Выбрать главу

Пасля гэтай замешкі чарка ўжо не ведала спакою. Курульчук праз паўгадзіны зачаў сваю песню, адну з тых, якія ён ведаў і спяваў, дайшоўшы да пэўнага стопню:

Быў сабе з тапорыкам пан Ян...

Кабеты таксама разрумяніліся, як тыя пірагі пад Вялікдзень у добрае гаспадыні. Бабініч зусім асалавеў, вочы яго пажаўцелі і варочаліся, як тачыла ў руках няздольнага каваля. Яго плявузгота ўжо не рабіла вялікага ўражання: да яе прыслухаліся і прыцярпеліся, і яна як бы атрымала тут правы грамадзянскія. На гэта, відаць, звярнуў увагу і сам Бабініч, бо ў яго плявузгоце пачаўся пералом: з кожным разам забіраўся ён усё далей і далей. Ужо колькі разоў закрывала яму рот жонка і сама рагатала. Падгуляўшыя кабеты заспявалі якуюсь песню, а Бабініч закрычаў на ўвесь пакоік, вымагаючы ўвагі. Кабеты змоўклі, слухаючы, што скажа ён. Бабініч адпусціў такія словы аб іх спяванні, што і прывычныя жанкі паўскакалі з месца.

Панна Марына кудысь схавалася, а сястра яе, жонка Курульчука, угневалася і сказала:

- Не, кумок, не пайду я больш да вас.

- Ну, не буду, не буду, - давячыся дымам махоркі, смехам і кашлем, прамовіў Бабініч. - Не буду, няхай вас халера падушыць!

Лабановічу ўрэшце абрыдла гэта п'яная гульня і гэта гразь распушчанага языка. Яго толькі вельмі дзівіла, як магла быць у такой кампаніі панна Марына. Яму было брыдка і за сябе, і за яе. Устаць і пайсці, што ён ужо колькі разоў памыкаўся зрабіць, Лабановіч не рашыўся, не хочучы пакрыўдзіць гаспадара і гасцей. Ён мусіў дасядзець да вечара, пакуль Бабініч не ўстаў, хістаючыся, і не знік за дзвярамі надоўга.

Разам з Курульчукамі і паннай Марынай выйшаў настаўнік ад Бабініча. Курульчукі і панна Марына прасілі яго быць з імі знаёмымі і заходзіць да іх.

XIII

- А вас, панічыку, пыталася паненка, - далажыла бабка настаўніку, як толькі ён вярнуўся з гасцей. - «Дзе ж, кажа, бабка, твой паніч?» - «Пайшоў, кажу, паненачка, кудысь на чыгунку». - «А я, кажа, хацела папрасіць кніг у паніча».

- Добра, бабка, кніг я выберу.

Лабановіч пакапаўся ў сваіх кнігах і адабраў дзве: томік дробных апавяданняў Караленкі і невялічкае апавяданне Сельмы Лагерлёф «Легенда аднаго дома».

Лабановічу хацелася перадаць кнігі самому, і панна Ядвіся, як дагадваўся настаўнік, напэўна хацела, каб ён сам прынёс іх. Кнігі тут былі толькі як зачэпка. Лабановіч крыху зафанабэрыўся. «Не, не пайду!» - сказаў ён сам сабе.

- Вось, бабка, кнігі, занясі іх, калі ласка, паненцы.

- Добра, панічок.

Бабка крыху пастаяла, як бы разважаючы, але нічога не сказала і выйшла.

Лабановіч, сказаць праўду, гневаўся на панну Ядвісю - пасля таго вечара, калі быў у пана падлоўчага Сухавараў, - і рашыў не паказвацца там. Апрача таго, вобраз другой дзяўчыны яго моцна зацікавіў і таксама крыху засланяў сабою Ядвісю.

І само сабою напрашалася параўнанне гэтых дзяўчат. Панна Марына, без спрэчкі, мела перавагу над Ядвісяю ў харастве, але разам з гэтым уступала Ядвісі ў разнастайнасці праяўленняў жыцця. Марына была ціхая, сталая і, напэўна, вельмі добрая душа, але гэта была простая дзяўчына. Адлучыўшы ад Марыны хараство, гэту дзявочую шыльду, ад яе засталося б мала, тады як Ядвіся была натура больш мнагалучная, больш жывая, якая яшчэ не выявілася і не сфармавалася ў пэўны характар.

Лабановіч усміхнуўся сам сабе: яму прыпомнілася казка пра асла. Галодны асёл папаў між двух стагоў. Ён спыніўся і пачаў разважаць, да якога стога яму накіравацца. Разважаў да таго часу, пакуль не выпрастаў ногі.

У канцы Лабановіч вывеў такое заключэнне, што гэтыя дзве дзяўчыны ахаваюць яго ад таго, каб закахацца ў адну з іх, і яму стала весела.

- Занесла, панічыку, вашы кнігі. Паненка дзякавала вам. А чаму, кажа, паніч не прыйшоў? - сказала, вярнуўшыся, бабка.

Па праўдзе сказаць, настаўніку хацелася пабачыць Ядвісю, тым болей што пасля таго, як быў там Сухавараў, яны не сустракаліся. І як ні хітрыў ён сам з сабою, як ні тлумачыў гэты факт, але аднаго не мог пабароць у сабе - не думаць аб панне Ядвісі. І што б ён ні рабіў, аб чым бы ён ні думаў, не-не дый устане перад ім Ядвіся. І чым бліжэй быў ён да яе, тым больш адчувалася ўлада гэтай дзяўчыны над ім. Калі ён быў у гасцях і бачыў перад сабою другую дзяўчыну, ён ні разу не ўспомніў аб сваёй суседцы. А цяпер, як бы ў помсту за гэта, вобраз панны Ядвісі стаяў неадступна ў вачах, дражніў яго, кудысь зваў і смяяўся. А вокны ў пакоі пана падлоўчага святлелі прынадным бляскам. Цяпер там, напэўна, адна панна Ядвіся з сястрою, бо пан падлоўчы цэлымі днямі ездзіў прымаць сена ад палешукоў для графа Патоцкага; паненкі, напэўна, разглядалі, а можа, чыталі яго кнігі. Хата пана падлоўчага выглядала так, як бы хацела сказаць настаўніку: «Хлусіш! Ты ўсё ж такі да мяне прыйдзеш».