VI
- Міласці просім, міласці просім, - прамовіў а. Кірыл і борздымі крокамі патрусіў да дзвярэй насустрач гасцям і стаў памагаць ім раздзявацца; сам першы паздароўкаўся з Лабановічам, папрасіў настаўнікаў садзіцца, сам падстаўляў ім крэслы і наогул выказаў вельмі многа прыветнасці і ўвагі, нават радасці і дабраты.
Айцец Кірыл быў чалавек яшчэ малады, нізенькі, шчупленькі, худзенькі, з рэдзенькаю цёмнаю бародкаю і жывымі, крыху неспакойнымі цёмна-шэрымі вачамі. Адбітак нейкай мукі адзначаўся на яго худым твары. Гаварыў а. Кірыл громка і борзда, часта смяяўся ад душы, але радасці, гэтай галоўнай уласцівасці здаровага смеху, не чулася. І варта было хоць на хвіліну яму сціхнуць, каб зараз жа цень смутку лёг на яго твар.
- Даўно ж вы прыехалі ў Цельшына? - запытаў Лабановіча а. Кірыл.
- А ўжо скора тыдзень будзе, а. Кірыл.
- Што, не думалі, пэўна, папасці ў такую глуш? - зноў запытаў а. Кірыл і громка засмяяўся.
- А вы ведаеце, а. Кірыл, - сказаў Саханюк, - калега знаходзіць, што ў нас тут большая глуш, чым Цельшына.
- І праўду кажа, чыстую праўду, - пераконана прамовіў а. Кірыл. - Тут у нас такая яма, такая, выбачайце, памыйніца, што другой такой на свеце няма.
- Калі я казаў, што ў вас, калега, большая глуш, то меў на ўвазе, што вы жывяце далей ад чыгункі. Якая б ні была сама па сабе глуш, але калі ты чуеш гудок паравоза, шум вагонных колаў і бачыш гэтыя роўныя або прыгожа закругленыя палоскі жалеза на шпалах, то не так тужліва адчуваеш адарванасць ад людзей і культуры, бо чыгунка з'яўляецца як бы жывым вобразам непарванай сувязі з людзьмі.
- Калі ж вы думаеце пачынаць работу ў школе?
- А вось я і хачу прасіць вас, а. Кірыл, прыехаць на гэтых днях у маю школу на малебен. Так бы з аўторка і пачаў.
- Не спяшайцеся, - махнуў рукою а. Кірыл. - Вы думаеце, яны, гэта быдлё, зразумеюць, што вы для іх будзеце старацца, вучыць іх? Вы не ведаеце мужыка: зрабі яму дабро - ён адплаціць табе самай чорнай непадзячнасцю. Мужык - гультай, злодзей, п'яніца. Толькі і глядзіць, як абадраць цябе, ашукаць. Ніякай веры няма яму. Ён гатоў цябе ўтапіць, прадаць за чарку гарэлкі. Іх трэба ўзяць - во! - Айцец Кірыл згарнуў кулакі і патрос імі, паказваючы, як трэба трымаць мужыка.
Лабановіч ніяк не спадзяваўся, каб а. Кірыл мог да такой меры не любіць мужыка, і наогул, каб у такім маленькім папку магло змяшчацца столькі нянавісці.
- Вы папрабуйце купіць у мужыка кусок хлеба ці шклянку малака. Што, ён прадасць вам? Ніколі. Гандляру прадасць, вам - ні за якія грошы!
Лабановіч нецярпліва чакаў, калі скончыць выліваць сваю злосць а. Кірыл, каб заступіцца за мужыка. Лабановіч быў пакрыўджан, як мужыцкі сын. Ці даўно яму самому, калі вучыўся ён у семінарыі, крычалі мешчанчукі: «Лямец, лямец! На якой бярозе ты лапці павесіў?»
- Розгамі яго трэба сеч! - скончыў а. Кірыл і гнеўна бліснуў вачамі.
- Я не магу згадзіцца з тым, што сказалі вы, а. Кірыл. Нават і тады, калі гэта ўсё было б праўда, - пачаў Лабановіч, - і тады нельга судзіць так мужыка. Вы кажаце - мужык скарэй прадасць гандляру, чым пану, бо пад паняцце «пан» у мужыка часта падыходзіць кожны, хто носіць цэшку або чорнае паліто. Гандляра ён ведае, з гандляром ён жыве; часам і лае яго і ў морду яму плюе. На мужыка прывыклі пазіраць, як на пчалу або на нейкую машыну, якая павінна ўсё вырабляць, усім даваць і яшчэ пры гэтым казаць і кланяцца: «Дзякую, што бераце». І ўсе так ці іначай бяруць ад мужыка: бяруць сілаю, бяруць хітрыкамі, бяруць ашуканствам. А мужыку многа далі? Паважаюць мужыка? Хто вінават, што мужык неачэсаны, што мужык цёмны і жыве па-свінску? У Святым пісанні напісана: «Якою мераю мерыце вы, такою адмерыцца і вам».
Айцец Кірыл слухаў, апусціўшы вочы, і стукаў пальцамі па стале.
- Вы яшчэ мала ведаеце мужыка, - спакойна адказаў а. Кірыл, - што б вы мне ні казалі, я буду цвярдзіць сваё: мала білі мужыка!
- Вы зусім не тое гаворыце, што думаеце. Проста вы за нешта ўгневаліся на мужыка, - сказаў Лабановіч, смеючыся.
Саханюк маўчаў.
- А вы ведаеце, - прамовіў урэшце ён. - Нашых тутэйшых сялян ніхто нідзе начаваць не пускае.
- Хто не пускае?
- Другія мужыкі.
- Ды што ж? Не спрачаюся, вашы мужыкі могуць быць і дрэннымі, але з гэтага не следуе, што і ўсе мужыкі нікуды нягодныя. Тая ж самая паншчына, аб якой шкадуе а. Кірыл, псавала іх, бо, як пацвярджаюць факты, былі такія паны, што гналі сваіх мужыкоў і падбівалі іх на кражу ў сваіх суседзяў-паноў.
На гэтым месцы гутаркі ўвайшла матушка. На яе твары была прыветная ўсмешка. Паздароўкалася, села і, звярнуўшыся да Лабановіча, запытала: