў папуасаў. Раней за якую-небудзь шкляную цацку можна было атрымаць мех копры, але цяпер папуасы паразумнелі і патрабавалі сякеру, нож ці яшчэ што карыснае.

Бліжэй да мора стаяў галоўны дом, у якім жылі начальнік станцыі містэр Скот і яго памочнік містэр Брук.

Дом быў лёгкі, з дошак, і стаяў на слупах — таксама, як і папуаскія хаціны.

Навакол усяго дома ішла веранда, на якую выходзілі вялікія вокны. У некаторых вокнах замест шкла былі густыя сеткі. Яны абаранялі ад маскітаў і разам з тым прапускалі свежае паветра.

Каля дома раслі пальмы, бананы, эўкаліпты і розныя іншыя дрэвы гарачых краін.

На верандзе на плеценых крэслах сядзелі містэр Скот і містэр Брук, апранутыя ва ўсё белае, як звычайна ходзяць у гэтых краях еўрапейцы.

Містэр Скот быў высокі мужчына, гадоў пад сорак. Чысты, голены твар яго выказваў гордасць і самаўпэўненасць. Ен заўсёды быў спакойны. Спакойна выслухваў непрыемнасць, спакойна загадваў біць насмерць якога-небудзь слугу, калі той завінаваціцца ў чым. Ніколі не крычаў і не злаваў, бо яго крык быў бы вялікім гонарам для таго чалавека, на якога ён крычыць. Быў спакойны і ў вясёлы час.

Самае большае, што ён мог сабе дазволіць, — гэта ўсміхнуцца, размаўляючы з сваім братам-еўрапейцам. І рабіў гэта ён толькі ў тутэйшых краях, а ў Англіі ён з больш-менш простым чалавекам і не размаўляў бы.

Ен быў шляхетнага паходжання і марна страціў усе свае грошы. Сюды прыехаў таму, што, па-першае, ён тут атрымліваў вялікую плату, а па-другое, што ў гэтай невядомай старонцы наогул можна пажывіцца.

вернуться

3

1914–1918 гадоў.