— Злазь хутчэй! — крыкнуў Кос, але было позна. З нейкім хрыпатым крыкам кондар накінуўся на Тайдо і дзюбнуў яго ў галаву. На шчасце, дзюба слізганула збоку і параніла толькі вуха.
Бараніцца Тайдо мог толькі адной рукой, але супраць гэткай птушкі такая абарона не мела ніякага значэння. Горш за ўсё было тое, што ў такім стане Тайдо не мог злазіць. Адной рукой ён трымаўся за сук, а другой павінен быў несупынна адбівацца.
Кос мог дапамагчы толькі крыкам, а гэтым не спудзіш такой птушкі. Вось яшчэ адзін удар у плячо: пацякла кроў… Адразу відаць было, што бяззбройнай рукой нельга адбіцца ад страшэннай дзюбы, кіпцюроў і крылаў. Другая рука тым часам пачала дранцвець, а перамяніцца не было магчымасці.
Тайдо ўжо добра разумеў, што набліжаецца канец, што праз хвіліну ён паляціць уніз — ці сам, ці ад таго, што кондар разаб'е яму галаву…
А драпежнік ўсё кружыўся над галавой, усё вузей і шчыльней рабіліся кругі. Вось ён наляцеў апошні раз, ударыў Тайдо крылом і нарыхтаваўся канчаткова прадзяўбці галаву.
Сілы Тайдо ўжо скончыліся, надзея прапала.
Апошні раз узмахнуў ён рукой і… учапіўся за голую кондараву шыю; зараз жа і другая рука сашчапілася вакол яе, — і абодва ворагі паляцелі ў бяздонне…
А Кос толькі рукі падняў угору ды так і застаўся стаяць увесь скамянелы.
Кондар цяпер ужо думаў толькі аб самім сабе. Ен адчуваў, што рукі чалавека душаць яго, і стараўся вырвацца і паляцець. Ен махаў сваімі магутнымі крыламі, але цяжар чалавека няўхільна цягнуў яго галавой уніз. Вось ужо і драпежнік пачаў траціць прытомнасць, але з апошняй моцы ўсё махаў і махаў крыламі…
Калі Кос спусціўся ўніз, ён убачыў абодвух мёртвымі. Рукі Тайдо ўсё яшчэ сціскалі шыю кондара.
Але вось Тайдо заварушыўся, выпусціў шыю і расплюшчыў вочы.
З радасным крыкам кінуўся да яго Кос, прыпадняў яго і пачаў пытацца, як ён сябе адчувае.
Тайдо зусім ачуняў, пачаў мацаць сябе, але апрача крыві ля вуха, раны на спіне ды тупога болю ў баку, нічога дрэннага не адчуваў і нават сам устаў.
Дзякуючы таму, што кондар задушыўся не адразу, а ўвесь час біўся, махаў крыламі і такім чынам затрымліваў падзенне, ён апусціўся павольна. Тайдо спусціўся на ім, нібы на парашуце. Такі выпадак мог здарыцца толькі з кондарам, які настолькі вялікі і дужы, што сам нападае на альпагаў, гуанакаў, ламаў і іншых кардыльерскіх жывёл, спіхваючы іх у бяздонне.[11]
Кондар ляжаў, распасцёршы свае чорныя з белымі канцамі крылы. Моцная кручкаватая дзюба, сціснутая з бакоў, была адкрыта, а адтуль высоўваўся востры язык. Асабліва непрыемны выгляд мела шыя — голая, мяснога колеру, з чырвонымі зморшчыкамі скуры па баках, а ля галавы нейкія жмуты не то пер'я, не то поўсці.
Абмыўшы раны лёдавай вадой, Тайдо зрабіўся зусім бадзёрым, і яны ўрачыста павалаклі сваю здабычу дадому.
У гэты ж самы вечар, пры святле вогнішча, адбылося ахвяраванне. Прывязалі каменні да ног кондара, каб ён пайшоў на дно, паднялі ахвяру на рукі, і Кос, нібы жрэц, сказаў прамову:
— Дух вадзяны! Уладар мора! Не скрыўдзі бедных людзей, дазволь нам пакарыстацца з тваёй гаспадаркі. А ў знак нашай пашаны да цябе прымі ад нас гэтага цара птушак, якога мы здабылі, рызыкуючы сваім жыццём.
Цікава і жаласна было глядзець, як гэтыя дзеці прыроды рабілі сваё першабытнае набажэнства. Твары выглядалі сур'ёзна, урачыста, кожны адчуваў, што адбываецца вялікі момант, ад якога залежала іх далейшае спакойнае жыццё. Вакол сурова стаялі чорныя скалы, вада была таксама чорная, таемная; агонь адбіваўся ў ёй, асвятляў ля берага, але праз некалькі крокаў было яшчэ больш таемна і жудасна. Вось заварушылася падводнае лісце: некалькі крабаў падпаўзлі, каб падзівіцца на агонь. А там, глыбей, сядзіць «ён», слухае і чакае ахвяры. Вунь там, здаецца, блішчаць яго зялёныя вочы.
Плюхнула вада, бліснулі пырскі — і ахвяра павольна пайшла на дно. Праз хвіліну ўсё сціхла, знікла, толькі ўстрывожаныя хвалькі плюскаталі ля падножжа скал.
З палёгкай уздыхнулі людзі. Кожны быў упэўнены, што пасля такога ўрачыстага ахвяравання дух не будзе рабіць ім крыўды.
І сапраўды, пасля гэтага яны шмат дзён не бачылі страшыдла і амаль што забыліся на яго.
— Я ж казаў, што ахвяра дапаможа! — задаволена казаў Кос.
…Спакойна спалі людзі на беразе, закапаўшыся ў свае скуры. Агонь пагас. Пачало світаць. Наверсе ўжо стрэльнулі праменні сонца, але тут быў яшчэ змрок.
Вось ля берага ў вадзе нешта заварушылася. Праз хвіліну з-пад вады высунулася нібы змяя, але без галавы. Мусіць, таму яна папаўзла на бераг асцярожна, няўпэўнена, вобмацкам. Усё цела яе было пакрыта нарастамі, якімі яна мацала тое, да чаго дакраналася.
Вось яна абмацала голую нагу хлопчыка і зараз жа абкруцілася вакол яе. Хлопчык праз сон уздрыгануўся некалькі разоў, але не прачнуўся. Тады з-пад вады выпаўзла, на гэты раз ужо хутка і ўпэўнена, другая змяя і абвіла другую нагу.
Хлопчык прачнуўся і закрычаў. Усхапіліся дарослыя і ўбачылі, што дзве змяі цягнуць хлопчыка ў ваду. Не доўга думаючы, Тайдо ўхапіў сякеру і перасек адну змяю.
Але ў гэты момант у вадзе нешта моцна плюхнулася, у паветры са свістам мільганула нібы пуга — і трэцяя змяя абкруцілася вакол шыі Тайдо. Спачатку ён адчуў, нібы яго апякло гарачае жалеза, а потым пачало сціскаць яго шыю.
— Кос! Сячы! — прахрыпеў Тайдо. Але Кос і без таго не драмаў. Мігам разрубіў ён гэтую змяю і думаў быў ужо ратаваць хлопчыка, як у паветры ўзвілася чацвёртая змяя. Але ад яе паспелі адскочыць. Пакруціўшыся ў паветры, яна апусцілася на хлопчыка. Абодва мужчыны кінуліся дапамагаць, але…
— Чорт! Чорт! — закрычалі жанчыны, з жахам гледзячы ў ваду. Паглядзелі туды мужчыны, і сякеры вываліліся з іх рук…
З-пад вады, вылупіўшы свае агромністыя вочы, глядзела на іх тая самая страшэнная галава, вакол якой у запасе яшчэ былі змеі.
— О дух! Пашкадуй нас! — прастагнаў Тайдо і паваліўся ніц на зямлю. Кос і жанчыны зрабілі тое самае.
А тым часам хлопчыка пацягнула ў ваду…
Праз некалькі часу два чоўны спешна выязджалі ў мора. Няшчасныя людзі павінны былі ўцякаць з найлепшага прытулку, які толькі маглі мець. Уцякаць затым, што іх ашукаў «чорт»: прыняў ахвяру, як добры, а потым вось што нарабіў.[12]
VIII
Чаканне. — Нгара! — Барацьба ў вадзе. — І «чорт» умяшаўся! — Смерць пад рогат. — Вандраванне з паненкай. — Спатканне са сваімі.
Манг ляжаў на беразе, але не адчуваў адпачынку. Думкі віхурай круціліся ў галаве. Ен усё хацеў адгадаць, што тут здарылася. Можа, яны выехалі часова? Але чаму тады няма будана і ніякіх рэчаў? А калі назаўсёды, дык з якой прычыны? Можа, яны загінулі ўсе? Але няўжо ўсе адразу?..
Тут ён заўважыў, што зусім у другім месцы, воддаль, ляжаць нейкія рэчы. Падышоў, паглядзеў. Вось гаршчок, але не іх, мабыць, Косаў. Вось — сякера, але яна ўжо зусім незнаёмая, нават не Косава. Вось нейкі пас, якога не меў ні яго бацька, ні Кос.
І некалькі скурак, таксама незнаёмых.
Выходзіць, што тут ужо жыве іншы гаспадар! Як гэта магло здарыцца? І хто ён ці яны? Няўжо ж яны пагубілі ўсю яго радню і самі пасяліліся? Але рэчы сведчаць, што народу тут нямнога, мусіць, не болей як два чалавекі.
Значыцца, нічога не застаецца, як чакаць і пільнаваць. І Манг прытуліўся за выступ скалы.
Чакаць прыйшлося нядоўга, бо дзень ужо канчаўся. Праз некаторы час па-за скалою пачуўся плюскат, нібы хто грабе вяслом, а яшчэ праз хвіліну паказалася і лодка. Мангу адразу зрабілася лягчэй на сэрцы, калі ён убачыў, што там сядзіць толькі адзін чалавек.
Але праз момант ён ледзь не закрычаў і не выскачыў, калі пазнаў, што гэта Нгара. Дык вось хто тут абсталяваўся! Манг пачаў нават трэсціся ад злосці. Яму здавалася, што Нгара наўмысля марудзіць, што ён ніколі не даедзе да берага.
Той тым часам павольна і спакойна пад'ехаў, выкінуў з лодкі нейкую птушку, галлё, потым, не спяшаючыся, вылез сам. Па ўсіх яго рухах відаць было, што ён адчувае сябе дома. Нават ні разу не зірнуў па баках.
11
Гуанака — падобны да альпагі, толькі поўсць кароткая (апрача жывата). Лама крыху нагадвае вярблюда, толькі значна меншая; ламы служаць замест коней.
12
«Чорт» — гэта быў так званы спрут, або васьміног (дзеля таго, што ён мае восем такіх «ног», правільней, шчупальцаў), які адносіцца да разраду малюскаў (мяккацелых). Ен часам дасягае двухсот кілаграмаў вагі, а шчупальцы бываюць да дзесяці метраў даўжыні. Васьміногі сустракаюцца ўсюды, але такія вялізныя бываюць рэдка. Яны настолькі страшэнныя і агідныя, што, здаецца, ні аб кім няма столькі апавяданняў, колькі аб гэтых васьміногах.