Лабановіч, як прычараваны, стаяў колькі хвілін і ўсё пазіраў на яе. Яму было прыемна, нейкая радасць разлівалася ў крыві. Ён пайшоў далей, думаючы аб гэтай незнаёмай дзяўчыне. Яе чорныя вочы, белы твар і гэта чароўная ўсмешка так і стаялі перад ім, як намаляваныя. «Хто ж бы гэта была такая?» - пытаў ён сябе. Гэта, напэўна, з будкі, тая дзяўчына, аб якой казала яму бабка. Відаць, яна ішла ў вёску да крамніка, каб купіць чаго. «Трэба было, - думаў ён, - пазнаёміцца і правесці яе да вёскі». Ён пачынаў наракаць на сябе за сваю нясмеласць. Іншы на яго месцы знайшоў бы дваццаць зачэпак, каб звярнуцца да яе далікатна і проста і такім чынам пазнаёміцца, супраць чаго яна, напэўна, нічога не мела б.
Узважыўшы ўсе «за» і «супраць», Лабановіч прыйшоў да пераканання, што ён зрабіў добра, не зачапіўшы дзяўчыны. А вось калі зноў спаткае яе, як сёння, адзін на адзін, тады няіменна павітаецца, бо яны ўжо як бы крыху знаёмыя. Дайшоўшы да трэцяй будкі, Лабановіч вярнуўся назад у надзеі, што ён зноў сустрэне дзяўчыну на дарозе. Ён прайшоў адну будку і другую, мінуў ужо і пераезд каля свайго сяла, але дзяўчыны нідзе не спаткаў. Ці не пайшла яна на раз'езд, сабраўшыся куды-небудзь паехаць? А можа, яна зусім не тутэйшая і больш ніколі не з'явіцца тут? Але ў яго душы надоўга застанецца гэты прыгожы вобраз дзявочае красы. Лабановічу стала чагось шкада, як бы ад яго нешта адарвалася і знікла.
У лесе і ў палях пачынала цямнець, шэры асенні вечар борзда апускаўся на зямлю; разам з ім і нейкі смутак лажыўся на гэтыя пацямнелыя далі. Уся мясцовасць змяніла выгляд, як бы замкнулася ў сабе самой, аддаўшыся выключна сваім думкам і свайму настрою, а ўсё іншае для яе стала чужым і нецікавым. Лабановіч дайшоў да сцежачкі каля ветракоў і накіраваўся ў школу.
IX
Пан падлоўчы быў родам дзесь з Гарадзеншчыны і паходзіў, як ён казаў сам, са старога дваранскага роду. Тутэйшае жыхарства лічыла яго палякам, сам жа пан падлоўчы з гэтым не згаджаўся.
«Я - ліцвін», - з нейкаю гордасцю зазначаў пан падлоўчы і сваю належнасць да ліцвіноў даводзіў, паміж іншым, і тым, што яго прозвішча - Баранкевіч - мела канчатак на «іч», тады як чыста польскія прозвішчы канчаюцца на «скі»: Жулаўскі, Дамброўскі, Галонскі. Даведаўшыся, што прозвішча новага настаўніка Лабановіч, падлоўчы пры спатканні з ім прыметна выказаў адзнакі здавальнення, як гэта бывае тады, калі нам на чужыне прыходзіцца спаткацца з земляком.
- То і пан - ліцвін! - весела сказаў ён маладому настаўніку і пастукаў яго па плячы. Сваё ліцвінства ён падкрэсліваў пры кожным зручным выпадку, кажучы: «Мы, ліцвіны, любім піць гладка!»
Лабановічу, калі ў яго чарцы заставалася недапітая гарэлка, ён таксама казаў:
- А яшчэ ліцвін!.. Ну, які ж ты пасля гэтага ліцвін! - Пан падлоўчы з дакорам пазіраў у вочы настаўніку: - Не псуй ты мне, братка, кампаніі!
Калі ж гэты аргумент не памагаў, то пан Баранкевіч прыводзіў другі:
- Ты лепш, браток, падашукай маю жонку, але не ашуквай мяне за чаркаю гарэлкі.
Трэці аргумент, самы моцны і ўжо самы апошні, быў такі:
- Пі! Пі, кажу, бо, далібог, вылью за каўнер!
Гаварыў падлоўчы Баранкевіч найбольш добраю беларускаю моваю. І трэба адзначыць, што ён ні ў якім разе не быў п'яніца, ён проста любіў выпіць «з добрымі людзьмі», а сам адзін і чаркі не выпіваў. Але і ў кампаніі «добрых людзей» ніколі не перабіраў меры. У яго была тут пэўная граніца, якой ён ніколі не пераступаў і за якую яго нельга было вывесці ніякімі сіламі. Што ж тычыцца яго ліцвіналюбства, дык яно яшчэ выяўлялася і ў тым, што ён вельмі любіў літоўскія калдуны. І гэтых калдуноў, як запэўняў пан падлоўчы, ён з'еў аднойчы сто сорак штук.
- Разумеецца, пры гарэлцы, - дадаваў пры гэтым Баранкевіч.
Першы раз Лабановіч зайшоў да падлоўчага вечарам таго ж самага дня, калі хадзіў гуляць на чыгунку.
Баранкевіч спаткаў суседа-настаўніка прыветна і павёў яго ў чыстую палавіну дома, дзе ён звычайна прымаў гасцей. Пакой быў прасторны, чысты, акуратна выбелены. Каля аднае сцяны стаяла канапа і вялікі просты стол каля яе, засланы белым настольнікам. На невялічкім століку недалёка ад канапы стаяла скрыначка, музычны струмант, якую падлоўчы і пускаў у работу, каб забавіць гасцей. Апроч яшчэ аднае канапкі каля другой сцяны і некалькіх простых крэслаў, у пакоі гэтым больш не было нічога, і ён выглядаў пуставата.
- Сядайце, паночку, - папрасіў Баранкевіч госця і патрактаваў яго моцнаю папяросаю.
Гаспадар і госць разгаварыліся, прычым пан падлоўчы быў першы чалавек тут, ад якога Лабановіч пачуў добрае слова наконт гэтага месца, якое мела той вялікі козыр, што ляжала каля чыгункі. Прайшоўшыся колькі разоў па пакоі, пан падлоўчы гукнуў, павярнуўшыся да другое палавіны дома: