Выбрать главу

Першыя крокі былі зроблены. Дзеці разварушыліся, павесялелі і выйшлі з таго стану замкнёнасці, у якім яны яшчэ так нядаўна былі. Лабановіч, крыху пагутарыўшы, пусціў іх на пераменку. А гэтым часам пад'ехаў і а. Кірыл. Зайшлі ў пакоік настаўніка, пагутарылі пра сёе-тое, пакуль пазбіраліся дзеці. Айцец Кірыл зараз жа сабраўся і разам з настаўнікам пайшоў у школу. Там ён, не затрымліваючыся, адправіў кароткі малебен, сказаў невялічкае казанне дзецям, у якім клікаў іх да навукі, да паслушэнства, і, пажадаўшы здароўя і разумення, даў пацалаваць крыж і акрапіў іх святой вадою.

Пасля малебна настаўнік сказаў вучням перадаць сваім таварышам, каб заўтра ўсе прыходзілі ў школу, і пусціў іх дадому.

З вясёлым шумам і крыкам выбеглі дзеці на вуліцу, напаўняючы яе звонкімі галасамі, і рассыпаліся па хатах. На сваім уласным вопыце пачулі яны, што школа і настаўнік далёка не такія страшныя, як гэта складалася ў іх галаве.

Айцец Кірыл адмовіўся застацца выпіць чаю на дарогу, бо дзень кароткі, дарога паганая. На развітанне папрасіў ён Лабановіча выкладаць Закон Божы, бо яму далёка ездзіць сюды.

- А наконт... пенсіі мы пагодзімся, падзелім яе без крыўды.

Настаўнік, хоць і з неахвотаю, згадзіўся.

- Прыязджайце да нас, будзем вельмі рады, - сказаў а. Кірыл, ужо седзячы на каламажцы.

Лабановіч застаўся адзін. У пакоіку стала так ціха, што ён мімаволі звярнуў на гэта ўвагу. І была ў гэтай цішы маркота, якую пачуў ён тут першы раз. Яго пацягнула на свежае паветра, на волю. Тут ён прыпомніў, што сын самага блізкага суседа яго, пана падлоўчага, хоць і мае хадзіць вучыцца, не прыйшоў. І не прыйшоў напэўна з тае прычыны, што падлоўчы не лічыў шляхетным пасылаць сына, не пабачыўшыся і не перагаварыўшы з настаўнікам, бо ён тут чалавек новы, незнаёмы. Сам жа падлоўчы не належаў да тутэйшага насельніцтва, патрэбы якога абслугоўвала гэта школа.

Пасля абеду Лабановіч сабраўся прайсціся. Ён выйшаў на двор. На вуліцы было столькі гразі, што перайсці яе ў настаўніка не хапіла адвагі, і ён павярнуў на поле, дзе стаялі два ветракі, і зараз жа выйшаў на вузкую сцежку, якая вяла на чыгунку. Гэта было адзінае месца, дзе можна было хадзіць, не баючыся гразі. Узышоўшы на чыгунку, настаўнік прыпыніўся, як бы разважаючы, у які канец накіравацца. Вакол было ціха. Далёка беглі ўздоўж дарогі высокія тэлеграфныя слупы з белымі гугачкамі і роўна нацягнутым дротам. Ветру не было, а дрот бесперастанку гуў прыемным звонам, ціхім, аднатонным і жаласным, як казка гэтых панурых лясоў і балот Палесся. З боку раз'езда чыгунка, пралёгшы спачатку раўнюсенечкаю сценкаю, праз вярсту рабіла залом і гублялася дзесь у лесе. У процілеглым баку дарога ішла роўна на далёкай адлегласці. Было нават відаць, як выступаў з далечы дамок трэцяй будкі. Адтуль ледзь прыметна пасоўвалася чалавечая постаць. І трудна было вызначыць, куды яна ідзе: сюды ці ў другі бок. Гэтая малюсенькая фігурка адна, здавалася, ажыўляла гэты пануры і ціхі краявід, дзе ўсё як бы знікла або прытаілася.

- Пайду насустрач, - вырашыў Лабановіч.

Фігурка была так далёка, што мела выгляд тоненькага маленькага калочка. Яна ішла сюды, але трудна было адгадаць, хто гэта быў: мужчына ці кабета. Адлегласць між Лабановічам і фігуркаю змяншалася.

Мінуўшы яшчэ колькі слупоў, настаўнік мог пазнаць, што гэта была кабета, і ён перастаў ёю цікавіцца, а пачаў разглядаць лес і балоты побач дарогі, мосцікі, рачулкі і ўсё, што больш-менш кідалася ў вочы. Настаўнік зусім забыўся аб тым, што яго перш так зацікавіла, звярнуў на гэта ўвагу толькі тады, калі між ім і тым, хто ішоў яму на спатканне, была адлегласць толькі ў два слупы. Цяпер ён заўважыў, што гэта была высокая, стройная дзяўчына, вельмі добра, нават з густам адзетая.

Дзяўчына здалёк колькі разоў бачліва акідвала поглядам незнаёмага маладога хлопца, а падышоўшы бліжэй, апусціла вочы. Лабановіч таксама не лічыў далікатным разглядаць яе. Але як толькі яны параўняліся, дык зірнулі адно на аднаго, і погляды іх спаткаліся. Незнаёмая дзяўчына, як бы спалохаўшыся, зноў борздзенька апусціла свае чорныя як смоль вочы. Лабановіч, зблізку ўбачыўшы яе твар з бліскучымі прадаўгаватымі вачамі, злёгку здрыгануўся: дзяўчына была незвычайна прыгожая. Прайшоўшы крокі тры-чатыры, Лабановіч азірнуўся, каб яшчэ раз глянуць на яе. Тое самае зрабіла і зацікавіўшая яго дзяўчына. Яна, мусіць, не спадзявалася выдаць сябе такім чынам, і з губ яе сама сабою збегла прыемная і павабная ўсмешка, пасля чаго дзяўчына пайшла шпарчэй і ўжо не аглядалася.