- Што за насланне! - прамовіў сам сабе Лабановіч. - Або ў мяне няма сілы ўзяць сябе на павадок?.. Яловыя шышкі! Сказаў сёння: гарэлкі піць не буду, і не піў. А сказаў, не пайду да Ядвісі, значыцца, і быць так!
Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Іграў ён зусім слаба, але ўзяўся за скрыпку, каб разагнаць думкі. Ён нават імкнуўся выявіць ігрою свой настрой, але з гэтага нічога не выйшла. Скрыпка, як зазначыў сабе сам музыка, раўла, нібы галодная жывёліна, загледзеўшы свайго гаспадара. Ён кінуў скрыпку на стол, звярцеў папяросу і, момант падумаўшы, адзеўся, узяў палку і пайшоў.
У кухні каля грубкі стаяла бабка, а на зэдліку пры стале сядзела яе прыяцелька Наста.
- А куды ж гэта вы, панічок? - запыталася бабка.
- Пайду, бабка, лавіць таго чорта, што твайго Міхалку напалохаў, - сур'ёзна адказаў Лабановіч і выйшаў на двор.
Ужо даўно звечарэла, і ў хатах усюды свяціліся агні.
У адным канцы сяла, ад пераезда, спявалі вясковыя дзяўчаты, і водгулле іх аднатоннай песні, адбіваючыся дзесь каля чыгункі, даносілася сюды цэлымі хвалямі мяккіх жалобных гукаў. Простыя матывы, крыху змякчаныя адлегласцю, хвалявалі маладога настаўніка, як нейкі няясны прываб, і разам з гэтым паглыблялі яго смутны настрой. Цёмны лес, што стаяў недалёка за вёскай і глядзеў хмурна, як бы казаў: «Не слухай ты гэтых песень: у іх твая атрута. Уцякай ты адгэтуль - тут усё пранята атрутаю сэрца». Але настаўнік стаяў і слухаў дзявочыя песні.
«Чаму яны такія жаласныя? Чаму мала разнастайнасці ў іх матывах, так мала, што трудна сказаць, аб чым спяваюць дзяўчаты: аб смутку ці радасці, бо калі толькі ні пачуеш іх спевы, яны заўсёды невясёлыя? Ці не аднатоннасць тутэйшага краявіду, гэтыя доўгія, бясконцыя дарогі між лясоў і балот адбіліся на іх?»
За колькі крокаў ад Лабановіча, вынырнуўшы з цемнаты, без шуму, як цень, выступіла жаночая постаць. Параўняўшыся з агароджай школы, яна прытрымала крок, пайшла павальней, прыглядаючыся на вокны кватэры настаўніка. Вокны свяціліся: выходзячы, настаўнік забыўся патушыць лямпу.
Угледзеўшы настаўніка ці толькі дагадваючыся аб тым, што гэта ён, жанчына прыбавіла крок, ледзь падаючыся ў бок Лабановіча. Цёмная постаць, крыху адышоўшыся, павярнула назад і накіравалася да настаўніка.
- Вам, мусіць, нявесела аднаму? - спытала жанчына ціха глыбокім маладым голасам, у якім чуўся нейкі прывабны смех.
Лабановіч пачуў, што галава яго закружылася, як бы ад хмелю, а ў крыві і па ўсім целе нібы прабеглі іскры. Ён быў ужо крыху папярэджан і ведаў, што па глухіх вёсках Палесся, у звязку з так званаю «культураю», сустракаліся такія маладзіцы, якія набіваліся самі на кампанію. Цэлы віхор розных пачуванняў пранёсся ў маладым хлопцу. Але ён перамог сябе і груба адказаў:
- Ці не думаеш ты, што мне было б весела з табою?
Маладзіца, відаць, не чакала такога адказу. Яе жаночае самалюбства было моцна абражана гэтым грубым адказам і балюча ўшчымлена. Але яна не паказала гэтага.
- Ха-ха-ха! - засмяялася яна спакусным смехам. - Хіба ж вы святы або калека? - І ўжо другім тонам, з відочнай знявагай дадала: - Вы, можа, думаеце, што я ішла дзеля таго, каб вас развясельваць?
Лабановіч, раз стаўшы на пэўны грунт і пачуўшы сябе таксама ўколатым, ужо не мог змяніць тон і лінію паводзін і ў нейкай злосці, трасучыся, сказаў:
- Няма чаго тут табе паказваць зубы, бо я іх усё роўна не бачу і бачыць не хачу.
Лабановіч чуў, што ён гатоў падскочыць да гэтай спакусніцы, каб пагнаць яе ў шыю. Таксама не ручаўся ён і за іншы вынік, і, каб быць далей ад спакусы і захаваць чыстым сваё імя як настаўніка, ён борздымі крокамі пайшоў праз вуліцу, накіроўваючыся ў той бок, дзе была старая карчма, якраз па дарозе ў Сяльцо.
Маладзіца хіхікнула ўслед, і да яго даляцелі словы:
- Гэта мужчына: ад бабы ўцёк... Неданосак! Стоптаны лапаць!
Настаўнік ішоў і тросся, як у хвэбры, бо ўся гэта праява яго дужа ўсхвалявала. Як толькі ўлеглася абурэнне, ён пачынаў каяцца ў сваёй грубасці з гэтай незнаёмай жанчынай. Хіба яна вінавата, што яе зрабілі такою розныя прахвосты, пацяробкі культуры? Хіба нельга было б ухіліцца ад яе больш далікатным спосабам, растлумачыўшы ёй усю гразь і ўвесь бруд гэтага лёгкага заработку? Цяпер яна смяецца і не сціскаецца ў розных мянушках па яго адрасу. І мае права, бо гэта права дала яго грубасць. Ну, што ж? На другі раз трэба быць больш уважлівым да чалавека, хто б ён ні быў.