Выбрать главу

- Дык нават, бабка, не ў нядзельку, а ў суботу нанач надумаўся я паехаць у госці да таго паніча!

- А я ж, панічок, думала, што вы скажаце пра іншае, - сказала, смеючыся, бабка. - Чаму ж, панічок, не паехаць? Вядома, збярэцеся...

Дзверы ў кухню стукнулі, і туды хтось увайшоў.

- Гэта, мусіць, бабка, да цябе хтось лячыцца прыйшоў.

Бабка борздзенька павярнулася і ў дзвярах спаткалася з Чэсем.

- Татка прасіў, каб вы зайшлі да нас, - прамовіў Чэсь Лабановічу.

- Добра, Чэсь, я зараз прыйду. У вас там, можа, хто ёсць?

- Пан Сухавараў з раз'езда.

- Ах, Чэсь! Як жа гэта ты такую штуку мне ў школе ўдраў? - прыпомніў Лабановіч, як Чэсь, седзячы на лекцыі славянскай мовы, скруціў паперку ў трубачку і засунуў яе ў вуха Кандрату Кругламу.

Чэсь апусціў галаву ў знак свае віны і стаяў панурыўшыся.

- Не рабі ты, брат, так ніколі.

Чэсь выйшаў. Крыху счакаўшы, выйшаў і Лабановіч.

За сталом у падлоўчага сядзеў памочнік начальніка раз'езда, пан Сухавараў, нежанаты, яшчэ малады хлопец, адзеты ў парадны мундзір; ён падкручваў свае чорныя вусікі. На канапе насупраць яго сядзела панна Ядвіся. Яна была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару, а чорныя і пышныя валасы яе былі перахвачаны чырвонай стужкай. Панна Ядвіся выглядала вельмі цікаваю і прыгожаю. Цёмныя вочы яе з доўгімі мігаўкамі як бы рассыпалі прамені. Яна была вясёлая і ў добрым настроі.

Лабановіч падышоў да яе і паздароўкаўся.

Панна Ядвіся пазнаёміла яго з памочнікам і запыталася:

- Што гэта вас не відаць?

- А я, бачыце, крыху закапаўся ў школе...

- Уяўляю сабе, якая непрыемнасць сядзець увесь дзень з гэтай вясковай дзятвой. Нанясуць лапцямі гразі, дух цяжкі, - прамовіў Сухавараў.

- Пан Лабановіч закахаўся ў сваю школу, - сказала Ядвіся.

- А можа, у вас, панна Ядвіга? - запытаў памочнік і ўскінуў на яе свае алавяныя вочы.

Відаць было, што памочнік хацеў завалодаць адзін увагаю панны Ядвісі, а настаўніка адцерці. Ён лічыў сябе вельмі цікавым кавалерам, з якім такому настаўніку змагацца ніякім чынам немагчыма.

- О не! У пана Лабановіча ёсць больш шчаслівейшая ад мяне.

Адзін момант Ядвіся памаўчала, як бы вельмі засмуціўшыся, але з яе вачэй так і сыпаліся іскры смеху.

- Пан Лабановіч аддаў сэрца сваёй бабцы!

Сказала і залілася самым вясёлым сардэчным смехам. Таксама смяяліся і малая Габрынька, і Сухавараў. Смяяўся і пан падлоўчы, які ў гэты момант прыйшоў да гасцей.

А Ядвіся яшчэ дадала:

- Сядуць з бабкаю каля стала і варкуюць да самай поўначы.

«Аднак жа ты ахвотніца смяяцца», - падумаў настаўнік і таксама адказаў жартліва:

- Ну, што ж? Палюбіць маладую і прыгожую кожны патрапіць, а вось закахацца ў старую, гэта ўжо рэч іншая.

- Так, так, - сказаў Сухавараў, - на гэта трэба мець асаблівы талент.

- У пана Лабановіча і ёсць гэты асаблівы талент, - прамовіла Ядвіся.

- Што гэта, паночку, яна да вас прычапілася? - спытаў пан падлоўчы.

- Не ведаю, - адказаў Лабановіч. - На свеце, пане-суседзе, бывае так, што хто каго любіць, той таго і чубіць.

- Ха-ха-ха! - засмяяўся пан падлоўчы. - Што, Ядвіська, дастала?

А Ядвіся, як і нібыта таго, спакойна, нават сур'ёзна запыталася:

- А хіба ж ужо бабка чубіла вас, пане настаўніку?

- Брава! Брава! - запляскаў у ладкі памочнік.

Падлоўчы Баранкевіч громка засмяяўся.

- Дык вас, пане настаўніку, бабка чубіць? - спытаў ён, не перастаючы смяяцца.

За гэтым агульным смехам Лабановічу не ўдалося нічога адказаць, і верх застаўся за паннаю Ядвісяю.

Размова пайшла па другім кірунку, і гаварыў болей памочнік. Гаварыў ён гладка і востра і часта выклікаў вясёлы смех сваіх слухачоў і слухачак. Панна Ядвіся часта ўскідала на яго свае цёмныя выразныя вочы з-пад тонкіх дужак броваў. Лабановіч маўчаў. У яго было такое пачуццё, як бы ён быў тут зняважаны і пакрыўджаны. А пан Сухавараў вельмі зацікавіў Ядвісю Вільняю і тэатрам. Сам ён крыху спяваў, але толькі пад гітару. Другі раз абяцаўся ён прыйсці з гітарай, бо панна Ядвіся яго вельмі прасіла. За ўвесь гэты час яна ні разу не глянула на свайго суседа - Лабановіча.

- А ты, Ядвіська, калі ласка, заспявай, - звярнуўся пан падлоўчы да дачкі.

- Пан Сухавараў смяяцца будзе, - прамовіла Ядвіся, апусціўшы вочы, а потым ускінуўшы іх на памочніка.

- Што вы? Што вы? - усхапіўся Сухавараў, просячы яе заспяваць.

Ядвіся адышла далей у куток каля кахлянай печы і заспявала:

Ці я ў полі не калінаю была?..

Голас у яе быў малады, свежы, сакавіты. Спявала яна з такім праўдзівым пачуццём, што рабіла вельмі добрае і прыемнае ўражанне.