- Габрынька!
- Зараз, татка! - адгукнуўся ў глыбі дома звонкі дзявочы галасок.
Следам за гэтым пачуліся лёгкія і частыя крокі, і ў пакой увайшла малодшая дачка пана падлоўчага. Такімі ж борздымі крокамі падышла яна і да госця, працягнула яму сваю яшчэ дзіцячую руку, зрабіўшы прысяданне, якое Лабановіч бачыў першы раз. Ён нават спалохаўся: яму здалося, што гэта маленькая паненачка прысела ад таго, што ён наўмысля наступіў ёй на нагу.
- Чэсю! - зноў гукнуў падлоўчы.
Крыху счакаўшы, скробаючы ботамі, у пакой увайшоў меншы сын Баранкевіча, хлопчык гадоў дзевяці, даволі панурага выгляду, з вялікаю кучараваю галавою і прыгожым тварам. Паздароўкаўшыся з настаўнікам, Чэсь моўчкі сеў каля кахлянае печы і адтуль, як ваўчок, прыглядаўся да настаўніка.
Папрасіўшы прабачэння, падлоўчы адлучыўся, пакінуўшы Лабановіча з дачкою і сынам.
Панна Габрыня, смуглая, строгая і сур'ёзная дзяўчынка-падлетак, звярнулася да Лабановіча з прыветнаю ўсмешкаю:
- Пан любіць музыку?
- Вельмі люблю, - прамовіў Лабановіч.
Габрыня падышла да музычнай скрыначкі, выбрала металічны кружок, прыладзіла яго да скрыначкі, завяла яе і пусціла.
Мяккія, ласкавыя гукі стройным сугалоссем паліліся па пакоі, напаўняючы яго прыемным звонам і навяваючы якіясь добрыя, ціхія чары. Няясныя вобразы ўсплывалі самі сабою, аб чымсі казалі і клікалі невядома куды, а на сэрцы аставалася пачуванне ўтраты чагось далёкага, чаго ўжо не вернеш ніколі і аб чым можна толькі ўспамінаць. Усе ж дробязі жыцця, увесь будзённы клопат, мут душы - усё гэта знікала, адступала перад чарамі хараства. Скуль жа гэты смутак? Аб чым ён? Ці не ёсць гэта тое няяснае адчуванне хараства жыцця, якое так бязлітасна, так груба папіхаецца нагамі, таго хараства, што падымае чалавека над балотам людское сумятні?
Хвілін праз колькі вярнуўся пан падлоўчы, а потым прыйшла пані падлоўчая - другая яго жонка. Гэта была кабета ціхая, забітая, бо пан Баранкевіч, як даведаўся Лабановіч потым, у сям'і быў чалавек жорсткі.
Габрыня зараз жа выйшла і хутка вярнулася з сястрой, стройнаю чарняваю дзяўчынаю, гадоў шаснаццаці, з тонкімі, прыгожа абрысаванымі брывамі. Выраз яе цёмных акруглых вачэй часта змяняўся: то ў іх іскрыўся вясёлы смех і нахіл да жартлівасці, то адбівалася нейкае засмучэнне і тая сталасць, што рабіла ўражанне, быццам дзяўчына многа перадумала і перажыла.
Размову вялі галоўным чынам падлоўчы з настаўнікам, а ўсе іншыя слухалі і толькі зрэдку ўстаўлялі сваё слова. Было відаць, што прысутнасць падлоўчага стрымлівала іх, прымушала трымацца нейкіх граніц, якія з'яўляліся вынікам практыкі сумеснага жыцця.
Баранкевіч вельмі ўспагадна ўспамінаў настаўніка, якога змяніў Лабановіч.
- Што мне падабаецца ў пана Турсевіча, дык гэта тое, што ён умеў паставіць сябе ў кожным коле грамадства і меў свой асабісты гонар, - сказаў падлоўчы.
- Турсевіч - гэта мой настаўнік і мой зямляк, аднае воласці. Я лічу яго адным з выдатнейшых настаўнікаў і працаўнікоў. Ён не толькі вядзе добра справу ў школе, але і многа працуе над самім сабою; чалавек многа чытаў і многа думаў. Гэта адзін з тых маіх сяброў, якіх я вельмі шаную і паважаю.
- Як жа, паночку, ён быў панскім настаўнікам? Здаецца, розніца ў вашых гадах не такая вялікая? - запытаўся Баранкевіч.
- Ён старэйшы ад мяне гадоў на чатыры. Калі ён скончыў першую школку, то я яшчэ пачынаў толькі вучыцца. Ён цэлую зіму быў маім дарэктарам, маім і маіх братоў.
- А, хіба што так.
- Дык пан добра знае пана Турсевіча? - спытала пані падлоўчая. - Ах, які гэта быў рэдкі чалавек! - дадала яна і зірнула на мужа, як бы хочучы прачытаць на яго твары, ці добра яна сказала.
- Пан Турсевіч у школе быў строгі, - адгукнуўся малы Чэсь з-пад кахлянае печы.
Баранкевіч павярнуў галаву ў бок сына і, смеючыся, прамовіў:
- А што ж з вамі іначай зробіш? Дай вам волю, дык вы і школу павернеце, і толку з вас ніякага не будзе.
Паненкі засмяяліся.
- Я вось буду прасіць пана настаўніка, каб цябе часцей на калені ставіць ды яшчэ грэчкі падсыпаць.
- У пана настаўніка і грэчкі няма, - сказала Ядвіся і ўскінула на настаўніка свае вясёлыя смяшлівыя вочы.
Лабановіч зірнуў на яе. «Слаўная дзяўчынка», - падумаў ён.
- Ну, то я прышлю, цэлую асьміну прышлю, - сказаў падлоўчы.
- Чэсь будзе такі добры ў мяне вучань, што да грэчкі ў нас не дойдзе. Праўда, Чэсю?
Сёстры зноў засмяяліся. Чэся яны зналі лепей і, як відаць, схіляліся да погляду таткі наконт грэчкі.