Палешукі стаялі, як строгія і справядлівыя суддзі, але сур'ёзныя твары іх часта рабіліся вясёлымі, і дружныя покаты смеху напаўнялі вуліцу. Пры гэтым палешукі, як па камандзе, адкідалі назад галовы і выпучвалі жываты. Але гэта было толькі ў тых выпадках, калі якая-небудзь з кабет, пераступіўшы ўсякія граніцы жаночага ўшанавання, адпускала штось вельмі жыццёвае і сакавітае. І ўсё ж такі вёска не прыйшла да згоды. Адны святкавалі сёння, другія - заўтра. А некаторыя, каб не ашукацца, святкавалі два дні.
Гэта няяснае пытанне аб свяце адбілася і на школе. Лабановіч, прыйшоўшы на заняткі, заўважыў, што паловы вучняў няма.
- Чаму ж вас так мала прыйшло?
Дзеці перадалі гісторыю спрэчкі аб свяце, а разам з тым і прычыну адсутнасці вучняў.
XI
Работа ў школе наладзілася.
Малады настаўнік укладаў у яе сваю душу і сэрца. Кароткія зімнія дні праходзілі незаметна, іх не хапала на тое, каб як след правесці работу. Як толькі добра развіднялася і была магчымасць весці лекцыі, Лабановіч ішоў у школу, размеркаваўшы сваю работу між чатырох груп.
Многа патрабавалася ўмення на тое, каб кожная група была занята і не сядзела без работы. Многа трэба было энергіі і старання, каб кожная група была зацікаўлена ў сваёй рабоце, каб увесь час трымаць школу на вышыні таго ці іншага настрою. Удзень вучні распускаліся на паўтары гадзіны для абеду. Пасля лекцыі зноў ішлі да самага вечара, пакуль не цямнела. Часта са старэйшымі вучнямі лекцыі вяліся вечарамі пры лямпе. Потым настаўнік яшчэ доўга сядзеў над сшыткамі і папраўляў іх. Маладых сіл было многа; здавалася, ніколі не вычарпаеш іх, і расходваліся яны так, як расходуе з восені заможны, але маладасведчаны і непрактычны гаспадар багаты збор ад свае нівы.
Але ў сваёй рабоце чэрпаў малады настаўнік і поўную чару высокага задавальнення, назіраючы, як дзеці набіраліся знання, лёгка асільвалі тое, што яшчэ ўчора здавалася ім незразумелым і трудным. Больш разбітных і здольных любіў ён той любасцю, якая можа быць толькі ў настаўніка да сваіх выхаванцаў. Ім і дазвалялася шмат таго, чаго не павінны былі рабіць звычайныя вучні, бо ў Лабановіча ў школе наогул быў строгі парадак. Хоць патуранне было і шкодна з педагагічнага боку, Лабановіч гэта ведаў, але падолець гэту сваю слабасць не мог ніякім чынам. З другога боку, трэба сказаць, што ад лепшых вучняў і вымагалася болей. І нейкая ўцеха брала маладога настаўніка, гледзячы на гэтых маленькіх змыслых палешучкоў.
Скончыўшы навучанне і перагледзеўшы работы вучняў, Лабановіч часта падводзіў падрахункі дню; пры гэтым разважаў ён і аб тым, як абысці тыя пахібы і памылкі, якіх так трудна бывае пазбегнуць у школе маладому, малавопытнаму настаўніку. Усе тыя спосабы, якія так гладка і проста апісаны ў методыках, часта зусім не падыходзілі і не адпавядалі ўмовам школы, трэба было тут жа выдумляць іх самому. А колькі часу прыходзілася траціць на тое, каб дастасаваць мову дзяцей да кніжнае мовы! І колькі смешных і непажаданых выпадкаў вынікала на грунце гэтага непаразумення ў школе, дзе мова мацеры зневажаецца і забіваецца!
Часамі Лабановічу здавалася, што школа адстае, што вынікі дасягнуты нязначныя і што, наогул, ён няважны настаўнік. Трэба ўжыць тут штось новае, трэба аджывіць школу, бо спосабы яго заняткаў так застарэлі, што напэўна перасталі быць цікавымі для дзяцей. У такія мінуты настрой яго спадаў, яму рабілася не па сабе.
«Трэба будзе даведацца да Турсевіча і пабачыць, як ён вядзе сваю справу», - падумаў Лабановіч і цвёрда вырашыў у першае ж свята паехаць да свайго старога настаўніка.
Ён абдумаў маршрут. Праўда, маршрут гэты просты: пайсці на раз'езд, як-небудзь сесці на таварны цягнік і паехаць. Ад станцыі яго сябар жыў за вярсты дзве, а язды паўстанцыі. Калі ж не ўдасца паехаць машынай, дык у яго - маладыя ногі, да хады прывычныя. Развязаўшы пытанне такім чынам, Лабановіч заспакоіўся і хацеў засесці за кнігу.
Якраз увайшла бабка.
- А што, панічыку, чай піць будзеце?
- Чай? - спытаў настаўнік і заспяваў:
Чай, чай,
Прымячай,
Куды чайкі ляцяць!
Бабка падперла рукамі шчокі і пачала смяяцца.
- Смешны вы, панічок, далібог!.. Ах, няхай бы вы здаровенькі былі!
- А ведаеш, бабка, што я надумаўся?
- Бог вас ведае, панічок.
- У гэтую нядзельку, бабка... ці там нікога няма? - ціха і таемна кіўнуў настаўнік у бок кухні.
- Няма, панічку! - ціха адказала бабка, нарыхтаваўшыся пачуць нешта вельмі цікавае.