Выбрать главу

— Гляньце, які капітан! Ха-ха-ха!

— Хоць і без майткаў!

— Ах, які ён цікавы! — пляскалі рукамі пані і паненкі.

А Манг не ведаў, ці лезці яму адразу, ці не. Ды і боязна неяк. Тут ён убачыў, што Белая Птушка схілілася зверху, ласкава смяецца і ківае яму галавой.

— Мой добры Манг! — казала яна. — Дзякую табе! Бывай здаровы і шчаслівы! Выбачай, што нічога не маю, каб цябе ўзнагародзіць.

Пачуўшы гэтыя словы, публіка з парахода пачала кідаць яму розныя рэчы. Але, на дзіва, Манг не кінуўся за імі: ён падумаў, што Белая Птушка ласкава запрашае яго, асмялеў і ўхапіўся за сходні.

— І ты хочаш ехаць? — сказала дзяўчына. — Ну, добра. Я буду вельмі рада, мой верны Манг.

І, звярнуўшыся да капітана, яна сказала:

— Дазвольце і яму сесці. Мы заплоцім за праезд. Гэты чалавек выратаваў мяне ад смерці.

Зразумела, капітан згадзіўся, — і праз мінуту на палубе сярод шырокага кола пасажыраў з'явіўся Манг у сваім убранні…

Не кожны артыст мог бы пахваліцца такім поспехам, які спаткаў Манга. Крыкі, рогат, воплескі пакаціліся па пустыннай пратоцы і адбіліся рэхам між дзікіх скал і цяснін.

А Манг стаяў пасярэдзіне, апусціўшы рукі, неяк крыва ўсміхаўся і не ведаў, на што дзівіцца: ці на фацэтных людзей у незвычайным адзенні, ці на дзіўнае абсталяванне, ці на страшную трубу з дымам, ці на ўздрыгі і грукат кану-звера, які пачаў ужо рухацца наперад.

— Ахвярую капітану Мангу нехапаючую частку адзення! — крыкнуў адзін вясёлы паніч і праз хвіліну прынёс яму… нагавіцы. Уздзелі іх і зноў пакаціліся ад смеху. Сярод аднастайнай, нуднай дарогі гэтае здарэнне прынесла людзям некалькі мінут забавы. А потым забыліся на гэта і зноў пачалі нудзіцца.

Пратока апусцела. Як і раней, плюхалася вада, як і раней, моўчкі стаялі суровыя чорныя скалы, як і раней, ніякіх слядоў чалавека.

Толькі сярод вады сіратліва хісталася кану. На сподзе яе курылася галавешка, побач валяліся скуры і вытыркаліся вясло і піка.

У паветры прарэзліва крыкнула чайка, пакружылася над чоўнам, некалькі разоў праляцела над ім так нізка, што нават дакранулася крылом, а потым спакойна ўселася на краі…

X

Праз чатыры гады (Пасляслоўе)

На адной з лепшых вуліц Лондана стаіць вялікі рэстаран «Касмапаліт».

Шмат прахожых спыняецца ля акон, каб падзівіцца на пышнае, багатае абсталяванне, асабліва ж на тых людзей, што абслугоўваюць у рэстаране. Сярод сотні афіцыянтаў нельга ўбачыць і двух, якія належалі б да адной нацыі. Здаецца, увесь свет сабраўся, каб служыць англійскім капіталістам. Не толькі беднаму, але і сярэдняга дастатку чалавеку нельга было і думаць наведаць гэты палац, дзе адна жабіная лапка каштавала два рублі золатам. Але нягледзячы на гэта народу заўсёды было поўна.

Кожную хвіліну бясшумна пад'язджалі аўтамабілі, і адтуль выходзілі вясёлыя, шчаслівыя людзі. Вось пад'ехала кампанія з двух маладых мужчын і адной жанчыны. Адзін з мужчын быў цывільны, у цыліндры, з маноклем, другі — у форме флоцкага ваеннага афіцэра. Жанчына была прыгожая, гадоў дваццаці двух, з тонкім далікатным тварам і блакітнымі вачыма. Людзі ўвайшлі ў сярэдзіну і спыніліся ў вялікай зале, дзе на эстрадзе выступалі афрыканскія танцоркі, а музыка даносілася аднекуль зверху. Навакол гула гаворка, час ад часу раздаваліся стрэлы коркаў з бутэлек.

Зараз жа падскочыў негр і схіліўся, чакаючы загаду.

— Шампанскага і амараў,[13] — загадаў афіцэр.

— Не, пачакайце, — спыніла жанчына, — паклічце лепш Манга. Хай ён падае.

— Слухаю! — сказаў негр і пабег назад.

— Я, сястрыца, баюся, што вы пачастуеце нас вашымі ўлюбёнымі стравамі: слімакамі, чарвякамі і іншымі ласункамі. Можа, ты ўжо занудзілася па іх? — сказаў цывільны.

Грэт засмяялася і паківала яму пальцам:

— Пачакай, можа, і табе калі-небудзь прыйдзецца жывіцца такімі стравамі!

— Не, — адказаў брат, — калі ўжо не будзе чаго есці, дык я тады хоць хлеба з маслам з'ем.

Тым часам падыходзіў Манг. Хоць зусім інакшы выгляд ён меў, хоць на ім быў дасканалы сурдутны гарнітур, але ўсё ж такі кідалася ў вочы, што гэтае ўбранне не пасавала да яго. Нізкі рост, даўгія рукі, тонкія ногі, агульны выгляд і рухі — уся гэтая спадчына яго папярэдняга жыцця давала сябе адчуваць.

Калі ён убачыў сваю Белую Птушку, такую прыгожую, чыстую, у пекным шэрым адзенні, і разам з тым такую чужую, далёкую — ён не мог даць веры, што калісьці яны былі так блізка адзін ля аднаго. Але вобразы самі паплылі перад яго вачыма: вось ён яе выратоўвае з мора, вось яны на скале, потым у бацькоў, потым пяць дзён у чоўне…

— Гэй ты, малпа! Падай рому! — пачуў ён ля сябе п'яны голас.

Манг азірнуўся і ўбачыў п'янага пана, які ўтаропіўся на яго бычынымі вачыма.

— Выбачайце! — сказаў Манг. — Я заняты.

— Што?! — гыркнуў пан і стукнуў кулаком па стале. — Хіба я не бачу, што ты ідзеш з пустымі рукамі?— І ён зноў стукнуў кулаком так, што шклянкі зазвінелі.

Падскочыў старшы служачы:

— Выбачайце, пан! Чым пан нездаволены?

— Што ж гэта ў вас тут робіцца, га? — зароў той. — Паназбіралі малпаў з усяго свету, а служыць не навучылі: ідзе з пустымі рукамі і адмаўляецца, калі яму загадваюць. Гэта ж…

Ледзь уціхамірылі яго. Але да службовай характарыстыкі Манга далучылася новая пляма…

Манг падышоў да стала Грэт і пакланіўся. Абодва мужчыны пачалі пільна прыглядацца да яго.

— Дык вось які ён! — прамармытаў ваенны.

— Ну, як жывеш, Манг? — пачала Грэт. — Як ідзе служба?

— Дзякую, міс. Служу, як магу.

— А я цяпер ужо не міс, а містрыс.[14] А гэта мой муж, капітан ваеннага карабля.

— Відаць, такі ўжо лёс твой, сястрыца, што галоўныя моманты твайго жыцця звязаны з капітанамі.

— Дзякую за параўнанне! — нездаволена буркнуў муж.

— Не абражайся, Джэк, — казаў далей брат, — ён жа ж быў не ваенны, а цывільны капітан.

Манг стаяў і сарамліва ўсміхаўся. Ен добра памятаў «урачыстую» сустрэчу на караблі.

— А што, Манг, ці не хацеў бы ты вярнуцца дахаты? — пыталася далей Грэт.

— Не ведаю, — адказаў Манг, падумаўшы. — Наведацца, у кожным разе, хацелася б.

— А мы з табой, мусіць, ужо не скора ўбачымся. Я сёння ўначы выязджаю з мужам у Індыю.

Хоць і без гэтага Манг бачыў яе за чатыры гады разы са тры, але ўсё ж яму зрабілася сумна. Адзінокі ў гэтым чужым шматмільённым горадзе, ён усё ж такі адчуваў, што тут недзе ёсць чалавек, які ведае яго, які звязан з ім агульнымі перажываннямі, успамінамі, да якога нават можна было б звярнуцца ў часе бяды. Гэта ж яна рэкамендавала яго ў гэты рэстаран і нават за першы год заплаціла гаспадарам значную суму за ўтрыманне і навучанне. І ў далейшым гаспадары лічыліся з ёй і, здаецца, яшчэ раз атрымалі грошы. Без яе ён не ўтрымаўся б тут ніводнага дня. А цяпер невядома, што будзе…

— Ну, дык прынясі нам вячэру, — сказаў ваенны і заказаў стравы.

Калі Манг адышоў, афіцэр звярнуўся да жонкі:

— Грэт, ты забываеш, што знаходзішся на людзях. Ты размаўляеш з ім, нібы з роўным. Гэта ж непрыстойна. Што могуць падумаць людзі, гледзячы на такое панібрацтва?

— Гэта ж апошні раз, на развітанне, — апраўдвалася Грэт. — Усё ж такі яму я абавязана сваім жыццём, а ты — сваёй жонкай, — дадала яна, хітра ўсміхаючыся.

— Дык жа ты зрабіла для яго ў сто разоў больш. Не кожны так адплаціў бы. Але з гэтага не вынікае, што ты павінна сябраваць з гэтай малпай.

— Ну, якое тут сяброўства! — махнула рукой Грэт.

— Капітан капітану зайздросціць, — уставіў сваё слова брат.

— А ты гатоў на ўсялякія недарэчнасці, абы толькі пажартаваць, — нездаволена адказаў афіцэр.

Калі пасля вячэры ваенны расплачваўся, ён даў Мангу «на чай» цэлыя тры фунты стэрлінгаў, за што жонка ўзнагародзіла яго ўдзячным позіркам.

вернуться

13

Марскія ракі.

вернуться

14

Міс — паненка, містрыс — пані.