Выбрать главу

Чэсь жа ўгнуў галаву, не зусім пэўны ў тым, што для яго справа можа абысціся без грэчкі.

- Ну, як там гарбата? - спытаў Баранкевіч жонку.

Пані падлоўчая зараз жа ўстала, кіўнула Габрыні і выйшла разам з ёю.

Стол заслалі, прынеслі талеркі з вяндлінаю, якую так добра ўмеюць прыгатаўляць у Беларусі, і селі піць чай. Лабановіч пачуваўся добра і вольна і ўвесь час вёў размову то з гаспадарамі, то з паненкамі. Пан падлоўчы, выпіўшы шклянку, устаў, папрасіў прабачэння, што не можа больш заставацца, што ён мусіць ехаць па службе, і выйшаў.

Пасля гэтага паненкі пачулі сябе вальней. Яны смяяліся, жартавалі, распытвалі настаўніка аб усім: ці быў ён у воласці, з кім там пазнаёміўся і як каго знаходзіць.

- А вы не знаеце панны Марыны? - запытала настаўніка Ядвіся.

- А хто яна такая? - спытаў Лабановіч.

- А тут на будцы ёсць адна панна.

- Я сёння спаткаў адну вельмі прыгожую дзяўчыну якраз на чыгунцы. Можа, гэта і ёсць панна Марына?

- Так, гэта яна, - прамовіла Ядвіся, распытаўшыся, як яна выглядае.

Паненкі на развітанне колькі разоў напаміналі Лабановічу, каб ён часцей заходзіў да іх.

X

Якраз за дзень да Уводзін Прасвятое Багародзіцы, свята, якое прыпадае на 21 лістапада, у вёсцы Цельшына паўстала вельмі важнае пытанне аб тым, калі святкаваць гэта свята: сёння ці заўтра? І паўстала гэта пытанне, як зазвычай усе важныя пытанні, выпадкова.

Старая Лукашыха, Аўгеня, прыйшла да свае суседкі Югасі пазычыць падсітак прасеяць мукі. Прыйшла яна якраз у той час, калі трэба ўжо тушыць у хаце агонь. Аўгеня зразу ж звярнула ўвагу, што ў хаце суседкі былі ўсе адзнакі свята: прасніцы вынесены вон, мужчыны не ўсе яшчэ былі абуты, а сама Югася падбівала цеста на аладкі і печы не падпальвала.

- Што ж гэта ў вас, дзеўка, як бы свята?

У Цельшыне быў такі звычай, што адна старая жанчына, зварачаючыся да другой, казала ёй «дзеўка».

- А хіба ж не свята? - прамовіла Югася і зірнула на суседку.

- Як свята? Што ты, дзеўка, гаворыш?!

- А так што свята! - цвёрда і пэўна адказала Югася.

- Ах, Божачка мілы! А я ж думала, што заўтра! - ускінула рукамі Аўгеня. - Лукаш мой даўно пайшоў у клуню малаціць грэчку!.. І сама я ўсю раніцу прала!.. А-а, як жа я гэта думала, што свята заўтра? Ах, матачкі мае родныя!

Аўгеня борздзенька павярнулася і выйшла з хаты, нават і падсітак забылася пазычыць. Выйшаўшы на вуліцу, яна на хвілінку прыпынілася, а потым раптоўна кінулася да Нупрэя Бабка.

- Што я прыйшла ў вас спытаць: сёння свята ці заўтра? - запыталася Аўгеня і акінула вачамі хату.

Нупрэй зусім яшчэ не падымаўся, ляжаў спіною на печы і грэўся, як кот, падкурчыўшы доўгія ногі, бо яны, хоць печ была і прасторная, не маглі на ёй як мае быць змясціцца.

- А пэўне, сёння, - адказаў ён з печы.

Праўда, Нупрэеў голас вялікага аўтарытэту нідзе наогул не меў, а ў пытаннях свята тым болей, бо Нупрэй Бабок нічога не меў проці таго, каб святкаваць і будныя дні. Але і Малання, жонка яго, таксама пасведчыла, што свята сёння.

- Ах, матухны, - зноў пляснула рукамі Аўгеня. - Усе людзі святкуюць, адна я, як тая дурная калатоўка, соваюся: ні свята, ні спакою не бачу. - І яна ледзь не бягом вымелася з хаты і пабегла дамоў.

Надта знаёмае тухканне ў Міколкі Стукача адразу затрымала Аўгеню на месцы: калі сёння свята, дык чаму ж у Стукача таўкуць ячмень?

Не думаючы доўга, Аўгеня кінулася да Стукачовых. Першае, што ўбачыла яна там, была ступа і дзве маладзіцы, нявесткі дзеда Стукача: маладзіцы стаялі адна насупраць другой з таўкачамі і заложна таўклі куццю. Міколка Стукач, лысы дзед з сівою бародкаю, падплятаў лапаць. Бабка Стукачыха прала кудзелю. Грук таўкачоў глуха аддаваўся па хаце, і пасля кожнага ўдару штось бразгацела на паліцы, дзе стаялі міскі з лыжкамі.

Здзіўленая Аўгеня спынілася на парозе.

- А хіба ж сёння не свята? - спытала яна.

- Якое свята? - сярдзіта зірнуў на яе дзед Міколка.

- Вось, скажэце, мае мілыя: як бы хто туману напусціў, - прамовіла Аўгеня, збітая з тропу. - Адны святкуюць, другія кажуць, што свята няма.

- Хто святкуе? - запытала бабка Тацяна.

- Я і сама думала, што свята павінна быць заўтра, аж прыходжу да Рамковых - святкуюць, Югася аладкі падбівае; зайшла да Бабковых - і там святкуюць. Прыходжу да вас, - у вас тут будны дзень. Каму ж верыць?

- А можа, і сёння свята, - ужо іншым тонам пачаў разважаць дзед Стукач.

Маладзіцы прыпынілі работу. Адна абаперлася на таўкач, не вымаючы яго са ступы, а другая трымала таўкач у руцэ. Яны таксама задумаліся.