Выбрать главу

Лабановіч зрушыў з месца і пайшоў у той бок, куды паляцеў і зараз жа знік магутны поезд. Настаўнік ішоў на чацвёртую будку да Бабініча. За другою будкаю пачынаўся высокі бор, і месца было больш сухое і вясёлае. Настаўнік падышоў да таго месца, дзе спаткаўся з незнаёмаю дзяўчынаю. Ён часта думаў аб ёй, але ні ў кога не пытаўся пра яе, бо людзі ў такіх выпадках заўсёды схільны ахаяць і кінуць хоць маленькі камячок гразі на тое, што для цябе з'яўляецца святым і недатыкальным. Толькі з паннаю Ядвісяю, і то між іншым, была аб ёй гутарка. Сёння ён напэўна як-небудзь даведаецца аб ёй. А можа, яна будзе таксама ў гасцях? А калі гэта зусім не тая дзяўчына? Ідучы каля трэцяе будкі, дзе жыў Курульчук, Лабановіч кінуў бачлівы погляд, але там было ціха, нікога не відаць. Другая будка, чацвёртая ад сяла, была не больш як за паўвярсты ад трэцяе.

- Калі ласка! Калі ласка! - спаткаў стараста настаўніка на ганачку і павёў яго ў будку.

Маленькая знадворку, будка ўсярэдзіне была досыць памястоўная. У ёй была кухня, праходны пакойчык і яшчэ два пакойчыкі, шмат прастарнейшыя, светлыя і чыстыя.

У пакоіку Лабановіча спаткала гаспадыня, нізкая жанчына. Па яе фігуры адразу трудна было вызначыць, што перамагае ў ёй: таўшчыня ці вышыня.

Гасцей было чалавек восем. Тры мужчыны і кабеты. З боку камоды каля аконца сядзела тая самая дзяўчына, з якою спаткаўся Лабановіч, гуляючы па чыгунцы. Вітаючыся з гасцямі, настаўнік, убачыўшы панну Марыну, - бо гэта была яна, - мімаволі спыніўся на адзін момант перад ёю: гэты незвычайна прыгожы твар як бы прычараваў яго. Разгледзеўшы панну Марыну зблізку, Лабановіч знайшоў, што такой слаўнай дзяўчыны ён яшчэ ні разу не бачыў. Цёмныя чыстыя вочы, крыху як бы чымся засмучоныя, пазіралі так панадна і з такою дабратою, што ад іх погляду рабілася лёгка на сэрцы! На высокі белы лоб навісалі чорныя-чорныя валасы і дадавалі яе твару яшчэ больш хараства. Тонкія замкнёныя вусны рабілі твар дзяўчыны разам з тым і крыху строгім і сур'ёзным.

- Здаецца, гэта з вамі спаткаўся я аднойчы? - спытаў Лабановіч, павітаўшыся з дзяўчынаю.

Панна Марына ўсміхнулася.

- Так, гэта я ішла ў вашу вёску.

- Ну і моладзь! - сказаў Бабініч. - Як скора патрапляюць яны сустракацца!

Бабініч, відаць, паспеў ужо хапіць колькі чарак, бо язык яго, наогул распушчаны, не ведаў стрымання і пачынаў плявузгаць такія рэчы, ад якіх было сорамна не толькі паненкам і кабетам, але часта і мужчыны апускалі вочы або заходзіліся ад смеху. Бабініч у гэтым сэнсе быў вядомы дзівак і ніякім чынам не мог абысціся без таго, каб не ляпнуць чаго пры кабетах. І гэта здольнасць Бабініча асабліва вызначалася тады, калі ён добра выпіваў.

Праз колькі хвілін Бабініч і яго жонка-кадушка запрасілі гасцей за стол. На стале было многа закускі, а яшчэ больш гарэлкі. Гаспадыня прасіла гасцей вельмі далікатна, а гаспадар проста пхаў іх з пагрозамі даць каленам, калі хто не надта шпарка займаў за сталом месца.

- А ты чаго стаіш і топчашся, як таўкач той у ступе? - накінуўся ён на будачніка Лобука.

- Садзіся, Лобук, садзіся! - смяяўся высокі, відны сабою, шыракаплечы Курульчук, швагра панны Марыны.

Госці жыва паселі за стол.

Акінуўшы вокам кампанію і тую гарэлку, якая стаяла на стале, Лабановіч цвёрда пастанавіў не піць, бо нейкае пачуванне засцярогі падказвала яму ўстрымацца. І вось калі першая чарка дайшла да яго, ён падзякаваў гаспадару і перадаў чарку суседцы, жонцы вакзальнага жандара.

На твары Бабініча намалявалася незвычайнае здзіўленне.

- Хіба ж вы не п'яце? - панізіўшы чуць не да шэпту голас, прамовіў стараста.

- Не п'ю, - салгаў настаўнік.

- Ні аднюсенькае чарачкі?

- Ніяк не п'ю.

- Госпадзі Божа, Твая воля! Як жа гэта можа быць, каб чалавек не піў? Ну, што ж мне з вамі рабіць?

- Ой, пане настаўніку, у нас няможна, каб гарэлкі не піць, - засмуцілася і гаспадыня. - Вы хоць трошачкі, а выпіце.

- Не, не! - загулі і кабеты. - Як-та не выпіць?

Настаўнік стаяў на сваім і не паддаваўся ні на якія ўгаворы.

- Панна Марына! Папрасіце вы. Можа, на вашу просьбу госць зверне ўвагу, - звярнулася да дзяўчыны жандарыха, чырванашчокая, дабрадушная жанчына.

Панна Марына ўсміхнулася і паказала свае белыя, як калядны снег, зубы.

- А нашто ж прынявольваць чалавека? - сказала яна і зірнула на настаўніка.

- Вялікі вам дзякуй! - пакланіўся ёй Лабановіч.

- Эх, панна Марына, панна Марына! - з дакорам паківала галавою жандарыха і выпіла чарку гарэлкі.