Выбрать главу

А за некалькі крокаў плюскатала і вабіла да сябе вада, такая чыстая і добрая… Што можа быць горш, як глядзець на ваду і паміраць ад смагі? Лепш ужо тады цярпець тую самую смагу без вады. Дзеці не вытрымалі і пабеглі да яе.

— Куды? Нельга! Нельга! — закрычалі дарослыя, кінуліся за імі і затрымалі. Маці пачала суцяшаць, угаворваць, а ў самой аж сэрца разрывалася ад жалю.

Старыя хадзілі хмурыя і раіліся, як здабыць вады.

— Вунь да той гары, здаецца, недалёка, — сказаў Кос. — Можна з'ездзіць туды і прывезці вады ці лёду.

— Немагчыма, — уздыхнуў Тайдо. — Пакуль даедзем, будзе ўжо цёмна, можна наляцець на камень у незнаёмым месцы. А па-другое, мы не ведаем месца, дзе ледавік спускаецца ці вада цячэ, а сярод ночы немажліва поўзаць ды шукаць.

Сонца апускалася ў акіян. Пасмы хмар збіраліся на небасхіле. Праменні прабіваліся праз іх, афарбаваныя ў чырвоныя і ружовыя колеры. Вада і скалы паступова зліваліся ў цемры. А над імі чырванелі снегавыя вяршыні гор.

Пачалі рыхтавацца да начлегу. Але смага не давала паснуць.

Раптам яны пачулі, што нехта ідзе да іх. Усхапіліся, прыгледзеліся: гэта быў Манг, адсутнасці якога яны не заўважылі. Ен валок пінгвіна; падышоў, адрэзаў яму галаву і сказаў:

— Наце, піце!

— Як? Што?

— Ды кроў. Я напіўся. Раю і ўсім.

Нельга сказаць, каб пітво было добрае, але ўсё ж такі лепш, як нічога. Мужчыны пайшлі і прынеслі яшчэ двух пінгвінаў…

Пасля гэтага паснулі — мужчыны на зямлі, а жанчыны з дзецьмі на чоўнах.

Акіян глуха гудзеў. Хвалі безупынна наляталі і разбіваліся аб каменні. Вецер мацнеў. Пачаў пырскаць дожджык. Агонь пагас.

Людзі прачнуліся, закапаліся ў скуры. Але дождж усё павялічваўся.

Спаць ужо нельга. Трэба было зусім уставаць. А халодны вецер з мора без ніякіх перашкод так і сячэ з дажджом.

Хоць бы які-небудзь прытулак знайсці!

Але месца адкрытае, няма ніякай высокай скалы.

— Давайце перавернем чоўны, — запрапанаваў нехта.

Так і зрабілі. Пад чоўнамі было значна лепей. Толькі вада падцякала па зямлі. Такім чынам правялі ноч. Адна толькі ўцеха была ў гэтым становішчы: дажджавой вады напіліся, колькі хацелі.

Дзень настаў хмарны, дождж то спыняўся, то зноў пачынаўся. Але і гэта радавала людзей.

— Добра яшчэ, што вялікага дажджу і буры няма, — казалі старыя. — Хутчэй бы паправіць лодку ды выехаць з гэтага адкрытага месца.

Праз дзве гадзіны лодка была залатана, і ўсе паехалі назад.

IV

Новая стаянка. — Падводны лес. — Выгоды на ўсе сто працэнтаў.— Непажаданы сусед.

Большасць фуіджынцаў трымаецца ў паўднёвай частцы архіпелага, куды ніхто з чужых не заглядае. Нельга сказаць, каб яны так ужо баяліся выпадковага падарожніка. Тут іншая справа: дзе не бывае белых людзей з іх стрэльбамі, там звычайна збіраюцца розныя жывёлы, асабліва птушкі. А сярод іх знойдуцца і смачнейшыя за пінгвінаў.

Але Манг усё імкнуўся на поўнач, бліжэй да белых. Хоць нідзе іх там і не было відаць, але ўсё ж Манг ведаў, што яны жывуць у гэтым кірунку. Прынамсі, іхнія караблі праязджаюць толькі там. Пасля той сустрэчы яму аднаму яшчэ раз трапілася бачыць карабель, але здалёк, — бліжэй ён не паспеў пад'ехаць.

У гэтым жа кірунку, за Магеланавай пратокай, ён натрапіў на адзін куток, які доўгі час мог служыць «домам» для яго бацькоў. Гэта была маленькая затока, нібы азярцо, так агароджаная скаламі, што ні вецер, ні хвалі не дасягалі сюды. Куток быў падобны да таго возера, куды яны ездзілі па дровы, толькі гэты быў значна меншым і больш прытульным, цёплым.

— Асабліва тут павінна быць добра ўзімку, — казаў ён бацькам.

Гэты куток яны і абралі сваім домам. Знайшлася там нават пляцоўка, куды яны паклалі лішнія рэчы і дзе маглі спаць. Толькі для гэтага трэба было прагнаць птушак, якім таксама спадабаўся гэты прытулак. І тут жа побач зверху сцякаў струмень прэснай вады. Адным словам, хата была з усімі выгодамі.

Апрача ўсяго гэтага, выявілася, што пад імі ў вадзе расце нібы лес, а ў гэтым лесе незлічонае мноства «дзічыны».

Першы раз заўважылі гэта ў часе адліву. Калі вада знізілася, у ёй паказалася галлё, распасцёртае ў шырыню. Гэта была не марская трава, а сапраўднае дрэва, з галінамі, таўшчынёю з руку, і з доўгім вузкім лісцем. Гэтае лісце, даўжынёю ў метр, варушылася, выгіналася, нібы змеі. Галлё так разраслося, што стварыла падводны гушчар ва ўсёй затоцы.

А між тым, гэта было ўсяго толькі адно дрэва, са ствалом у паўметра таўшчыні.[9]

Калі зачапілі і прыпаднялі адну такую галіну, то на ёй знайшлі столькі рознага дабра, што ў нашых людзей аж сліна пацякла. Чаго толькі тут не было! Чарапашкі, малюскі, маленькія ракі, медузы, анемоны, розныя чарвячкі,— адным словам, усё тое, чым любілі ласавацца фуіджынцы.

— Глядзіце! Глядзіце! І крабы! — весела закрычалі дзеці.

Сапраўды, у разгалінаванні гэтага дрэва размясцілася цэлая сям'я крабаў. Стары краб злосна пазіраў і пагрозліва варушыў сваімі страшэннымі клюшнямі, але зараз жа яго ўхапілі і разбілі аб човен.

— Яшчэ адзін! — крыкнуў Кос і зняў другога. Потым знайшоўся і трэці.

Гэтыя велізарныя ракі з'яўляюцца такой смачнай стравай, што Манг пачаў есці іх сырымі.

— Зірніце толькі, што робіцца ў вадзе! — сказала Мгу.

А ў вадзе была нібы каша ад мноства рыб, асабліва маленькіх. Старыя рыбы выбралі гэты куток, каб адкладваць тут сваю ікру. Лепшага месца для гэтай справы нельга было і прыдумаць. Сюды не дасягала ніводная хваля, і рыбы спакойна пладзіліся «ў лесе». Нездарма і птушкі аблюбавалі гэтае месца.

Гэта быў нібы зусім асобны свет. Усе тут знаходзілі сабе спажыву. Дужэйшы паядаў слабейшага, але насельніцтва ад гэтага не змяншалася. Усе знаходзілі прытулак сярод гасціннага дрэва. Каб яны не паядалі адзін аднаго, тады ім і паварушыцца не было б дзе. А нарэшце над усімі імі з'явіўся чалавек.

Галіну абабралі, як плады ў садзе, і зноў апусцілі Ў ваду.

— Хай зноў абрастае! — смяяліся бацькі.

Але і на гэтым баль не скончыўся. Знайшлася нават «гародніна»: маладое лісце альгі, якое з'яўляецца досыць добрай стравай. Набралі яго, палажылі ў гаршчок, згатавалі і наеліся так, як даўно ўжо не елі. Трэба памятаць, што зеляніна для чалавека наогул вельмі неабходна, а нашы навасёлы на працягу месяца і ў вочы яе не бачылі.

А навокал яшчэ плавалі іншыя «запасы» — качкі, мяса якіх куды смачнейшае за пінгвінавае, хоць гэтыя качкі некалькі і нагадвалі пінгвінаў сваімі крыламі. Яны таксама не могуць лётаць, а толькі плаваюць і пры гэтым хутка і гучна б'юць крыламі па вадзе.

Як мы ўжо казалі, у адным месцы на беразе была досыць роўная пляцоўка. Спачатку адзін-другі вылез, выгрузілі некаторыя рэчы, расклалі вогнішча,[10] а потым ужо зрабілі павець. Такім спосабам паступова і зусім перайшлі на зямлю.

Нельга думаць, што яны так ужо ніколі і не жылі на зямлі. Здаралася гэта, і не раз, калі трапляліся адпаведныя ўмовы. Але такія выпадкі былі вельмі і вельмі рэдкімі. У кожным разе, лепш, як цяпер, ім ніколі не было. І страха над галавой, і сцяна збоку, і месца досыць, каб вольна размясціцца, нарэшце, скуры пад бокам — усё гэта было так прытульна, што можна было адпачыць целам і духам за ўсе папярэднія месяцы.

Мы ўжо бачылі, што хоць гэтыя дзеці вады і жылі морам, але рыбакамі назваць іх нельга, бо нават і прыладаў для лоўлі рыбы яны не мелі, а калупаліся ў шчылінах скал, ловячы маленькіх рыбак ці проста рукамі, ці торбачкай, ці кавалкам тканіны. Толькі зрэдку ім здаралася забіваць кап'ём больш буйную рыбіну.

Цяпер, гледзячы на рыбу ў вадзе пад нагамі, яны больш выразна адчувалі, што ім не хапае якой-небудзь прылады, каб дастаць гэтай рыбы. Праўда, яны і тут лавілі яе ля самага берага, як заўсёды, у шчыліне, але гэта іх не задавальняла. Хацелася дастаць больш, непасрэдна адтуль, з глыбіні.

Манг доўга над гэтым ламаў галаву і нарэшце дадумаўся. Узяў сваю плеценую торбу, прыладзіў да яе абруч і прывязаў да кія. Апусціўшы ў ваду свой коўш, ён адразу выцягнуў шмат рыбы. Усе ўзрадаваліся і доўга цешыліся такой лоўляй, нават без патрэбы.

вернуться

9

Завецца яно фукус, або альга. Яно досыць распаўсюджана, але такой велічыні дасягае толькі ў гэтых месцах. Адно дрэва часам разрастаецца на дзвесце метраў ушыркі.

вернуться

10

Агонь яны высякаюць з крэмня, як і ў нас у даўнейшыя часы.