- Такія разумныя рэчы не кожнае вуха пачуе, - адказаў Лабановіч. - Адным словам, галава твая міністэрская!.. І дазволь мне, вялікі пустэльніча і мой настаўніча, сказаць колькі слоў на гэты выпадак?
- Валяй!
Лабановіч падняўся, састроіў важную міну і пачаў:
Люблю я слухаць шум ад таркі -
Дзяруць картофлю на бліны,
У печы піск люблю ад скваркі -
Прынадна пахнуць мне яны.
Няхай злуе айцец духоўны,
Няхай суліць мне пекла ён, -
Люблю я больш, як звон царкоўны,
Скаварады аб прыпек звон.
- Ха-ха-ха! - зарагатаў Турсевіч. - Ах ты, багахульнік! Толькі ў Цельшыне і можна дадумацца да гэтага:
Люблю я больш, як звон царкоўны,
Скаварады аб прыпек звон!
Лоўка, далібог, лоўка!.. Ну, я зараз!
Турсевіч выбег у сенцы, а адтуль да гаспадыні з загадам прыгатаваць вячэру і зараз жа вярнуўся.
- А ведаеш, Лабанок, - таемна прамовіў Турсевіч, панізіўшы голас, - можа б, ты выпіў чарку?
- Мілы ты мой друг! Мала таго што галава твая міністэрская, дык ты яшчэ і чараўнік, адным словам - кудзеснік! - натхнёна прамовіў Лабановіч. - Чаму ж не выпіў бы, як кажа мая бабка?
- Дык, кажаш, добра было б выпіць? - спытаў з нейкаю сур'ёзнасцю Турсевіч.
- А які ж дурань асмеліцца сказаць, што нядобра?
- Дык няма ж, братка!
Твар Лабановіча крыху выцягнуўся.
- Ха-ха! - аж прысеў Турсевіч ад смеху, потым усхапіўся, не перастаючы смяяцца і паказваючы на сябра пальцам.
- Абязвечыў ты мяне гэтым, - прамовіў Лабановіч, спаўшы з настрою.
- На тое ж я кудзеснік, - не пераставаў смяяцца Турсевіч.
Ён падышоў да шафіка, пакапаўся ў ім і важна выцягнуў адтуль паўбутэльку.
- Не журыся, брат! - сказаў ён і патрос паўбутэлькай.
Пакуль смажыліся скваркі, Турсевіч падгатаваў стол да вячэры.
- Што, можа, твая бабка патрапіць так зрабіць? - спытаў Турсевіч сябра, як толькі Лукашыха прынесла вячэру.
- Затое ж мая бабка шаптаць умее.
- Шаптаць-то яна ўмее, але капусты зварыць не патрапіць. Ведаю тваю бабку.
Сябры селі за стол. Выпілі па чарцы.
- Ну, закусвай, брат!
Увесь час ішла самая вясёлая, самая жывая бяседа. Гаварыў, галоўным чынам, Турсевіч. У яго была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Апрача гэтага, ён меў здольнасць намаляваць і жыва паказаць той ці іншы персанаж.
Турсевіча вельмі насмяшыла адно здарэнне на чыгунцы, і аб гэтым апавядаў ён цяпер Лабановічу.
Справа датыкалася аднаго кантроля, вельмі адданага служакі. Захацелася яму злавіць аднаго старасту на чыгунцы. А стараста, трэба сказаць, быў жулік: прыпісваў лішніх рабочых, каб іх плату палажыць сабе ў кішэню. Налятае гэты кантроль. Старасты пры рабочых не было - дзесь у будцы сядзеў. Пералічыў кантроль рабочых і хацеў знячэўку на старасту наляцець, каб праверыць яго кніжку. Але выпадкова была тут дачка старасты. Дзяўчына пусцілася ў будку бацьку папярэдзіць, а каб кантроль не здагадаўся, яна бокам дарогі пабегла. Кантролю тут і цюкнула. Ён за дзяўчынаю! Бяжыць уперадзе дзяўчына, узняўшы падол, а за ёю, як ганчак за зайцам, кантроль чэша. І дабеглі яны да будкі, праве, адначасна.
- Паказвай запісную кніжку! - загрымеў кантроль да старасты і ніяк духу перавесці не можа. - Я аддам цябе пад суд!
- Я на вас падам у суд, - спакойна адказаў стараста. - Бо вы ганяліся за маёю дачкою, хацелі яе згвалціць.
Кантроль вырачыў вочы, як бы яго даўбешкаю агрэлі.
- І пабачым, каму ад гэтага будзе болей нясмачна, - казаў усё так жа спакойна стараста. - Я дзесяць сведак пастаўлю, і кожны пацвердзіць, чаго вы за дзяўчынаю ганяліся.
XV
Сябры скарысталі вясёлы свой настрой для розных смешных успамінаў і далі волю нестрыманаму смеху.
- У нас сёння дзень не прапаў дарма, бо ў гэты дзень мы многа смяяліся, - заўважыў Лабановіч, - Ніцшэ вуснамі свайго Заратустры казаў: «Той дзень, калі вы не смеяцеся, прападае для вас».
- У такім разе ў нас, брат, многа прападае дзён, - ужо сур'ёзна адказаў Турсевіч. - Бывала, увосень сядзіш адзін гэты доўгі вечар. За акно зірнеш - цемра. Дождж. А кроплі ўсё плюскацяць і плюскацяць пад капяжом, нібы там плача хто, і нейкія асаблівыя думкі пачынаюць валодаць табою. Заўваж, дружа, іменна асаблівыя думкі. Яны выходзяць як бы не з твайго мозгу, а табе іх насылае нехта, каго няма, але прысутнасць яго нібы адчуваецца. І вось уб'юцца ў галаву такія думкі і, бог ведае, аб чым не гамоняць табе! А вось, як гэтыя бярозы каля хаты пачнуць шумець! Ведаеш, брат! Чалавек, скажам, прывыкае да жывёлы. Гаспадару часта шкада разлучыцца з канём, ці з кароўкаю, або з сабакам не затым, што яны для яго карысны, а проста па прывычцы. Але можна прывыкнуць не толькі да жывёлы, а і да дрэва, як я, напрыклад, прывык да гэтых старых бяроз, што стаяць на шляху каля хаты. І вось кажу, калі зашумяць яны сваім голым веццем, то я чую нейкі жаль. Мне здаецца, што яны чагось смуткуюць і аб чымсі скардзяцца і што яны таксама нешта пачуваюць, іменна пачуваюць. І ў такія вечары ўжо не засмяешся... І многа ў нас такіх вечароў! - Апошнія словы Турсевіч прамовіў у нейкім засмучэнні.