Выбрать главу

Так разважаючы, дайшоў ён да карчмы, што была пабудавана яшчэ ў даўнейшыя часы, тады, калі аб манапольках нікому не снілася. Цяпер гэта карчма дажывала разам са сваім гаспадаром, старым Абрамам, апошнія дні. Не было патрэбы адбудоўваць карчму і не было каму заступіць месца старога шынкара: сыноў Абрам не меў, а дочкі павыходзілі замуж.

Лабановіч кожны раз, праходзячы тут, мімаволі зварачаў увагу на гэта месца і на гэту заняпалую карчму з пакрыўленымі сценамі і пагнутым дахам. І тое, і другое, як нельга лепей, стасавалася адно з другім. Месца было глухое і пустое і кожны раз выклікала ў настаўніка адно і тое пачуванне і пакідала адно і тое ўражанне. З чаго яно складалася і якая была яго сутнасць, выявіць і вызначыць было вельмі трудна, але вынікала гэтае ўражанне, відаць, таму, што ў самой мясціне было нешта варожае, непрыветнае і смутнае па сваім характары. Цікава і тое, што ніхто з сялян не будаваўся тут, нягледзячы на ўсе выгады гэтага месца. Старая карчма і яе гаспадар як бы адной нагой ступалі ўжо на край магілы. А гэта, разам усё ўзятае, хіліла думку настаўніка да заключэння, што на свеце ёсць нейкія розныя пачаткі жыцця. Адны з гэтых пачаткаў вызначаюцца ў бясконцых формах жывых арганізмаў, а другія - адбіліся ў так званай нежывой прыродзе. Але пакуль такія пачаткі не асочаны і не даследаваны як мае быць, яны і не паддаюцца нашаму разуменню, яны жывуць у нашых пачуваннях. Пачуванне ж ёсць папярэднік розуму ў доследах і вызначэннях сутнасці рэчаў.

Мінуўшы старую карчму, Лабановіч прыпомніў фразу, якая зляцела з языка, калі ён выходзіў з кухні: «Іду, бабка, лавіць таго чорта, што твайго Міхалку напалохаў». Якраз гэта і было месца, дзе, па словах бабкі, Міхалку налучыла тое здарэнне, пасля якога ён ледзь не памёр. Паставіўшы ўсё гэта ў звязак з тым фактам, што ён прыйшоў іменна сюды, не маючы гэтага ў мыслях, Лабановіч здзівіўся і зацікавіўся. «Куды ж я іду і чаго іду?» - спытаў ён сябе і спыніўся, азірнуўшыся вакол.

Было ціха, глуха і пуста, і толькі ў карчме быў відзен агонь. Лабановіч мімаволі пачуў нейкі страх. Яму прыпомнілася апавяданне бабкі. Разумеецца, гэта глупства. Міхалку мог напалохаць які-небудзь дзяцюк, помсцячыся за дзяўчыну, да якой хадзіў Міхалка. Але цікава, наогул, скуль бяруцца гэтыя страхі! Вось ён, настаўнік, не мае веры, што ёсць нейкая таемная варожая сіла, існуючая незалежна ад чалавека, але ён чуе ўплыў на сабе нейкага страху. Калі ён прыйдзе сюды ўдзень, гэтага ўплыву не будзе. Уся справа ў тым, што і другая ноч закрывае сваім змрокам яшчэ многа пытанняў, якія стаяць у звязку з псіхічнымі праяўленнямі чалавечага жыцця.

Нягледзячы на ўсе гэтыя разважанні, Лабановіч чуў, што яму страшна, што яму бракуе сілы павесці змаганне з гэтым страхам. «Пакліч да сябе нячыстую сілу», - казала яму нейкая думка, але настаўнік прыкінуўся, што не чуе голасу гэтай думкі, і разам з гэтым пачуваў яшчэ большую жудасць. «Калі ў цябе не хапае на гэта смеласці, прыслухайся: ты штось пачуеш», - прывязалася да яго гэта думка. «Ну, што ж? - прамовіў сабе Лабановіч. - І буду слухаць!» І ён унікліва стаў прыслухоўвацца. Тая ж самая ціш, тая ж глушыня. «Чэрці, чэрці! пакажыцеся!» - ціхенька паклікаў ён і зноў стаў прыслухоўвацца. Усё было ціха, ніхто не аклікаўся, ніхто не паказваўся. Нервы настаўніка былі моцна напружаны, і ён чуў, што калі саступіць з нейкага пункта, на якім ён ледзь-ледзь трымаўся, то пападзе ў поўную абладу страхаў і пусціцца ўцякаць з гэтага месца. Ён павярнуў назад да карчмы і пайшоў, прыбаўляючы кроку. Каля карчмы затрымаўся, падумаў і павярнуў да старога Абрама. Там ён прысеў, папрасіў бутэльку піва і, крыху супакоіўшыся, пайшоў у школу.

XIV

Напярэдадні Міколы сабраўся Лабановіч да свайго сябра Турсевіча і пайшоў на раз'езд. Дзяжурыў якраз Сухавараў. Ён запэўніў настаўніка, што праз паўгадзіны прыйдзе таварны поезд, з якім і можна будзе паехаць. Сухавараў распытаўся, як здароўе панны Ядвісі, як жыве сам настаўнік, як часта бачыцца ён з паненкамі. І тут жа пахваліўся, як гэтымі днямі залучыў ён да сябе адну маладзіцу. Лабановіч прыпомніў сваё не вельмі даўнае спатканне на вуліцы з незнаёмай жанчынай, і яму стала непрыемна слухаць усю гэтую брудную споведзь.

- Выбачайце, - спыніў яго Лабановіч, - нашто вы ўсё выкладаеце?

- А хіба вы не любіце слухаць такія рэчы?

- А што ж тут можа быць цікавага?

- Чаму? - спытаў Сухавараў і зірнуў на настаўніка сваімі шэрымі памаўзлівымі вачамі з выяўным насмяханнем.

Настаўнік у сваю чаргу паглядзеў яму ў вочы. Не падабаўся яму гэты твар самаздаволенага самца і гэтыя адвіслыя мокрыя губы з паднятымі ўгару чорнымі вусікамі.