«Цікава!.. Трэба будзе калі падумаць над гэтым», - зазначыў сам сабе настаўнік. Але, як відаць, была ў яго яшчэ і іншая думка, і ён, нечакана для сябе самога, спытаўся:
- Бабка! А твой Міхалка мог бы і памерці праз гэта?
- Гэ, панічыку мілы! Чуць-чуць не памёр! Насілу, насілу адхаялі!
- І падумаць толькі: праз якое глупства можа памерці чалавек! - прамовіў малады настаўнік, хутчэй да сябе самога, і задумаўся.
Галава яго крыху схілілася набок, цёмныя вочы, у якіх часта адбівалася нейкая затоеная думка, пазіралі, не міргаючы, у кут пакоіка, але нічога не бачылі, яны як бы пазіралі на тую думку, якая цяпер заварушылася ў яго галаве.
Старая бабка звярнула на гэта ўвагу і з нейкім страхам і цікавасцю пазірала на свайго «паніча».
- А што вы, панічыку, так задумаліся?
Лабановіч ускінуў на яе вочы і засмяяўся.
- А ведаеш, бабка, хочаш, я скажу табе, што ты цяпер думаеш?
Бабка здзівілася яшчэ болей, а настаўнік, не чакаючы яе адказу, прамовіў:
- Ты, бабка, пазірала на мяне і думала: «Калі гэты паніч яшчэ не з'ехаў з глузду, то з'едзе».
Старожка пазірала яму ў вочы, моцна здзіўленая, а Лабановіч, прыдаўшы важны выраз твару, сказаў:
- Ты, бабка, не думай таго: не адна ты знахарка. Я, можа, яшчэ выдатнейшы знахар за цябе.
- А што ж, панічыку, усё можа быць, - як бы з нейкай пакрыўджанасцю адказала бабка.
- Ты плюнь, бабка, на гэта, бо ўсё гэта - глупства, а лепш вось што: скажы ты мне, бабка, чаго мы на свеце жывём?
Бабка не ведала, які тон ёй узяць, каб не памыліцца, і сказала:
- Гэ, панічок: што вы так усё пытаецеся?.. Гляджу я на вас і дзіўлюся: сядзіць сабе, як той манашак, і ўсё ў гэтыя кніжкі пазірае. Паглядзелі б трохі, і годзе. А то калі ні прыйдзеш, вы ўсё ў кнігі гледзіце. Хіба можна так пільна і доўга пазіраць у іх? - І, памаўчаўшы, дадала: - Сушаць яны, і болей нічога.
- Дык ты, бабка, не ведаеш, чаго мы на свеце жывём?
- Не, панічок, не ведаю! Каб вы запыталіся ў дрэва, чаму яно расце, дык хіба ж бы яно вам адказала? Так і я не магу адказаць вам. Жывём, покі жывецца, бо жывы ў зямлю не палезеш, а прыйдзе смерць, тады пахаваюць.
- Так, бабка: ты кажаш праўду. Не ведаем мы, чаго на свеце жывём.
- А навошта, панічыку, і ведаць? Жыве чалавек і жыве, пакуль Бог яму прызначае. А прыйдзе час яму памерці - памрэ.
- А дрэнна, бабка, што трэба ўміраць!
- Што вы, панічыку, усё пра смерць гаворыце! Дзіўны вы, панічок, далібог! Вось той паніч, што быў перад вамі, бывала, пойдзе куды: ці да пана падлоўчага, або да Курульчука на будку. Там паненка была, ой, прыгожая паненка! Яе цяпер дома няма, а вось прыедзе, дык пабачыце самі!
- А хіба ж тут паненкі ёсць? - зацікавіўся Лабановіч.
- О, панічыку, чаму ж няма!
Бабка пачала пералічаць і расхвальваць паненак. Перш-наперш у валаснога пісара іх цэлых чатыры. Праўда, воласць адгэтуль за пятнаццаць вёрст. Але ёсць паненкі і бліжэй: за сем вёрст дачка каморніка. Усе панічы ў гэтай акрузе закаханыя ў яе. Ёсць яшчэ паненка на хутары за тры вярсты.
- Навошта вам лепей, панічок: у пана падлоўчага дочкі ёсць. Адна яшчэ зусім маладзенькая, а другая старэйшая. Яна пыталася ўжо: «Ну, як твой, бабка, паніч?»
- А ты што ёй сказала?
- Ой, кажу, паніч! Харошы паніч!
- А хіба ж я харошы?
- А чаму ж не харошы!
- Ну, а хто з паненак самая лепшая?
- Усе харошыя. Як для мяне, дык усе харошыя.
- Ці не думаеш, бабка, ты жаніць мяне?
- Самі, панічок, жэніцеся... А да пана падлоўчага вам трэба зайсці. Бывала, той паніч, - як вечар, дык там. А вы ўсё седзіце над гэтымі кнігамі. А яны сушаць чалавека.
- А ты, бабка, пашапчы, каб я ад іх адвярнуўся.
Старая колькі хвілін пазірала на настаўніка, а потым засмяялася доўгім-доўгім смехам.
- От, паніч, вы ўсё шуткуеце!
Бабка ўстала, пазяхнула і зірнула ў акно. А там ляжала цёмная-цёмная лістападаўская ноч.
- Толькі ў пана падлоўчага яшчэ вокны свецяцца, - зазначыла бабка.
- Пасядзі яшчэ трохі.
- Не, панічок, позна.
І бабка паволі павярнулася ў сваю кухню на печ.
II
Старожка ўжо злёгку пахрапвала ў кухні на печы, а Лабановіч усё яшчэ не лажыўся. На стале гарэла лямпа пад светлым абажурам і ляжала разгорнутая кніга, якую чытаў настаўнік. На гэты раз чытанне штось не ладзілася, і Лабановіч часта адрываўся ад кнігі, пахаджаў па пакоі і думаў. Новае месца, новыя людзі і тая работа ў школе, якую трэба было распачынаць на гэтых днях і да якой ён так доўга гатаваўся, - усё гэта займала яго думкі, і яму было лёгка і добра, бо так многа новага і цікавага спадзяваўся ён спаткаць на першай сваёй дарозе незалежнай грамадскай працы.