Лабановіч слухаў гэтыя спевы, і нейкі жаль ахопліваў яго. Яму хацелася падысці да дзяўчыны і запытаць яе: «Скажыце, якое гора ў вас на сэрцы?»
Сухавараў многа і доўга хваліў панну Ядвісю, а яна стаяла, апусціўшы вочы, і, здаецца, чакала слова ад Лабановіча. Настаўнік сумыслу не сказаў нічога.
Развітваючыся пасля вячэры, панна Ядвіся была сур'ёзная і не папрасіла суседа заходзіць да іх вечарамі.
XII
Лабановіч пачуў, што на душы ў яго неспакойна. У чым выяўляўся гэты неспакой, ён і сам не мог вызначыць. Не было цяпер і той цэласці і яснасці, з якой жыў ён тут у першыя дні свайго прыезду. То тое, то другое пачынала забіваць душу, адцягваць і раскідаць яго ўвагу, і ён як бы падзяляўся на асобныя часткі, якія не мелі цеснай сувязі між сабою. Нейкае нездаваленне псавала яго добры настрой.
Лабановіч доўга хадзіў па пакоіку, намячаючы больш-менш сталы і пэўны лад свайго жыцця. Трэба глыбей увайсці ў сябе самога і заняцца чым-небудзь болей важным і сур'ёзным, не траціць час на такое глупства, як марнаванне вечароў у кампаніі асоб накшталт Сухаварава, які нават нічога добрага не бачыць у яго школьнай рабоце. Сухавараў яму не спадабаўся. «Хлюст», - назваў яго ў думках настаўнік, уявіўшы сабе яго воблік, яго ласыя вочы, якімі ён аглядаў панну Ядвісю, яго крыху звіслую губу. «Грош яму цана!»
Настаўнік доўга хадзіў па пакоіку. Калі набліжаўся ён да лямпы або адыходзіўся ад яе, цень яго то падаўжаўся, то карацеў, а ў стыках сцяны і столі борздзенька пераломваўся і забягаў на столь. Колькі разоў мімаволі вочы яго ўзнімаліся на вокны пана падлоўчага. Яшчэ думаў настаўнік і аб панне Ядвісі. Можа, і Сухаварава не ўпадабаў ён за тое, што яна аддавала відочную перавагу яму...
«Э, глупства! - перапыніў настаўнік свае думкі. - Трэба абавязкова паехаць да сябра і крыху праветрыцца і скінуць той фуз, які патрошку пачынае ўжо набірацца».
Але задуманую паездку прыйшлося адлажыць. На другі ж дзень зайшоў арцельны стараста Бабініч, пазнаёміўся з ім і вельмі прасіў да сябе ў госці на чацвёртую будку. Стараста Бабініч меўся паслаць у школу да Лабановіча сваіх дзяцей - сына і дачку. А вучні з чыгункі былі платныя, складалі, такім чынам, даход настаўніку. Пенсія настаўніка была надта малая, і кожны вучань збоку быў значнай дапамогай у грашовых справах. Ніякія довады Лабановіча за тое, што ён мусіць паехаць да сябра, Бабініч не браў пад увагу.
- Паспееце пабыць і ў сябра. Пабудзеце ў мяне, а вечарам і да сябра паедзеце, тым болей што свят назбіралася многа.
Бабініч належаў да тых людзей, якія не так-та лёгка адступаюцца ад сваіх планаў. Ён да таго часу не пакінуў Лабановіча, пакуль не ўзяў з яго слова быць у гасцях.
Як толькі Бабініч выйшаў, у пакоік увайшла старожка.
- Напэўна, панічыку, арцельны ў госці запрашаў? - спытала яна.
- А скуль ты, бабка, гэта ведаеш?
- А як жа, панічок: ён будзе сваіх дзяцей да вас аддаваць. Мне жонка яго ўжо казала аб гэтым. А стараста такі чалавек, што любіць аддзякаваць. І пачастуе, і заплаціць.
Бабка ведала ўсіх будачнікаў па адзін і па другі бок раз'езда і вельмі раіла пагасцяваць у Бабініча.
- Вельмі добрыя людзі, - казала яна.
- Што ж? Нічога не зробіш, бабка: трэба папакутаваць - пайду.
- Якая ж гэта пакута? От, паніч! І вып'еце, і закусіце.
- А ты, бабка, любіш выпіць?
- А хто ж яго не любіць, панічыку? Калі трапляецца, то чаму ж не выпіць?
У першы святочны дзянёк выйшаў настаўнік на знаёмую яму сцежку, каля двух ветракоў, і пайшоў на чыгунку. Гэта месца вельмі падабалася Лабановічу, і хоць ён даваў кругу, ідучы тут, але часу заставалася яшчэ многа, спяшацца яму не было куды. На чыгунцы ён затрымаўся. Хацелася пайсці ў бок раз'езда, ісці доўга-доўга па гэтых шпалах між развіслых, шырокіх лазовых кустоў, хмызняку і лесу.
Было зусім ціха. Распагодзілася. Нізка стаяла асенняе сонца, і нейкаю маркотаю патыхала ад усяго гэтага цеснага краявіду і ад гэтае вёсачкі, закінутай між балот і лясоў.
Каротка і адрывіста раўнуў паравоз на раз'ездзе, ціхенька здрыгануліся рэйкі, і нейкі лёгкі, ледзь чутны шолах прабег па іх, як бы яны аб чымсі перамаўляліся між сабою. І зараз жа на заломе выбухнуў велізарны клуб белаватага дыму, за ім выкідаліся другія клубкі, следам за гэтым паказаўся паравоз кур'ерскага поезда. Клубчасты, кучаравы хвост дыму ўсё падаўжаўся, шырыўся і, здавалася, нерухома застыў у марозным паветры, тады як галава яго ўсё выцягалася як бы са свайго ўласнага цела. Было штось велічнае, магутнае і захопліваючае ў гэтай імклівасці поезда. Мімаволі хацелася схіліць галаву прад геніем чалавечага розуму, атрымаўшага верх над бясконцымі адлегласцямі. Поезд прамчаўся, як змей, абдаўшы віхрам пылу і дыму настаўніка, адсякаючы за кожную хвіліну цэлую вярсту.