Лабановіч уважліва слухаў сябра і зацікавіўся ім. З гэтага боку, з боку такой тонкай чуласці і лёгкага містыцызму, ён бачыў яго першы раз, дасюль лічачы яго чалавекам пераважна рэалістычнага складу.
- Тваю думку аб бярозах я хацеў бы пашырыць і паглыбіць. Я хачу запытаць у цябе - ці думаў ты калі-небудзь над тым, або проста - ці кідаўся табе ў вочы той факт, што прырода вакол нас... Я не ведаю, як выказаць маю думку... Ну, што ў яе ёсць нейкае сваё свядомае жыццё? Якое яно, я не ведаю. Можа, гэта, як у мяне, напрыклад, ёсць перажытак дзяцінства. Але і цяпер я ніяк не магу вызваліцца ад гэтага пачуцця, што прырода мае нейкае сваё свядомае жыццё. Ёсць такія мясціны, іх я знаходжу ўсюды, дзе ні бываю, да якіх мяне не горне, я не магу з імі зжыцца, прывыкнуць да іх. Я зварачаў увагу на тое, што ёсць такія мясціны, дзе птушкі не хочуць гняздзіцца і спяваць, а стараюцца абмінаць іх.
- Ёсць, брат, штось такое, - сказаў Турсевіч.
- І вось, брат, як пачнеш на адзіноце думаць, чорт ведае да чаго дадумаешся. Накруціш свае нервы так, што пачынае цябе жудасць пашыбаць. І ўсе гэтыя таямніцы, можа, не больш і не менш як вынік туга накручаных струн-нерваў.
- Мы прывыклі, дружа, - мякка сказаў Турсевіч, - адбаярвацца агульнымі выразамі там, дзе наш розум не можа адолець, пераступіць нейкія парожкі, якія адгароджваюць ад яго тое, чаго мы не ведаем. І ў адных выпадках мы гаворым: «Гэта - нервы». У другіх: «Аб гэтым ужо і закон так кажа, значыцца, тут трэба спыніць свой розум»; або - «Гэта злучэнне акалічнасцей», «Пад такою планетаю радзіўся» і многа іншага глупства. І часта які-небудзь незразумелы факт мы тлумачым яшчэ больш незразумелымі злучэннямі слоў і думаем, што сказалі нешта надта разумнае, а другія згаджаюцца з гэтым і здавальняюцца. А між тым усе гэтыя сляпыя агульныя выразы вельмі шкадлівы, бо яны звязваюць уніклівую думку чалавека, заспакойваюць і закалыхваюць яе, як закалыхваюць крыклівае дзіця, і не даюць ёй ходу там, дзе трэба разгарнуць дзейнасць, каб дашукацца прычыны. І, такім чынам, праз сям'ю, а потым і праз школу, наш розум прывучаецца пасіўна ўспрымаць такія з'явы, якія далёка не даследжаны і не растлумачаны. Дзяцей часта асякаюць старэйшыя ў сям'і, калі яны прыстаюць з запытаннямі, то вельмі наіўнымі, то часамі занадта замыславатымі. А несвядомыя настаўнікі ў школах таксама забіваюць у вучнях усё тое, што не ўкладаецца ў асадкі падручнікаў або выходзіць за межы знаўства саміх педагогаў. А гэта, усё разам узятае, вядзе да таго, што мы падпадаем пад абладу слоў і не маем волі для пратэсту супраць гвалтоўнасці над нашым розумам.
Лабановіч слухаў сябра, згаджаўся з ім, як бы Турсевіч выказваў яго ўласныя думкі. Разам з гэтым і нейкае засмучэнне закрадалася яму ў душу.
- Ведаеш, брат, - сказаў ён. - Вельмі добра хоць зрэдку сустракацца з жывым чалавекам, пагаманіць, адвесці душу. А то жывеш у глушы, дзе жывога слова не пачуеш, жывеш адзін. І думкі розныя бываюць; мігатнуцца ў тваёй галаве, як цень на зямлі ад лёгкай хмаркі, і забудуцца, як бы асуджаныя на зніштажэнне. А гэты дробны клопат штодзённага жыцця, нецікавага, часта пустога і нікчэмнага, прыніжае цябе, выціскае з цябе ўсё больш вартоўнае. І вось цяпер, калі я крыху адышоўся ад свайго Цельшына і зірнуў на яго збоку, то гэта глуш, што цікавіла мяне спярша, пачынае здавацца варожаю і наводзіць на мяне нейкае засмучэнне, як бы я ў ёй або яна ва мне чуем непрыяцеля. Чым болей я жыву там, тым больш пачуваю, што затрымацца там на доўгі час у мяне не хопіць сіл.
Лабановіч замоўк і задумаўся. Вочы яго сталі нерухлівымі і пазіралі ў адзін пункт. Перад ім устаў вобраз панны Ядвісі. «Не, брат: не ведаеш ты, чым мне мілая гэтая глуш, ды я табе пра гэта не скажу», - думаў Лабановіч.
Турсевіч, залажыўшы за спіну рукі, хадзіў ад сцяны да сцяны і таксама аб чымсьці думаў.
- Так, брат, там цяжка. Па сабе ведаю, якая там глуш, - прамовіў Турсевіч. - Вось ты вазьмі: якія-небудзь дваццаць вёрст раздзяляе нашы месцы, а якая розніца! Тут зусім іншае: не той выгляд прыроды. Мы заўтра пройдземся, паглядзім... Ніяк, брат, няможна раўняць Случчыны з Піншчынаю. І дзеці ў школе не тыя. У іх больш сардэчнасці, больш, ведаеш, гэтай чалавечнасці, а твае палешукі - проста звяркі.